Васіль Бондар
Дарадца па пытаннях культуры, адукацыі, навукі і гуманітарнага супрацоўніцтва Пасольства Украіны ў Рэспубліцы Беларусь
Самабытнасць кожнай нацыянальнай культуры валодае абсалютнай каштоўнасцю. У сваёй культуры ўсялякі народ ярка выяўляе ўсю сваю індывідуальнасць, свой духоўны і творчы патэнцыял, сваю мараль, свой светапогляд, сваё адчуванне свету і сваю місію ў ім.
Калі разглядаць народ як калектыўную асобу, неабходна прызнаць для яго і абавязковасць самапазнання. «Пазнай самога сябе» і «будзь самім сабой» – гэта два аспекты аднаго і таго ж сцверджання. Нацыя можа пазнаць саму сябе, калі яе духоўная прырода, яе індывідуальны характар знаходзяць сабе найбольш поўнае і яркае выяўленне ў самабытнай нацыянальнай культуры. Стварэнне цэласнай, гарманічнай нацыянальнай культуры, а ў сучасную эпоху глабалізацыі – яшчэ захаванне і развіццё ўласных культурных традыцый і каштоўнасцей выступаюць заданнем для кожнага народа.
Самая глыбінная народная сутнасць выяўляе сябе перадусім у розных формах традыцыйнай культуры, у яе этнаграфічным пласце – у спаконвечных народных святах, песнях, прыказках і прымаўках, у міфалогіі, але ў першую чаргу – у нацыянальнай мове. Мова народа – гэта аснова яго як такога, гэта фундамент нацыянальнага светапогляду, перадумова гарманічнага і свабоднага развіцця нацыі.
Даследаванне праблемы захавання нацыянальнай самабытнасці ў кантэксце развіцця сучаснага міжкультурнага дыялогу патрабуе суаднясення сацыякультурнага вопыту і асноўных напрамкаў культурнай палітыкі блізкароднасных, суседніх народаў – украінскага і беларускага, якія маюць шмат агульнага ў гісторыі, менталітэце, культурных здабытках і каштоўнасцях, нацыянальных традыцыях і ідэалах, а таксама ў дзяржаўным будаўніцтве і міжнароднай практыцы.
Урэшце, наяўнасць такога сумеснага ўкраінска–беларускага геакультурнага арэалу, як Палессе, таксама надзвычай спрыяе добраму ўзамаразуменню нашых народаў.
Украінскі і беларускі міжкультурны дыялог мае даўнія традыцыі і вымагае свайго працягу, а таксама сумеснага вырашэння актуальных праблем, у тым ліку ў сферы сацыякультурнай, дзе абмен вопытам носіць узаемаўзбагачальны характар не толькі для дзяржаўна-палітычнай практыкі, але і для ўласна навукі, адукацыі, культуры. Важна папулярызаваць беларускую культуру і гуманітарную навуку ва Украіне, а ўкраінскую – у Беларусі.
І ўкраінцам, і беларусам належыць выпрацаваць такую стратэгію культурнага развіцця, якая б грунтавалася на аналізе ўласнага і сусветнага сацыякультурнага вопыту, у першую чаргу блізкіх нацый, якімі ў дадзеным выпадку выступаюць нацыі ўкраінская і беларуская, а таксама на актыўным, канструктыўным, узаемаўзбагачальным міжкультурным дыялогу (у яго лакальным і рэгіянальным вымярэннях), без якога культура ў сённяшнім свеце непазбежна пераўтвараецца ў правінцыйную.
Пасольства Украіны ў Рэспубліцы Беларусь робіць усё магчымае, каб мы лепш пазнавалі адзін аднаго, а праз гэтае – і сябе.
Пераклад на беларускую мову
Любові Уладыкоўскай