Мар’ян Серватка. Прывітальнае слова. Цыкл “Як захаваць культурную самабытнасць?”

 Мар’ян Серватка

 Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Славацкай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь

 Мой тэкст гэта не рэферат і не вынік даследавання па надзвычай актуальнай і цікавай тэме культурнай самабытнасці. Прашу ўспрымаць яго як пэўную інфармацыю аб славацкім вопыце, нататкі да дыскусіі, вехі для развагаў. Дзякую за запрашэнне на сённяшні семінар і прашу прыняць запэўніванні ў маёй глыбокай павазе і ўдзячнасці арганізатарам за руплівы клопат пра захаванне культурнай спадчыны.

Справа ясная: пад уплывам глабалізацыі, у нашым выпадку культурнай глабалізацыі, назіраецца пагроза нацыянальным культурам, і перш за ўсё гэта датычыць культур малых нацыянальнасцей.

 Культурная глабалізацыя адрозніваецца сваёй сістэматычнасцю і на гэтай стадыі ненавязлівасцю, што парадаксальна таксама зяўляецца часткаю пагрозы, так як грамадства не заўсёды адчувае згаданую пагрозу.

 Культурная глабалізацыя ажыццяўляецца праз моцныя СМІ: тэлебачанне, радыё, інтэрнэт, прэсу. Культурная глабалізацыя пакідае бачныя вынікі ў сферы тэлевізійных фільмаў, серыялаў, забаўляльных праграм, а таксама ў сферы попмузыкі. Сродкам камунікацыі, дзе больш за ўсё пашыраецца глабалізацыя, выступае англійская мова.

 Да абектаў, якія найбольш падвяргаюцца пагрозе, можна аднесці нацыянальныя мовы малых народаў, дыялекты, фальклор, а таксама іншыя праявы нацыянальнай культуры, такія, як, напрыклад, архітэктура.

 Пагроза самым яўным чынам выяўляецца ў дыялектах, якія пад уплывам унутрыдзяржаўнай ці міжнароднай міграцыі і ўрбанізацыі знікаюць проста на нашых вачах. Некаторыя існуюць толькі ў выглядзе зафіксаваных запісаў, слоўнікаў дыялектаў. Узнікаюць новыя гарадскія мовы, макрадыялекты, але ўсё гэта чысты эфект глабалізацыі. Мэтавым абектам эфекту глабалізацыі зяўляюцца нацыянальныя мовы, для гэтага каштоўнага нацыянальнага багацця рызыка пагрозы найбольшая. Я ні ў якім разе не хачу знізіць гэтую рызыку ў дачыненні да твораў мастацтва, напрыклад, кінамастацтва (я маю на ўвазе народную папулярнасць танных серыялаў). У мінулым некаторыя мовы знікалі ці знаходзіліся пад пагрозай гвалтоўнай або негвалтоўнай (культурнай) асіміляцыі, прыклад – сітуацыя з лужыцкасербскай мовай у Германіі. У глабальным асяроддзі мовы падвергнутыя прытоку новых замежных слоў, тэрмінаў і выразаў, якія становяцца моднымі.

 У мінулым я цікавіўся сацыялінгвістыкай, даследаваў з гэтага пункту гледжання мову славакаў у Спішы (Польшча). Мяне зацікавілі працы па білінгвізму. У літаратуры я знайшоў такі прыклад: AbABBAB. А – гэта аўтахтонная мова меншага народа ў суседстве з мовай В – мовы мацнейшай, больш вядомай. Спачатку мова В толькі паралельна функцыянуе з мовай А, пазней жа іх функцыі выроўніваюцца, і далей мова Взаймае першасную пазіцыюі, нарэшце, выцясняе мову А у сферу неафіцыйнай, прыватнай камунікацыі.

 Не мова В апынаецца на ўзбочыне, на другім плане, а мова А. Жыццёвая практыка даказвае, што ўраўнаважаны, рэальны білінгвізм доўга не існуе. Заўсёды адна з моў з’яўляецца больш прыярытэтнай, успрымаецца «больш культурнай», «багацейшай», «вышэйшай»…

 Існуюць малыя народы, да іх адносіцца і славацкі, якія маюць гістарычны досвед страты нацыянальнай ідэнтычнасці і мовы. Я маю на ўвазе хутчэй палітычную пагрозу, а не глабалізацыйную, аднак сёння з вопытам гэтых народаў таксама трэба лічыцца.

 Славакія была часткаю Венгрыі (Аўстра-Венгрыі), дзе, як вядома, жылі невенгерскія нацыянальнасці, якія асабліва прыгняталіся ў XIX стагоддзі. Так, у 1874–1875 гг. былі зачыненыя тры славацкія гімназіі, забароненаМаціца Словеньска, якая была чымсьці накшталт славацкага міністэрства культуры, а таксама міністэрства асветы, нацыянальнай бібліятэкі і акадэміі навук. Славацкая мова была афіцыйна забароненая венгерскімі ўладамі ў школах і касцёлах.

 Спробы славакаў вярнуць сваю мову і незалежнасць, апроч славацкіх патрыётаў, на міжнародным узроўні асабліва падтрымалі нарвежскі пісьменнік Б.Бьёрнсан, Нобелеўскі лаўрэат, і шатландскі публіцыст, гісторык Сетон Уотсан.

 Славакаў ад моўнай асіміляцыі выратавала ўзнікненне ЧэхаСлавацкай Рэспублікі ў 1918 г.

 Наш гістарычны вопыт вучыць, што пагроза для нацыянальнай мовы – гэта ў першую чаргу пагроза для існавання народа як такога.

 Доўгатэрміновае дзеянне тэндэнцый глабалізацыі будзе парушаць і збядняць культурны фонд асобных народаў і ўсяго чалавецтва. Вось чаму так важна звяртаць увагу на тую праблему, якая ўздымаецца сёння на гэтай сустрэчы.

 Пераклад на беларускую мову

 Любові Уладыкоўскай