Фларыдскія акварэлі

Распачынаем серыю публікацый Любові Уладыкоўскай, у якіх аўтар раскажа і пра сваю працу ва Універсітэце Фларыды (ЗША), і пра сваё бачанне амерыканскага ладу жыцця. Ілюстрацыі да эсэ запрашаем паглядзець у фотагалерэі.

“Толькі не ў Фларыдзе!”

Падарожжа ў Злучаныя Штаты мне заўсёды прыносіла асалоду. Кожны новы штат – гэта як новая неспазнаная краіна са сваімі законамі, культурнымі традыцыямі, гісторыяй, этнічным складам, са сваёй эканомікай і кліматычнымі ўмовамі. Разнастайнасць уражвае. Можна зразумець, чаму амерыканцы такія патрыёты і не маюць вялікай патрэбы пакідаць межы сваёй краіны, каб лепш зразумець свет: у Амерыцы ёсць усё! Практычна ўсе кліматычныя зоны і прыродныя ландшафты, усе чалавечыя расы і іх помесь, этнічныя культуры з усіх кантынентаў, самыя разнастайныя паслугі і тавары вытворчасці вядомых і экзатычных краін, увесь спектр рэлігійных і палітычных плыняў… Ды ўсё, што толькі існуе на нашай планеце! Але ў Амерыцы ёсць тое, чаго няма або амаль няма нідзе: па – першае, само спалучэнне ўсёй гэтай і тут не ўзгаданай разнастайнасці, па-другое, маштабнасць, універсалізм і глабальныя падыходы, па-трэцяе, самае лепшае, прагрэсіўнае, новае, што толькі існуе ў навуцы, тэхніцы, сацыяльным уладкаванні.
Такія перакананні ў мяне склаліся пасля папярэдніх наведванняў ЗША і вывучэння адпаведнай літаратуры. Цікава, ці зменяцца мае погляды падчас паўгадовага знаходжання ў штаце Фларыда і працы ва Універсітэце Фларыды, і калі так, то ў які бок? Мае папярэднія веды пра штат Фларыда абмяжоўваліся стандартнымі ўяўленнямі пра Маямі і іншыя сусветныя курорты, гарачы вільготны клімат, маскітаў і блізкасць Мексікі.

І вось, 01 снежня прызямляюся ў аэрапорце невялікага гарадка Гейнсвіл. Галоўны ўніверсітэт штата знаходзіцца менавіта тут, гэта практыка Злучаных Штатаў і некаторых еўрапейскіх краін: лепшыя ўніверсітэты размяшчаюцца ў малых гарадах, і асноўныя сістэмы гэтых населеных пунктаў (транспартная, гандлёвая, жыллёвая і інш.) звязаныя з універсітэцкім жыццём.

Адразу здзіўляе адсутнасць чаканай таблічкі з маім прозвішчам і звыклых фармальнасцей: верагодна, маленькі рэгіянальны аэрапорт павінен “выдаць” мяне лёгка і без турбот. Аднак жа не: прадстаўнік універсітэта, дзе я мушу займацца навуковымі даследаваннямі ў сферы міжкультурнага дыялогу, з маім фота ў тэлефоне падыходзіць да некалькіх жанчын з пытаннем, ці не іх гэтае фота, аж пакуль урэшце не трапляе да мяне.

…Позні вечар, за акном аўтамабіля ўгадваецца вясёлая шапатлівая лістота дрэў і цёплае, густое паветра (каля +25 С). Вельмі зялёны і ўтульны горад – гэта першае ўражанне. На астатняе проста не хапае ніякіх сіл: хутчэй прайсці рэгістрацыю ў атэлі і ўпасці ў доўгі змораны сон.

Пасля некалькіх дзён перыпетый з пошукамі жылля пасяляюся нарэшце ў вялікім двухпавярховым доме проста ў трапічным лесе. Каля ўваходу – дагледжаны адкрыты лясны басейн, атулены стромкімі дрэвамі, што ледзь не закрываюць неба. Але яно, сінюткае і глыбокае, усё ж такі відаць і адлюстроўваецца ў такой жа сіняй і чыстай вадзе, што ўжо ў красавіку-маі стане амаль гарачай, а пакуль што, у снежні, тут можна з прыемнасцю асвяжыцца. Фізічную форму добра дапаможа падтрымліваць і сучасны фітнес-цэнтр, усталяваны проста ў лізінгавым офісе, што ў будынку побач.

Абапал дамоў і басейна – пальмы, нязнаныя высокія хвойныя дрэвы, экзатычныя кветкі, процьма дзікіх незнаёмых жывёл, што абсалютна вольна сябе пачуваюць. З імі планую пазнаёміцца бліжэй: трэба ж высветліць ступень іх дружалюбнасці.

Як для мяне адной, то месца ў доме аж зашмат: некаторыя пакоі, па ўсім бачна, будуць пуставаць. Штомесячная арэндная плата складае каля тысячы даляраў, але таннейшае, меншае жыллё на паўгода знайсці вельмі цяжка, звычайна дамы і кватэры здаюцца ў арэнду як мінімум на год, да таго ж у снежні ўжо ўсё занятае студэнтамі, якія складаюць ільвіную долю насельнікаў горада.

У доме два ванныя пакоі, тры restrooms, дзве спальні. Два балконы і тэраса. Вялікая зала – living room – каля 60-70 квадратных метраў, з новай гранітнай падлогай, хоць ты заняткі танцамі праводзь. На кухні і велізарны халадзільнік, і навейшай маркі мікрахвалёўка і электрапліта, і пасудамоечная машына, і іншае сучаснае абсталяванне. Пральная машына і сушка для адзення – у будынку побач, вельмі зручна. А сваю спальню абсталёўваць трэба самой. Ёсць два вялікія гардэробныя пакоі для адзення (з паліцамі і плечыкамі). Падлога на другім паверсе – з дыванным пакрыццём, гэта мне не зусім падабаецца, бо вільготную прыборку зрабіць складана. Я ўжо купіла шырачэнны ложак і самыя неабходныя рэчы. Думаю, з часам у доме будзе вельмі камфортна. Галоўнае, прасторна – як у княскім палацы.

Увогуле амерыканцы не любяць лішніх рэчаў, усё вельмі функцыянальна. Ніякіх азіяцкіх дываноў на сценах, мінімум аздабленняў. Істотнымі лічацца практычнасць, свежасць і чысціня, дастатковасць прасторы. Гэта ж датычыць і адзення: маюць значэнне простасць, функцыянальнасць, чысціня. Ніякай яркасці ў адзенні, ніякай вычурнасці і “dress to kill”, ніякіх абцасаў у кабет штодня (толькі на ўрачыстасці, і то выключна рэдка), ніякай яркай касметыкі і т.п., усё гэта трактуецца як паказчык адсутнасці густу, пошласць, вульгарнасць. Адзенне павінна мяняцца кожны дзень, ад яго вымагаецца толькі быць свежым і зручным, таму засціраныя і выцвілыя кашулі – норма. Зрэшты, афраамерыканцы, якіх у Фларыдзе вельмі шмат, а ў маім жыллёвым комплексе “Авіяра” – большасць, любяць яркую вопратку і бліскучыя ўпрыгожанні. Думаю, гэта звязана не толькі з афрыканскай традыцыяй (і ўвогуле традыцыяй паўднёвых народаў: дзе шмат яркага сонца і яркай прыроды, там і чалавек імкнецца быць яркім знешне), але з рабскім, каланіяльным мінулым і беднасцю – паказное “багацце” выконвае кампенсатарную функцыю.

Паўсюль (у дамах і кватэрах, у офісах, крамах, у транспарце і інш.) – кандыцыянеры, тэмпература лёгка рэгулюецца, што вельмі зручна. Праўда, тут, у Фларыдзе, у сувязі з мяккім кліматам жылыя дамы часта будуюцца не так грунтоўна і фундаментальна, як на поўначы, цеплаізаляцыя бывае слабай, і таму за электраэнергію, якой шмат расходуецца на ацяпленне ці на ахалоджванне, даводзіцца часам плаціць даволі шмат – каля 300 даляраў штомесяц. Да таго ж, пазней, падчас майскай спёкі высветліцца, што кандыцыянер не ў стане справіцца з гарачынёй, і ў некаторыя дні тэмпература ў доме ніяк не апускаецца ніжэй за +24-25 С.

У Фларыдзе, як і ўсюды ў Злучаных Штатах, жыллё, харчаванне, стасункі паміж людзьмі, праца і інш. арганізаваныя з максімальнай зручнасцю для чалавека, проста і даступна. Мінімальная бюракратыя, чалавеку вераць на слова, а ў самых важных дакументах дастаткова паставіць подпіс. Праўдзівасць, адкрытасць – норма, тут рэальна дзейнічае прэзумпцыя невінаватасці: усё пабудавана на прынцыпе даверу да чалавека. З фальшам, хлуснёй, крывадушнасцю я ў ЗША не сустракалася ні на персанальным, ні на грамадскім узроўнях. Калі ёсць свабода слова і думання, калі дэмакратыі няма абмежаванняў, калі строга дзейнічае закон і ён адзін для ўсіх, калі даходы і ўсё жыццё публічных людзей і чыноўнікаў празрыстыя і падлягаюць грамадскаму кантролю, калі няма ганебнага квітнення кумаўства і шакуючага непрафесіяналізму, то хлусні і падману няма адкуль брацца.

Як я заўважала і раней, усё тут, у Амерыцы, вялікае: вялікія тэрыторыі, мары, планы і амбіцыі, вялікія дамы і аўтамабілі, велізарныя порцыі ежы (мне даводзіцца браць заўсёды максімум чвэрць, амерыканцы здзіўляюцца, але нармальная порцыя, напрыклад, сандвіча – 25-30 см!), вялікія камплекты і ўпакоўкі, нават шампунь самы хадавы – ці не па літровай бутэльцы. Усё купляецца ў вялікіх аб’ёмах, бо так значна танней (напрыклад, набор з 3-4 патэльняў каштуе столькі ж, колькі адна патэльня). Амерыканцы любяць выказваць еўрапейцам сваё здзіўленне з нагоды вельмі малых порцый ежы ў Еўропе і “драбнаты” пакупак.

Ну і, вядома ж, Амерыка прапануе не толькі велізарны выбар усяго, выбар тут ёсць ва ўсім.

Хаця грамадскі транспарт у Гейнсвіле (аўтобусы) ходзіць рэгулярна (супрацоўнікам універсітэта і студэнтам – праезд бясплатны), аднак жа без аўтамабіля вельмі складана. Мяне ў крамы і іншыя патрэбныя месцы пакуль возяць на сваіх аўтамабілях супрацоўнікі ўніверсітэта, але пазней буду выкарыстоўваць аўтобус і веласіпед (яго яшчэ трэба набыць). Прымаючы бок не адразу зразумеў, што са мной трэба “вазіцца” (адкуль ім ведаць, што ў нас цалкам іншыя рэаліі, што немагчыма, напрыклад, не маючы спецыяльнага еўрапейска-амерыканскага адаптара для электрасеткі, ні Інтэрнэтам карыстацца, ні тэлефонам, і ўвогуле невядома з чаго пачынаць, калі нават сувязі няма), але мая сястра, што жыве ў Вашынгтоне, своечасова і настойліва пасылае паведамленні па электроннай пошце і тэлефануе кіраўніцтву Дэпартамента антрапалогіі, што “Любе трэба тое і Любе трэба гэта”. Верагодна, ва ўніверсітэце пачынаюць думаць, што канца-краю не будзе гэтым Любіным патрэбам, што ў Любы ў Вашынгтоне нейкі вельмі сур’ёзны адвакат, і лепш выконваць яго пажаданні не марудзячы… І выконваюць…

Харчуюся любімымі стравамі: морапрадукты, разнастайная садавіна, ягады і гародніна (пераважна гэта авакада, манга, ананасы, клубніцы, маліна, апельсіны, кавуны, салодкая і чырвоная бульба), свежы апельсінавы сок (4-5 літраў штодня). Тут, як і па ўсёй Амерыцы, няма ніякіх праблем з харчаваннем – сотні разнастайных кафэ на кожным кроку (кухня ўсіх народаў свету) па вельмі даступных цэнах. Дома, як правіла, ніхто не гатуе: час – вялікая каштоўнасць. Канечне, ёсць праблемы фаст-фуду, генамадыфікаваных прадуктаў і лішняй вагі. Але пры жаданні ўсяго гэтага можна пазбегнуць.

На трэці дзень майго знаходжання ў Фларыдзе сям’я новых знаёмых запрасіла мяне на лепшыя сушы ў горадзе ў спецыяльны рэстаран. Афіцыянты – маладыя японцы – вышкаленыя, ветлівыя, услужлівыя. З гатоўнасцю і ўсмешкай падрабязна расказваюць пра спецыфіку прыгатавання і адмысловасць смаку дзесяткаў гатункаў сушы, што прапануе рэстаран, і рэкамендуюць папрысутнічаць пры гатоўцы нашага заказа. Мы ласкава адмаўляемся, бо камунікацыя ў нас не менш цікавая. Размова пра Бразілію, адкуль родам муж сямейнай пары, і пра Фларыду, дзе нарадзілася жонка. Так як мае знаёмыя ніколі не былі ў Еўропе, усе пытанні датычаць параўнанняў Амерыкі (Паўночнай і Паўднёвай) і Еўропы (Заходняй і Усходняй).

Рэстаран стаіць пасярод возера, дзе жывуць алігатары. Адзін (за паўметра ад мяне) неяк вельмі ўжо зацікаўлена пазірае ў мой бок. Хаця мне ясна патлумачылі, што зімовай парой алігатары не галодныя, але ўсё-такі даводзіцца думаць не толькі пра адмысловы смак сушы, але і пра ўратаванне ўласнай скуры…

Увогуле алігатары – сімвал гэтага надзвычай сонечнага штата і сімвал Універсітэта Фларыды, афіцыйныя ж колеры ўніверсітэта – сіні і аранжавы.

Што адразу кідаецца ў вочы тут, у Фларыдзе, – гэта спецыфічны паўднёвы акцэнт, пашыранасць іспанскай (яна тут другая па значнасці і часта ўжываецца паралельна з ангельскай) і партугальскай моў, адсутнасць строгай дысцыплінаванасці і ўпарадкаванасці: адчуваецца моцны ментальны і культурны ўплыў Лацінскай Амерыкі і афраамерыканцаў, трапічнага клімату, а таксама спецыфікі каланізацыі гэтай часткі Амерыкі. “Толькі не ў Фларыдзе!” – часта менавіта так жыхары гэтага штата рэагуюць на словы пра самадысцыпліну, пунктуальнасць, стрыманасць. Агульная расслабляльная атмасфера выліваецца і ў не зусім пунктуальны грамадскі транспарт, і ў частае парушэнне правілаў дарожнага руху, і ў цяжкасці з пошукам жылля: менеджмент у некаторых жыллёвых комплексах пакідае жадаць лепшага (да прыкладу, абяцаецца Інтэрнэт, а потым, калі ўсяляешся, на пытанне пра Інтэрнэт чуеш ад менеджэра адказ “I have no idea!”). Ці, напрыклад, у атэлі атрымліваеш купоны на харчаванне ў межах атэльнага комплексу, але высвятляецца, што ніякіх зніжак гэтыя купоны не забяспечваюць.

Паступова мацнее адчуванне, што месяцамі ў гэтым горадзе можа нічога не рабіцца, не зрушвацца і не выконвацца. Адным словам, праз некалькі дзён знаходжання ў Фларыдзе пачынаю разумець, што трэба і самой расслабіцца і нейкі час адпачыць ад думкі пра магчымасць хуткага пачатку прафесійнай дзейнасці. У гэтым ёсць і станоўчае, бо ёсць час зрабіць неабходныя афармленні, прыстасавацца да клімату і ўпісацца ў мясцовы кантэкст.

Працяг будзе.