Беларуска-амерыканская ініцыятыва

Цэнтр міжкультурнага дыялогу пры падтрымцы Амбасады ЗША ў Рэспубліцы Беларусь з удзелам Міжнароднага фонду “Залатая спадчына Віцебска” і Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі ад 01 ліпеня 2011 г. распачалі міжнародны праект “Беларуска-амерыканскі культурны дыялог: стратэгія развіцця”.

Плануецца правядзенне адкрытага творчага конкурсу “Амерыканская культура: якая яна?” па двух напрамках “Прыцягальнасць амерыканскай культуры” і “Беларускія акцэнты ў амерыканскай культуры” (эсэ, верш, малюнак, фотаздымак), арганізацыя трох круглых сталоў па амерыканістыцы ў Беларусі, беларусістыцы ў ЗША і стратэгіі развіцця міжкультурнага беларуска-амерыканскага дыялогу, а таксама выданне калектыўнай кнігі і арганізацыя міжнароднай выставы.

“Міжкультурны дыялог – міжнародны палітычны прыярытэт і палітычны прыярытэт Савета Еўропы, які засноўваецца на прынцыпах культурнай разнастайнасці, культуры як каталізатары творчасці і культуры як ключавым моманце міжнародных сувязей. Мы выбралі беларуска-амерыканскі напрамак таму, што, па-першае, Злучаныя Штаты Амерыкі застаюцца супердзяржавай, якая ў многім вызначае глабальнае развіццё, па-другое, амерыканскае грамадства – полікультурнае, што сугучнае беларускаму культурна-гістарычнаму фону, па-трэцяе, амерыканскую культуру і нават дзяржаву стваралі прадстаўнікі многіх народаў, у тым ліку беларускага, па-чацвёртае, мы вельмі мала ведаем пра гэтую надзвычай цікавую краіну, веды нашы даволі павярхоўныя і выдатна, што наш беларуска-амерыканскі дыялог – гэта не аднабаковы, а сустрэчны рух. Мы запрашаем да ўдзелу ўсіх зацікаўленых.” – заявіла Л. Уладыкоўская.