Анатоль Старкоў
БЫВАЙ, АМЕРЫКА
Амерыка, бывай!
Вяртаюся!..
Ў рай?!
А можа з раю?
Туды-сюды, як тыя жураўлі,
Ў вырай з выраю ўвесь час лятаю…
Чаго?
Дзеля чаго?
Каб слова гладка ў радок лягло
Для моцнага ўяўлення
Рэальнасці тамтэйшага й тутэйшага жыцця?
А мо трызнення?!
Жыву ж…
Бо тут мая сям’я.
Тут ёсць мой дом,
Тут родны кут,
Тут хата!
Тут!!!
Ды нешта сэрца застагнала…
Ці гэта балбатня дастала?!
Вяртаюся?
Заўжды!
У вольны кут, які мне мiлы –
Забыць Нью Ёрк не маю сілы.
Нарэшце ўсё.
Пішы
А лепш бывай.
Бай-бай, Амерыка!
Гудбай!
МАЛАДАЯ
Падыдзе ледзь чутна
Ў туфлiках беленькіх
Да мары
Сцяжынкай
Звычайнай
Жаночай,
Каб скiнуць сукенку
Вясельную
Й вэлюм,
Ды акунуцца
Ў добраславенства
Ночы.
НАЧАВАЛА З ВЕРАСНЕМ У ЛЕСЕ
Начавала з Вераснем у лесе…
Цёплай ночкай
Месяц прывітаў.
Калыхаў-люляў пакутнай песняй
Вецер.
Дождж у раніцу
Расой й кропелькай слязу змываў.
Развіталася…
Й з Днём кружыла
Мо імгненне,
Мо да Вечара,
Бо зноў
Начавала з Вераснем
У лесе…
Восень?
Дзеўчына?
Любоў?..