Заходні край Еўропы: Партугалія

На мінулым тыдні мы наведалі Партугалію. Муж выступаў з дакладам на Міжнароднай канферэнцыі па біяінфарматыцы і біямедыцынскіх тэхналогіях (Лісабон, 14-16 мая), а мае мэты датычылі міжкультурнай камунікацыі і дыялогу.

Надзвычай цікава было прааналізаваць, якім чынам нацыянальныя традыцыі паўплывалі на тэмы прэзентацый і навуковыя падыходы, тым больш, што на канферэнцыі ўдзельнічалі прадстаўнікі такіх розных краін: Партугаліі, Кітая, ЗША, Даніі, Германіі, Фінляндыі, Польшчы, Індыі, Ірана, Іарданіі, Румыніі, Беларусі, Перу, Японіі, Грэцыі, Францыі, Малайзіі і Егіпта. Глабалізацыя і ўніверсальны характар навукі ў асноўным сціраюць культурныя і ментальныя адрозненні, але, на шчасце, даюць новыя магчымасці, як, напрыклад, каштоўнасць разнастайнасці. Я маю на ўвазе разнастайнасць у культурным аспекце, а не ва ўзроўні жыцця ці агульных каштоўнасцях, як правы чалавека і інш.

Партугалія спадабалася. Мы былі прыемна здзіўленыя адносна нізкімі коштамі і якасцю прадуктаў харчавання. Партугальцы гасцінныя, прыязныя і ветлівыя. Яны апранаюцца сціпла і даволі строга: Партугалія — каталіцкі край, апроч таго, адчуваецца даволі моцны ўплыў іслама. Гэтая невялікая краіна размешчана на заходняй ускраіне Еўропы і вядзе пастаянны дыялог з неабсяжнай Атлантыкай. Акіян дае ўнікальную магчымасць забыцца пра ўсе непрыемнасці і наладзіць кантакт з Абсалютам. Серфінг быў занадта рызыкоўны для нас, таму мы проста назіралі за практыкаваннямі адважных людзей. Думаецца, мужныя характары фарміруюцца менавіта тут!

Гл.: фоты

Любоў Уладыкоўская