Раман Карп. Фотаздымкі

Раман Карп 

Беларускія акцэнты ў амерыканскай культуры

Рэлігія з’яўляецца неад’емнай часткай культуры любога грамадства, не важна полірэлігійнае яно ці мона.

ЗША склаліся як краіна з прадстаўнікоў розных народаў і культур, якія прагнулі там знайсці сваю долю і ехалі туды. З часам яны і іх нашчадкі пераймалі ў гэтым “кіпячым катле” амерыканскія  каштоўнасці, але шмат хто з іх захаваў сваю рэлігію, будаваў свае цэрквы і групаваўся вакол іх, каб захаваць свае карані і мовы, ды лабіраваць інтарэсы сваіх далёкіх радзім. Не выключэннем былі і беларусы, якія апыналіся там воляю лёсу на працягу апошніх 120 гадоў.

Прыкладзеныя фотаздымкі былі зроблемы аўтарам у жніўні 2010 года пад час  вандравання па Нью-Ёрку (летам 2010 года мне пашчасціла пабываць у ЗША па студэнцкай праграме WorkandTravel). Цудоўным жнівеньскім днём  вандраваў па вуліцы з мілагучнай назвай AtlanticAve, што знаходзіцца ў раёне Брукліна. У той мясцовасці даволі шмат розных каталіцкіх, пратэстанцкіх, а таксам  грэчаскіх праваслаўных храмаў.  Неспадзявана перад маімі вачыма паўстаў вялікі Сабор Святога Кірылы Тураўскага Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы. Я быў прыемна здіўлены, доўга блукаў каля,  пакуль канчаткова не вырашыў завітаць у Сабор. У гэты час там аказалася шмат людзей, якія прыйшлі на нядзельную службу.

 Сабор двухпавярховы: на другім паверсе месціцца царква, на першым –грамадская зала, дзе пасля службы тамтэйшыя беларусы збіраюцца для сяброўскіх размоў, а таксама святкавання розных імпрэзаў. 

Маю асобу ветліва сустрэлі, шмат распытвалі пра Беларусь, распавялі аб гісторыі Сабора, будынак якога ўжо больш за 55 год належыць беларускай грамадзе Нью-Ёрка і мэта якога – захаванне беларускіх культурных і рэлігійных традыцый у ЗША, а таксама знаёмства амерыканскага грамадства з імі.