Прэзентацыя кнігі Любові Уладыкоўскай “Як захаваць культурную самабытнасць?”

Прэзентацыя кнігі Любові Уладыкоўскай “Як захаваць культурную самабытнасць?” перарасла ў сур’ёзны міжкультурны дыялог, які адбыўся ў Літаратурным музеі Янкі Купалы ў Мінску 02 чэрвеня.

У абмеркаванні шляхоў захавання культурных здабыткаў і канструктыўнага міжкультурнага дыялогу ў сучасным свеце ўзялі актыўны ўдзел і выступілі з грунтоўнымі дакладамі кіраўнік Прадстаўніцтва ААН у Беларусі Антоніус Брук, Часовы Павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Ізраіля ў Беларусі Эдуард Шапіра, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Славацкай Рэспублікі Мар’ян Серватка, Часовы Павераны ў справах Польшчы ў Рэспубліцы Беларусь Вітольд Юраш, кіраўнікі і прадстаўнікі дыпламатычных місій іншых краін, міжнародных арганізацый, прадстаўнікі Міністэрства культуры Беларусі і Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы, Старшыня Прэзідыума Рэспубліканская канфедэрацыі прадпрымальніцтва Уладзімір Карагін, Юрый Данькоў і іншыя прадпрымальнікі, банкіры, святары, прафесары, артысты, мастакі.

Як сказала ва ўступным слове генеральны дырэктар Цэнтра міжкультурнага дыялогу, ініцыятар мерапрыемства Любоў Уладыкоўская, “пры распрацоўцы стратэгіі культурнага развіцця Беларусі ва ўмовах глабалізму надзвычай важна не самазамыкацца, не абмяжоўвацца этнаграфізмам, правінцыялізмам, бо гэта можа звесці беларусаў да ўзроўню адсталага, дапатопнага, выміраючага этнасу. Дзяржаўная і грамадская падтрымка беларускай культуры мусіць абапірацца таксама на прынцып адкрытасці ў сферы сацыякультурнага абмену, міжкультурных камунікацый. Самае эфектыўнае рашэнне прадугледжвае гарманічнае ўзаемадапаўненне, з аднаго боку, стабільнага нацыянальнага ядра ў выглядзе беларускай мовы і беларускай культуры (аўтэнтычнай, прафесійна-мастацкай, духоўных традыцый і інш.), а з іншага, актыўны міжкультурны дыялог, у тым ліку развіццё беларускай гуманітарнай навукі і філасофіі ў кантэксце еўрапейскіх здабыткаў і сусветнага вопыту”.

Канкрэтныя прапановы па далейшай распрацоўцы пытання падтрымкі і папулярызацыі беларускай культуры выказалі член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, дырэктар Інстытута мовы і літаратуры Аляксандр Лукашанец, прафесар, дэкан факультэта міжнародных адносін БДУ Віктар Шадурскі, прафесар Беластоцкага універсітэта Алесь Краўцэвіч, прафесар Гродзенскага дзяржуніверсітэта Людміла Рычкова, прафесар Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў Аляксандр Смолік, прафесар, загадчык кафедры БДУ Галіна Сініла і іншыя вядомыя асобы.

Сустрэча скончылася акрэсленнем далейшых планаў і цёплым беларускім прыёмам.

Міжкультурны дыялог адбыўся і перарос ў вялікую, значную падзею. Задача на будучыню – развіваць і пашыраць яго.