Памяці Уладзіміра Конана

1 чэрвеня ў Дзяржаўным літаратурным музеі імя Янкі Купалы адбылося паседжанне ініцыятыўнай групы па стварэнні Грамадскай камісіі дзеля ўшанавання памяці выдатнага беларускага даследчыка-энцыклапедыста, публіцыста,  асветніка Уладзіміра Конана, гадавіну смерці якога абыходзім 6 чэрвеня.

Прысутныя – вядомыя навукоўцы, прадстаўнікі дзяржаўных устаноў, ведамстваў і грамадскіх арганізацый – абмеркавалі сістэму мерапрыемстваў па ўшанаванні светлай памяці Уладзіміра Конана і магчымасці пакрокавай іх рэалізацыі.

Сярод пытанняў, якія абмяркоўваліся, — упарадкаванне і выданне навуковай спадчыны Уладзіміра Міхайлавіча, заснаванне Дома-музея, выраб  помніка і стварэнне шыльды з наступным размяшчэннем яе на будынку, дзе працаваў Уладзімір Конан, заснаванне спецыяльнай прэміі імя Уладзіміра Конана і інш.

Як адзначыла падчас сустрэчы Любоў Уладыкоўская, Цэнтр міжкультурнага дыялогу мог бы ўзяць на сябе арганізацыю Конанаўскіх чытанняў, якія варта праводзіць кожныя два гады.