Міжнародны круглы стол “Беларуска-амерыканскі культурны дыялог: стратэгія развіцця”

У мерапрыемстве ўзялі ўдзел Часовы Павераны ў справах ЗША ў Рэспубліцы Беларусь Джонатан Бентан, еўрапейскія дыпламаты, біскупы і святары хрысціянскіх канфесій, прадстаўнікі інтэлектуальнай і творчай эліты, кіраўнікі бізнес-асацыяцый і генеральныя дырэктары беларуска-амерыканскіх прадпрыемстваў.13 красавіка ў Мінску адбыўся Міжнародны “круглы стол” “Беларуска-амерыканскі культурны дыялог: стратэгія развіцця”, арганізаваны Цэнтрам міжкультурнага дыялогу пры падтрымцы Амбасады ЗША ў Рэспубліцы Беларусь з удзелам Міжнароднага фонду “Залатая спадчына Віцебска”.

Падчас “круглага стала” адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэння ўзгнагарод Цэнтра і сертыфікатаў Амбасады ЗША пераможцам конкурсу “Амерыканская культура: якая яна?”.

Важным момантам міжнароднай сустрэчы стала прэзентацыя кнігі Любові Уладыкоўскай “Адкрыццё маёй Амерыкі, або Навошта беларусам ЗША?” Як адзначыў прафесар БДУ Анатоль Зелянкоў, у кнізе прадстаўлены не толькі аналіз ходу рэалізацыі грамадскай ініцыятывы па развіцці беларуска-амерыканскага культурнага дыялогу, але раскрыты працэс фарміравання амерыканскай нацыі, акцэнтавана ўвага на тых амерыканскіх феноменах, якія варта было б засвоіць і беларусам. Старшыня Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў Уладзімір Карагін надзвычай высока ацаніў кнігу з пункту гледжання комплекснага падыходу да беларуска-амерыканскіх сацыяльна-эканамічных і гістарычна-культурных паралеляў.

Генеральны дырэктар Цэнтра міжкультурнага дыялогу Любоў Уладыкоўская прэзентавала прысутным сістэму канкрэтных прапаноў па развіцці беларуска-амерыканскага культурнага дыялогу, выпрацаваную аналітычнай групай. У абмеркаванні ўзялі актыўны ўдзел Яго Эксцэленцыя біскуп Антоні Дзямянка, Уладзімір Карагін, Канстанцін Каламіец, Георгій Бадзей, Міхась Касцюк, Яўген Бабосаў, Юры Стулаў, Таццяна Камароўская, Леанід Лыч, Аляксандр Смолік, Вячаслаў Мянькоўскі і інш.

Падчас сустрэчы экспанаваліся ўзоры традыцыйных беларускіх ткацтва і вышыўкі, падрыхтаваныя майстрам Наталляй Канановіч, гучала беларуская народная музыка, быў прэзентаваны трохвілінны ролік пра Беларусь.

Генеральны дырэктар Цэнтра міжкультурнага дыялогу Любоў Уладыкоўская ўручае Часоваму паверанаму ў справах ЗША ў Беларусі сп. Джонатану Бентану падарунак – традыцыйны беларускі рушнік

 

Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі сп. Джонатан Бентан і генеральны дырэктар Цэнтра міжкультурнага дыялогу спн. Любоў Уладыкоўская перад пачаткам мерапрыемства

 

Любоў Уладыкоўская з удзельнікамі міжнароднага круглага стала: прафэсарам Анатолем Зелянковым і Яго Эксцэленцыяй біскупам Антоніям Дзямянкам

 

Любоў Уладыкоўская разам з майстрам традыцыйнага беларускага ткацтва Наталляй Канановіч

 

Вокладка прадстаўленай на круглым стале брашуры Любові Ўладыкоўскай ‘Адкрыццё маёй Амерыкі, або Навошта беларусам ЗША?’

 

З відэаматэрыялам і рэпартажам аб Міжнародным круглым стале “Беларуска-амерыканскі культурны дыялог: стратэгія развіцця”, падрыхтаванымі БелАПАН, вы можаце азнаёміцца по гэтай спасылцы.