03 лістапада ў Мінску адбыўся Міжнародны “круглы стол “Амерыканістыка ў Беларусі і еўрапейскі культурны досвед: перспектывы развіцця”, падчас якога быў прааналізаваны стан амерыканістыкі ў Беларусі і абмеркаваны шляхі і формы выкарыстання амерыканскага эканамічнага і культурнага вопыту ў нашай краіне з улікам досведу еўрапейскіх краін.
Па словах генеральнага дырэктара Цэнтра міжкультурнага дыялогу Любові Уладыкоўскай, унікальнасць сустрэчы ў тым, што за “круглым сталом” сабраліся прадстаўнікі самых розных сфер дзейнасці: дыпламаты, кіраўнікі буйных бізнес-асацыяцый Беларусі, прадпрымальнікі, акадэмічная і культурная эліта, прадстаўнікі шэрагу рэлігійных канфесій і інш.
Дыскусіі разгортваліся вакол наступных пытанняў:
- Культура прадпрымальніцтва ў ЗША як крыніца для развіцця сацыяльна адказнага бізнесу;
- Здабыткі вышэйшай адукацыі ЗША як каталізатар сусветнай сістэмы адукацыі;
- Еўрапейскія даследванні ЗША;
- Сучасныя міграцыйныя працэсы і амерыканістыка ў Беларусі;
- Беларуска-амерыканскія рэлігійныя кантакты;
- Амерыканскія цэнтры ў Беларусі і беларуска-амерыканскія культурныя паралелі;
- Культурная палітыка ў нацыянальным і інтэрнацыянальным вымярэннях.
Было прынята рашэнне кожнаму з дадзеных напрамкаў прысвяціць асобны семінар, а па выніках дэталёвай працы экспертаў падрыхтаваць і выдаць спецыяльную брашуру, прэзентаваць яе ў Беларусі і ЗША.
“Круглы стол” быў арганізаваны Цэнтрам міжкультурнага дыялогу пры падтрымцы Амбасады ЗША ў Рэспубліцы Беларусь з удзелам Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі, Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва і Міжнароднага фонду “Залатая спадчына Віцебска”.