Эдуард Шапіра
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь
У кантэксце сённяшняга мерапрыемства хацеў бы адзначыць два асноўныя працэсы, звязаныя з адраджэннем ізраільскай нацыянальнай культурнай самабытнасці. Першы – гэта адраджэнне іўрыта, другі – вяртанне яўрэяў на сваю гістарычную радзіму – у краіну Ізраіль. Гэтыя два працэсы азначаюць сувязь паміж новай дзяржавай, заснаванай 62 гады таму, і яўрэйскай культурай. Нягледзячы на вышэйзгаданае, варта адзначыць, што не ўсё яўрэйскае ёсць ізраільскае, і не ўсё ізраільскае ёсць яўрэйскае.
Іўрыт – адна са старажытнейшых моў свету, якая была амаль цалкам выцеснена з паўсядзённага ўжытку, хаця і заставалася моваю богаслужэнняў. Адраджэннем іўрыту мы абавязаныя фантастычнай энергіі і нястомнай працы аднаго чалавека – Эліэзэра Бен Іегуды (1858–1922), які нарадзіўся ў Віцебскай вобласці і прыехаў у Палесціну ў 1879 г. Разам са жменькай аднадумцаў на працягу жыцця аднаго пакалення ён стварыў «новую» і дынамічную мову, якая стала роднай для велізарнай колькасці яўрэйскіх жыхароў Зямлі Ізраіля. У сваім артыкуле Бен–Іегуда пісаў, што адраджэнне Ізраіля магчымае толькі ў Эрэц–Ісраэлі і толькі праз выкарыстанне мовы іўрыт, так як не існуе нацыі без нацыянальнай мовы.
З першага дня свайго прыезду ў Эрэц–Ісраэль Бен–Іегуда бесперапынна працаваў над пераўтварэннем іўрыта ў паўсядзённую мову і заклікаў: «Яўрэй, размаўляй на іўрыце!» Менавіта адраджэнне мовы іўрыт стала адной з асноў сучаснай ізраільскай культуры.
Ізраіль у 1948 годзе – гэта краіна з 640 тысячамі яўрэйскага насельніцтва; усяго тры гады прайшло з моманту заканчэння Другой сусветнай вайны; 6 мільёнаў еўрапейскіх яўрэяў знішчаны нацыстамі. Краіна абавязана прыняць і абсарбаваць рэшту еўрапейскага яўрэйства – пазбаўленага ўсяго свайго жыццёвага набытку, груба адрынутага ад нацыянальнай культуры, якая фарміравалася стагоддзямі, ад лінгвістычных каранёў, – але якое падтрымлівалася адзінай марай – наладзіць новае жыццё на тым адзіным куточку зямлі, які можа стаць для яго родным домам.
Кожнае з наступных дзесяцігоддзяў было адзначана сур’ёзнымі сацыяльнымі і палітычнымі ліхалеццямі. Спатрэбіласяшмат часу ігоркага вопыту, перш чым прыйсці да разумення таго, што новае грамадства ствараецца не ў «плавільным катле», як было прынята лічыць у той час, а шляхам узаемнага ўплыву і пранікнення асобных самабытных культур, якія ўсведамляюць уласную бясспрэчную каштоўнасць. Грамадства заклікана забяспечыць годнае месца і права на самавыяўленне для кожнага, пакуль выкоўваецца гамагенная культурная ідэнтыфікацыя: індывідуальныя традыцыі і густы не перашкаджаюць нараджэнню гарманічнага цэлага. Пастаўленая мэта яшчэ не дасягнута, але яна ўжо дакладна вызначана.
Іншы важны працэс, на які варта звярнуць увагу, – гэта рост самасвядомасці прадстаўнікоў усходніх абшчын, што вылілася ў паспяховае развіццё такіх сфер культуры, як літаратура і музыка (сёння «ўсходняя», дакладней, «міжземнаморская» музыка становіцца ўсё больш і больш папулярнай не толькі ў Ізраілі, але і за яго межамі).
Сённяшні Ізраіль – прыклад суіснавання мноства самабытных культур; цяпер ніхто ўжо не сумняваецца, што станаўленне краіны толькі выйграе ад захавання культурных індывідуальнасцей. Уласны непаўторны твар ізраільскай культуры дасягаецца паступовай абсарбацыяй асобных яе частак, кожная з якіх узбагачае цэлае. Менавіта дыверсіфікацыя культур народаў, якія жывуць у сучасным Ізраілі, робіць ізраільскую культуру асабліва цікавай і шматстайнай, прывабнай для сусветнай супольнасці.
Сёння ізраільская культура прадстаўлена на міжнароднай арэне ў разнастайных праявах. Узгадаю толькі некаторыя імёны ў сферы класічнай музыкі: салісты Іцхак Перальман, Пінхас Цукерман, Даніэль Барэнбойм іШлокаМінц, якія выступаюць на лепшых сусветных сцэнах і якіх чакаюць у любой студыі гуказапісу; ізраільскі філарманічны аркестр пад кіраваннем Зубіна Меты; ізраільскі тэатр («Гешэр»), сучасны ізраільскі балет («Бат-Шэва»), ізраільская опера; ізраільскае кіно (як мастацкае, так і дакументальнае) і, натуральна, сучасная ізраільская літаратура! Адзін з сучасных ізраільскіх пісьменнікаў, Амас Оз, у апошнія гады быў неаднаразова намінаваны на Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры.
Са свайго боку Пасольства Дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь робіць усё, каб беларускі народ меў магчымасць пазнаёміцца са шматстайнай ізраільскай культурай.
Пераклад на беларускую мовуЛюбові Уладыкоўскай