…І святло вечнае няхай яму свеціць…
У якім стане знаходзіцца нацыя відаць па тым, як яна шануе сваіх герояў і каго такімі лічыць.
Светлай памяці Мікола Крукоўскі, які памёр 30 верасня, быў перакананы, што беларусы сёння знаходзяцца ў стане ўпадку, і, відавочна, не памыляўся.
Фільм Анджэя Вайды «Чалавек надзеі», які выйшаў да 70-годдзя Леха Валенсы, стаўся адным з фактаў цэлай сістэмы мерапрыемстваў, у якіх Валенсу цягам многіх гадоў адводзіцца цэнтральнае месца. Толькі штогадовы Эканамічны форум у Крыніцы-Здруй, які збірае палітычную і бізнес-эліту многіх краін, заўжды арганізуе сустрэчы з Лехам Валэнсам, і колькі ўдзячных палякаў і замежных гасцей імкнуцца прысутнічаць на такіх сустрэчах! І справа не толькі ў папулярнасці ідэй сімвала польскай салідарнасці – ідэй, якія перамаглі. Справа і ў вернасці ідэям, і ва ўменні захапляцца сваім, падтрымліваць сваё, і ў веры ў чалавечыя магчымасці…
Мікалай Ігнатавіч Крукоўскі прысвяціў сваё навуковае жыццё той дзялянцы, якая найменш распрацавана і ў найбольшай ступені патрабуе нашай увагі і нашага клопату, – беларускай філасофіі.
Не толькі той філасофіі, якая даследуе і асэнсоўвае беларускія рэаліі. Але таксама і той, якая глядзіць на ўніверсальныя, глабальныя працэсы з беларускацэнтрычнай сістэмы каардынат, што, апроч іншага, абавязкова патрабуе мыслення па-беларуску і напісання прац на нацыянальнай мове.
Ад пачатку адраджэння 1990-х беларускамоўная гуманітарная навука часцей за ўсё асацыявалася (ды так яно пераважна і было!) з працамі краязнаўча-этнаграфічнага або філалагічнага характару. Філасофскія ж навукі, асабліва ў тэарэтычнай іх частцы, моцна трымаліся савецка-бальшавіцкімі кадрамі (памятаю, пасля майго заканчэння сярэдняй школы ў 1984 г. не было нават фармальнай магчымасці паступлення на філасофскі факультэт БДУ, бо патрабавалася адпаведнае накіраванне з райкама камсамола). І гэта было добра прадуманай палітыкай: дай народу свабоднае мысленне – і не адолееш таго народу!
Мне вельмі дапамагла прафесійная падтрымка прафесара Мікалая Крукоўскага падчас абароны кандыдацкай дысертацыі, прысвечанай канцэпцыі нацыянальнага светапогляду ў творчасці Янкі Лучыны, у 1993 г., – як, зрэшты, і падтрымка святой памяці прафесара Уладзіміра Конана. І Мікола Крукоўскі, і Уладзімір Конан практычна і штодзённа даказвалі, што філасофская тэрміналогія і філасофскае мысленне могуць (і павінны!) быць і на беларускай мове.
Пазней, ужо ў Скарынаўскім цэнтры, мы ўтраіх распрацоўвалі навуковую тэму, прысвечаную беларускім грамадскім ідэалам (сама ідэя такога даследавання належала прафесару гісторыі Захару Шыбеку; па выніках даследавання адбылася навуковая канферэнцыя і выйшаў навуковы зборнік “Беларусіка-13”).
З тых грамадскіх ідэалаў нарадзіліся пазней дзве навуковыя аўтарскія манаграфіі: спачатку ў 2004 г. – шаноўнага прафесара Мікалая Крукоўскага (Крукоўскі, М.І. Бляск і трагедыя ідэалу / М.І. Крукоўскі. – Мінск: Бел. кнігазбор, 2004. – 352 с.), а пазней – і мая сціплая праца (Уладыкоўская, Л.М. Духоўныя ідэалы ў сучаснай культуры Беларусі і каштоўнасці глабалізму / Л.М.Уладыкоўская. – Мінск, БДУ, 2009. – 199 с.).
Адна толькі вышайзгаданая кніга М.І.Крукоўскага змяшчае такое мноства маштабна асэнсаванага гістарычнага і сацыякультурнага матэрыялу (сусветнага і айчыннага), так добра прадуманую канцэпцыю духоўнай бяспекі нашага народу, што дзіву даешся, якіх глыбокіх мысляроў здатная нарадзіць наша зямля!
Прафесар Мікола Крукоўскі ўсё жыццё прысвяціў беларускім ідэалам.
Быў той ідэал і бляскам – калі ўзыходзіла незалежная дзяржава Рэспубліка Беларусь, і трагедыяй – калі стаў відавочным інтэнсіўны працэс культурна-маральнага распаду беларускага грамадства.
Мікалай Ігнатавіч быў выключна мужным чалавекам, выключна прынцыповым і бескампрамісным.
Такім можна быць толькі абапіраючыся на вечныя, абсалютныя каштоўнасці. Не шукаў славы, не рабіў сабе піяру. Без зайздрасці і інтрыг. Смелым, адважным. Па-хрысціянску абараняў слабейшых і не баяўся моцных… Ваяром. Сапраўдным патрыётам, які цвёрда стаяў на беларускім гістарычным падмурку і шырока глядзеў у нашую нацыянальную перспектыву. Як сённяшняй Беларусі не стае такіх людзей!
Служыў Ісціне. Абараняў яе з усіх сваіх сіл.
Наш абавязак — прадоўжыць школу прафесара Крукоўскага і быць вернымі нашым агульным ідэалам – чалавечай свабодзе і незалежнай Беларусі.
Любоў Уладыкоўская