Беларусь існуе там, дзе жыве беларуская мова

Інтэрв’ю Генеральнага дырэктара Установы “Міжкультурны дыялог” Любові Уладыкоўскай, апублікаванае ў сёмым нумары літаратурна-мастацкага часопіса “Верасень” .

«Сваю прывязанасць да краіны, у якой нарадзілася і жыву, адданасць нацыянальнай культуры адчула менавіта ў Амерыцы, а не ў якой-небудзь іншай краіне. Там спазнала, наколькі трымаюць чалавека родныя карані». Значыць, каб дайсці да гэтай ісціны, беларусу трэба ехаць у ЗША? Магу прапанаваць іншы варыянт: прачытаць новую кнігу Любові Уладыкоўскай «Адкрыццё маёй Амерыкі, або Навошта беларусам ЗША», у якой аўтарка расказваючы пра невядомую для многіх Амерыку, сама адкрываецца чытачу… Тым, хто хоць раз быў у ЗША, заўжды знойдуцца агульныя тэмы для размовы. Так, са спадарыняй Любоўю мы гутарылі больш за дзве гадзіны. I аб чым, як вы думаеце? Пра міжкультурны дыялог…і зялёную сукенку, любімы колер спадарыні Любові, якую яна абавязкова набудзе падчас чарговай паездкі ў ЗША.

Цалкам шчаслівым можна быць толькі на зямлі, якая дала нам жыццё. Спадарыня Любоў, Вы былі ў ЗША не адзін раз. Чым Вас уразіла, здзівіла гэтая краіна?

Да паездкі ў Амерыку была ўва многіх краінах Еўропы, шмат чытала пра Злучаныя Штаты Амерыкі. Да таго ж, маю там калег, партнёраў. Таму ЗША для мяне не ўяўляюцца як невядомая краіна. Што было прыемна ўсведамляць, дык гэта тое, што роўнасць, свабода, чалавечая годнасць — пануюць у ЗША паўсюль. Там існуе прыватная дыстанцыя, права чалавека на свабоду выяўлення, свабоду рэалізацыі. А знакамітыя ветлівасць, амерыканская ўсмешлівасць — яны выяўляюць імкненне да павагі кожнага чалавека. Раз ёсць асоба, якую стварыў Бог, значыць, яна мае права выявіцца, і гэта натуральна. Чарнаскурыя, індзейцы, лацінасы — усе маюць права на роўнасць. I гэтым правам карыстаюцца. Канешне, не ўсім падабаецца, што ў некаторых раёнах Штатаў вельмі шчыльнае насельніцтва чарнаскурых. Да гэтага факту ставяцца па-рознаму, часам адмоўна. Асабліва такая рэакцыя назіраецца ў людзей, якія прыязджаюць пазнаёміцца з краінай. 3 іншага боку, у амерыканцаў назіраецца моцны комплекс віны, які прыводзіць часам да прывеліяванага становішча нябелых людзей. Мела магчымасць сустрэцца з прадстаўнікамі розных этнічных плыняў. Было прыемна пераканацца ў тым, што яны існуюць ва ўзаемадапаўненні. Роўнасць у разнароднасці — менавіта тое, пра што я пішу, — гэта адна з формаў праявы свабоды, што вельмі падабаецца.

Вашыя паездкі былі мэтавымі?

Так. Яны былі звязаная з вывучэннем культурнай спадчыны. ЗША сур’ёзна ставяцца да яе захавання і развіцця. Існуе неадпаведнасць паміж стэрыятыпамі, якія, напрыклад, пануюць у сучаснай Беларусі, і амерыканскімі рэаліямі. Лічыцца, што амерыканцам, у культурным плане, няма чаго захоўваць. Яны не могуць так сур’ёзна, як еўрапейцы, разглядаць пытанні культурнай спадчыны. Але гэта не так. Амерыканцы вельмі ашчадна ставяцца да ўсяго, што выяўляе творчы патэнцыял, творчы падыход, таму што кожная творчая праява — носьбіт пэўнай культурнай традыцыі. Там надзвычай развітая сістэма мецэнацтва (падрабязна пра гэта можна прачытаць у кнізе Любові Упадыкоўскай «Як захаваць культурную самабытнасць?», што выйшла ў 2010 г. — заўвага аўтара).

Беларуская моладзь актыўна з’язджае з краіны, часта — менавіта ў ЗША. Што Вы думаеце пра гэтыя працэсы?

Праблема выезду беларускай моладзі за мяжу шырока абмяркоўваецца ў прэсе. Асабліва актуальнай яна становіцца летам, калі студэнты на вакацыях і стараюцца вандраваць і па Еўропе, і па Амерыцы. Я лічу, што студэнтам, маладым спецыялістам, ды і людзям сталага веку вельмі важна выязджаць за мяжу для таго, каб прывозіць адтуль досвед, каб у Беларусь быў свежы прыток інфармацыі, каб адбываўся міжкультурны дыялог у самым шырокім яго сэнсе. Павінна праходзіць засваенне сусветных напрацовак у розных галінах: гэта можа быць бізнэс, культура, навука… Без гэтага няма развіцця. Адна рэч — засвойваць інфармацыю праз розныя медыйныя сродкі, інтэрнэт, і зусім іншая — адчуць працэсы пабудовы жыцця ў замежных краінах, убачыць іх на свае вочы. Вельмі небяспечна самазамыканне, тым больш у нашу глабальную эру. Трэба ўлічваць, што з кожным годам у Беларусі звужаецца магчымасць наладжвання міжнародных, міжкультурных кантактаў, грамадства закрываецца. Ператвараць Беларусь у правінцыйнае балота вельмі небяспечна. Для Беларусі і для беларусаў, калі казаць шчыра, гэта вялікая трагедыя. Бо цалкам рэалізавацца як асоба і адчуваць сябе шчаслівым можна толькі на Бацькаўшчыне, сярод свайго народа, дзе кожны з нас — яго часцінка. На зямлі, якая нас нарадзіла і ў якую мы паклалі продкаў. На зямлі, у якую ўпіраемся, узіраючыся ў неба.

А пакуль што з’язджаюць ад галечы, бяспраўя, песімізму. Па прычыне таго, што не бачаць тут перспектыў. 3-за таго, што ў Беларусі надзвычай цяжка, а часам і немагчыма пабудаваць сумленнае заможнае жыццё, рэалізавацца прафесійна, моладзь шукае ўладкавання за мяжой — гэта права кожнага чалавека, і мы не можам асуджаць яго.

Падаецца, многія з’язджаюць з Беларусі, каб адчуць сябе асобай…

Думаю, што так. У ЗША, напрыклад, мяне вельмі прываблівае тое, што якраз ёсць магчымасць рэалізаваць сябе як асобу. I не толькі таму, што гэта нацыя эмігрантаў. Кожны чалавек, як толькі нараджаецца, ужо адчувае сябе грамадзянінам Злучаных Штатаў Амерыкі. У Амерыцы і Еўропе ёсць велізарны імпульс грамадскай салідарнасці, аб’яднання пэўных ідэй, у тым ліку агульнанацыянальных. Але на першым месцы стаіць чалавек, асоба — гэта самае важнае. Каб гэта належна ацаніць, павінна быць унутраная чалавечая інтэнцыя, унутранае імкненне да свабоды, што ўжо ёсць прыкметай самастойнай. самадастатковай асобы. У мяне шмат знаёмых, якія былі ў ЗША і не адчувалі сябе там цалкам добра і ўтульна. Як правіла, гэта людзі савецкага тыпу, рускамоўныя, з адпаведным менталітэтам. Чалавеку ж, які жыве ў сістэме каардынат беларускай культуры, добра і вальготна пачуваецца і ў Еўропе, і ў ЗША. Гістарычна традыцыя тая ж — вяршынства права, вяршынства асобы чалавека, каштоўнасць яго творчасці, павага да таленту і яго падтрымка. Нядаўна прачытала ў беларускамоўнай газеце пра тое, што моладзь з’язджае з Беларусі па той прычыне, што беларуская культура не ўпісваецца ў сучаснасць і не мае перспектывы. Гэта такое глупства і шкодніцтва! Усё якраз наадварот: у якой ступені няма беларускага нацыянальна-культурнага кантэксту, у такой ступені тут няўтульна і хочацца з’ехаць. Якраз антыбеларускасць не ўпісваецца ў сучаснасць. Наколькі сучасная Беларусь не беларуская, настолькі яна не еўралейская, І, як вынік — настолькі яна не перспектыўная. I ўвогуле — гэта прыкмета і прычына дэградацыі, прычым не толькі культурнай, эканамічнай, сацыяльнай, а дэградацыі маральнай. Народ — гэта цэласны арганізм. Не жывем у нацыянальным культурным кантэксце — значыць, губляем жыццёвыя шанчы, чалавечую годнасць, сацыяльную мараль, перспектывы, прафесіяналізм, увогуле становімся аутсайдэрамі, I так ужо ёсць, бачым шматлікія праявы гэтага.

Напэўна, не кожны, хто абірае лес на чужыне, можа там рэалізавацца?

Часцей за ўсё, выязджаючы на Усход ці Захад, беларусы ўладкоўваюцца ў якасці парабкаў, наймітаў, абслугі. Яно і зразумела: гаспадаром можна быць толькі на сваёй Бацькаўшчыне. Чужына ёсць чужына. У цэлым беларусы значна горш за суседзяў валодаюць замежнымі мовамі: у нас яны мала запатрабаваныя. Калі ж чалавек, які трапляе за мяжу, упісваецца ў кантэкст цывілізаванага жыцця і вырашае застацца ў замежнай краіне, то я магу толькі пажадаць шчасця і плёну гэтаму чалавеку. Але важна, каб моладзь мела магчымасць і хацела вяртацца і рэалізоўваць свае ідэі і ідэалы на Радзіме, каб прывозіла сюды свой талент, свае веды, сваю энергію, каб тут будавала свае жыццё. На жаль, магчымасць вярнуцца на Радзіму і рэалізавацца залежыць не ад кожнага канкрэтна, хто выязджае…

3 аднаго боку, калі пачынаецца адток маладых, адукаваных, актыўных людзей — наносіцца шкода грамадству, бо яно губляе лепшых. 3 іншага боку, гэта аб’ектыўны працэс, які немагчыма спыніць, бо міграцыя адбываецца ва ўсім свеце, звычайна па руху сонца – з усходу на захад. Проста мы не прывыклі да такога.

Але ж ці можна напоўніцу адчуваць сябе беларусам за мяжой?

Тут пытанне ў тым, каб увогуле беларусам быць. Яно не менш важнае і для тых, хто жыве ў Беларусі. У іншых еўрапейскіх краінах працэсы развіцця, умацавання нацыянальнай ідэнтычнасці праходзяць натуральна, У нас жа сітуацыя такая, што беларусы, асабліва якія ніколі не выязджалі за межы краіны (бо замежжа прымушае задумацца, а адкуль жа ты і хто), незаўсёды адчуваюць сябе беларусамі (у сэнсе прыналежнасці да пэўнай культурнай традыцыі), не маюць належнай ідэнтычнасці, не размаўляюць на беларускай мове, здараецца, нават не разумеюць яе (або робяць такі выгляд), дэманструючы неразумныя, прымітыўныя, спажывецкія падыходы да жыцця. Беларусы ж, якія жывуць за мяжой, але размаўляюць па-беларуску, ствараюць разнастайныя культурныя і грамадскія суполкі, маюць магчымасць зрабіць больш для Бацькаўшчыны, чым некаторыя жыхары Беларусі. Таму лічу, што праца на карысць нацыі не зусім залежыць ад месца жыхарства, Я не ведаю, дзе існуе Беларусь… Відаць там, дзе жыве беларуская мова. Дзе за Беларусь адчуваецца адказнасць. Таму, калі ёсцы гэтая нацыянальная адказнасць, можна жыць дзе заўгодна. А калі ты можаш толькі спажываць, браць, а не даваць, не ўзбагачаць сваю краіну, калі няма нацыянальнай годнасці — то якая з цябе карысць, дзе б ты ні жыў?!

Мне часта даводзіцца сустракацца з «беларускімі» дэлегацыямі, якія выязджаюць і рэпрэзентуюць наш народ за мяжой. Сорам, ды і толькі. Не карыстаюцца нацыянальнай мовай, нічога ці амаль нічога не ведаюць пра беларускую гісторыю і культуру. Пры гэтым хочуць і чакаюць. што іх ( і нас) будуць паважаць. Дык гэта ў прынцыпе немагчыма — паважаць таго, хто не паважае сам сябе. Самае прыкрае, што па такіх вось «прадстаўніках», якія часта не маюць ні беларускіх каранёў, ні беларускай свядомасці, таму выглядаюць бязроднымі пігмеямі, а то і адкрыта называюць сябе «рускімі», адпаведна сябе паводзячы, мяркуюць пра ўвесь наш народ. Які, скажыце, дыялог з бамжамі, якое партнёрства?

На Вашу думку, Беларусь становіцца краінай без душы?

А што гэта такое — без душы? Душа, безумоўна, жывая. I яна загартоўваецца ў выпрабаваннях і пакутах. Беларусь — гэта не зусім тое, што мы бачым у сённяшняй Беларусі. Беларусь — гэта Божая задумка, таму што народ створаны Богам, лесам, гісторыяй. I кожны народ мае пэўную місію, а таксама спецыфіку і самабытнасць, якія выяўляюцца найперш у культуры як сістэме каштоўнасцей, а таксама ў мове. Таму народная, а пазней і нацыянальная культура, цяжэй паддаецца ўплывам і мае менш агульных стандартаў, у параўнанні, напрыклад, з палітыкай ці эканомікай. Мяне вельмі турбуе, што перарываецца беларуская культурная традыцыя, у тым ліку і праз слабую пераемнасць пакаленняў. Беларускія школы ў розных галінах ведаў не развіваюцца, або развіваюцца зусім слаба. Святой памяці Уладзімір Конан памёр год таму, засталіся напрацоўкі, кнігі, але хто з яго вучняў актыўна працягвае яго манеру пісьма і думання, яго традыцыі? Хто вучыцца і будзе пераемнікам такіх волатаў як Мікола Крукоўскі, Анатоль Грыцкевіч, Адам Мальдзіс? Гэта людзі, якія працавалі і працуюць не дзеля грошай ці кар’еры, а дзеля Яе Вялікасці Беларусі, і сталіся магутнымі асобамі, сапраўднымі тытанамі, не выязджаючы на сталае жыхарства за мяжу.

Не скажу нічога новага, але азбучную ісціну: душа беларуская — у мове. І пакуль ёсць хоць адна беларуская сям’я, душа жывая.

Вялікае значэнне ў захаванні беларускай душы мае адказнасць не толькі дзяржавы, але грамадскага сектара і кожнага чалавека ў прыватнасці. Не трэба ўсё спісваць на дзяржаву, бо ёсць таксама персанальная адказнасць — і не толькі перад сваёй сям’ёю, сваімі калегамі, сваім народам. Ёсць адказнасць перад Вечнасцю, перад Богам. Ведаю людзей, якія прэтэндуюць на тое, каб быць публічнымі асобамі і нават прадстаўнікамі эліты, але яны цяпер рэдка карыстаюцца беларускай мовай. Чаму так адбываецца? Хіба са сцэны размаўляць на роднай мове цяжэй, чым у вузкім коле паплечнікаў?

Можа, ім не зручна размаўляць па-6еларуску ў дадзены момант?

А дыхаць, хадзіць, жыць ім зручна? Гэта здрада! Не проста няспеласць, хіба адказнасці, нацыянальнага, стратэгічнага мыслення, а самая сапраўдная здрада. I такім прадстаўнікам так званага «грамадскага сектара» трэба сядзець дома, а не ганьбіць свой народ. Ад такіх больш шкоды, чым карысці. Успамінаюцца словы Абраама Лінкольна: «Прыйшоў час выказаць свае пачуцці, і, калі я палячу галавой уніз на зямлю з-за гэтай прамовы, тады, прынамсі, я буду падаць з тым, што справядлівае і праўдзівае». Была б амерыканская нацыя такой магутнай, калі б не гэтакі гераізм многіх яе людзей ва ўсе часы? А дзе ваш гераізм, Панове? Дзе ваша мужнасць, прыстойнасць, годнасць, гонар?»

Зручнасць — гзта вельмі ўмоўна і адносна. Нязручнае ўсё, што ўздымае чалавека над жывёльным станам, што дае яму магчымасць расці, развівацца, будаваць, ствараць. Нязручна падымацца ўгару. Затое як легка адтуль каціцца! Нязручна мець сумленне, бо яно да нечага вымагае. Адным словам, і каб быць чалавекам, І каб быць нацыяй, першапачаткова патр э бна мець волю.

Асабіста мне вельмі зручна карыстацца беларускай мовай. I я адчуваю сябе спакойнай. Я думаю па-беларуску, таму і легка размаўляю на роднай мове, якая ёсць асновай нацыянальнай свабоды. Я сваю персанальную адказнасць нясу. I мая сям’я таксама.

Звычайна жанчыну параўноўваюць з кветкай. Вяргіня. Дакладна, гэта спадарыня Любоў. Толькі ўспомніла сваю суразмоўцу, як у садзе, пры царкве, убачыла высокія, з буйнымі кучаравымі галоўкамі, вяргіні. Яны шчодра аддавалі прасторы свой водар, прываблівалі чмелікаў. Някідкая кветка, якая зачароўвае. Расказала пра гэта спадарыні Любові — яна лагодна заўсміхалася. Жанчына з моцным характарам. Жанчына, цвёрдасці якой пабоймаюцца некаторыя мужчыны…

Спадарыня Любоў, Вы актыўна займаецеся грамадскімі справам і бярэце на сябе адказнасць у вырашэнні важных пытанняў, але, нейперш, Вы — жанчына, якая мае абавязкі і перад сям’ей…

Безумоўна, прырода так заклала, што мужчына і жанчына маюць свае асаблівасці светаўспрымання. Разам яны ствараюць адно цэлае, гармонію, паўнату. Калі гаворка ідзе пра асобу, то там полавая розніца непрынцыповая. Перш за ўсё я адчуваю сябе асобай — гэта іншы ўзровень светаадчування. У кожнага чалавека ёсць мужчынскі і жаночы пачаткі, толькі яны выяўляюцца ў розных прапорцыях.

Як жанчына-асоба я бачу сваю перавагу ў тым, што накіравана на супрацоўніцтва, камандны спосаб працы. У мяне не дамінуе ген канкурэнтнасці, спаборніцтва, першынства, падаўлення, што характэрна для многіх мужчын. якія любяць цешыць сваё «я». Жаночы пачатак не схільны да дамінавання, да сілавога, гвалтоўнага вырашэння пытанняў, а, хутчэй, да неваяўнічага, мірнага спосабу вырашэння праблем. I гэта якраз сучасны падыход.

Калі казаць зусім шчыра, то мне падабаецца, калі кіруюць мужчыны. Калі яны дастаткова кампетэнтныя і думаюць у першую чаргу пра справу, а не пра сваю ўладу ці пасаду, без якіх, мусіць, не бачаць сваей каштоўнасці. Калі яны паводзяць сябе мужна, годна, па-рыцарску, прынцыпова, адказна.

У грамадстве многія мужчынскія функцыі бяруць на сябе жанчыны.

Адбываецца гэта з-за таго , што многія нашыя мужчыны нейкія недамужчынскія. Яны ўсё больш страчваюць унутраны стрыжань, які выяўляецца ў духоўнасці, моцнай волі, адданасці перакананням і ідэалам, высакароднасці, чалавечай міласэрнасці і звычайнай дабрыні.

Мне вельмі не падабаецца абыякавасць, бясконцае прыстасавальніцтва, беспрынцыповасць, бесхрыбетнасць. Трэба быць больш упэўненымі ў сабе, настойлівымі, мець пачуццё элементарнай чалавечай годнасці. Не сакрэт, што беларускі народ — не толькі сялянскі, але і шляхецкі. Трэба адраджаць і прапагандаваць шляхецкія традыцыі. I шляхетнасць як рысу характеру. Глядзіш, тады і беларускай салідарнасці, без якой нічога вартага нельга пабудаваць, будзе больш.

У жанчыны жыццядайная сіла ?

Так. У яе моцны інстынкт самазахавання. Менавіта таму жанчына больш схільная да супрацоўніцтва, улагоджвання канфліктных бакоў. Яна адказвае за выхаванне дзяцей і захаванне роду. Я таксама маці, маю двух дзяцей: сына і дачку. Яны выхаваны на хрысціянскіх, беларускіх каштоўнасцях. Але ж ім не так проста сярод пагодкаў знайсці людзей, з якімі было б прыемна і карысна мець стасункі. Гэта праблема. Таму адной з прычын, па якой я займаюся грамадскай дзейнасцю — жаданне, каб мае дзеці жылі ў нармальным грамадстве.

У сучаснай беларускай літаратуры, як і ў сапраўдным жыцці, адбывецца падмена характараў: мужчыны набываюць жаночыя рысы характеру, а жанчыны мужчынскія… А літаратура, як вядома, люстэрка грамадства.

Гэта тычыцца не толькі беларускага грамадства, але і еўрапейскага, дзе навідавоку крызіс хрысціянскіх каштоўнасцей, які набывае розныя формы, аж да самых агідных і непрымальных, як легалізацыя аднаполых шлюбаў, напрыклад. На маю думку, гэта заганны шлях, у гэтым пытанні па вінен быць разумны кансерватызм. Падмена характараў і роляў у грамадстве – гэта не ёсць добра. (Любоў Уладыкоўская шмат пісала пра гэта ў кнізе «Духоўныя ідэалы ў сучаснай культуры Беларусі і каштоўнасці глабалізму» (Мінск: БДУ, 2009) — заўвага аўтара ) .

Вашы творчыя планы.

Працягваць рабіць тое, чым я займаюся ўсё жыццё: даследаваць беларускую культуру ў самым шырокім яе сэнсе, распаўсюджваць пра яе веды, у тым ліку і за мяжой, наладжваць міжкультурны дыялог. Дзеля гэтага і быў створаны наш Цэнтр міжкультурнага дыялога, а цяпер яшчэ — і ўстанова «Міжкультурны дыялог». Нам патрэбны валанцёры. Запрашаю да супрацоўніцтва.

Марына Яўсейчык.