Творчая сустрэча са славутым польскім акцёрам і рэжысёрам Анджэем Сяверыным

Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы і польскі інстытут у мінску запрашаюць на творчую сустрэчу са славутым польскім акцёрам і рэжысёрам Анджэем Сяверыным.

Анджэй Сяверын – рэжысёр, выбітны польскі актор тэатра і кіно, выканаўца вядучых роляў у фільмах “Зямля запаветная”, “Дырыжор”, “Дантон”, “Пан Тадэвуш”, “Помста” А.Вайды, “Поўнае зацменне” А.Холанд, “Агнём і мячом” Е.Гофмана, “Спіс Шындлера” С.Спілберга, “Святар. Тры гады з тысячагоддзя” Т.Катлярчык і інш.

З’яўляецца генеральным дырэктарам, рэжысёрам і акторам Польскага Тэатра ім. Арнольда Шыфмана ў Варшаве. З 1993 г. выступае ў тэатры Камедзі Франсэз у Парыжы і выкладае ў Французскай нацыянальнай акадэміі драматычных мастацтваў.

Супрацоўнічаў са славутымі майстрамі тэатра і кіно, сярод якіх Пітэр Брук, Анджэй Жулаўскі, Мацей Прус, Пітэр Грынуэй, Фелікс Фальк, Міхал Квяціньскі, Ежы Гжэгажэўскі.

Уладальнік шматлікіх узнагарод: “Срэбны мядзведзь” за найлепшую мужчынскую ролю ў фільме “Дырыжор” на Берлінскім міжнародным кінафестывалі; галоўная акцёрская ўзнагарода за ролю ў фільме “Амок” на Каірскім міжнародным кінафестывалі; узнагарода імя Станіслава Віткевіча; гран-пры за найлепшую мужчынскую ролю ў фільме “Святар. Тры гады з тысячагоддзя ” на XXV Фестывалі польскіх мастацкіх фільмаў у Гданьску; Камандорскі крыж Ордэна Адраджэння Польшчы; Залаты медаль “Глорыя Арціс”; Ордэн Мастацтваў і Літаратуры (Францыя); Ордэн Ганаровага легіёну (Францыя); Нацыянальны ордэн “За заслугі” (Францыя).

Сустрэча адбудзецца 23 красавіка а 18-й гадзіне ў рэпетыцыйнай залі тэатра па адрасе вул. Энгельса, 7. Уваход з боку Аляксандраўскага сквера.