Амерыканістыка ў Беларусі і еўрапейскі досвед: перспектывы развіцця

Любоў Уладыкоўская

We the People of the United States…” – так пачынаецца першая ў свеце Канстытуцыя – Канстытуцыя Злучаных Штатаў Амерыкі. “Мы – беларускі народ…” – так павінны думаць, адчуваць і дзейнічаць і мы, беларусы. Бо нічога лепшага за патрыятызм чалавецтва не прыдумала. Ідэя свабоды, вольнасці – як для асобнага, кожнага канкрэтнага чалавека, так і для цэлага народу, — ідэя, на якой павінна яднацца нацыя (за што гэтак апантана змагаўся мой улюбёны амерыканскі герой – дзяржаўны дзеяч Абраам Лінкольн, які галоўным лозунгам жыцця абраў “не павінна быць ані валадароў, ані рабоў”…), — гэта ідэя ўніверсальная. Каб яе рэалізаваць, “God bless America!” і Божа, блаславі Беларусь!

Міжнародны круглы стол “Амерыканістыка ў Беларусі і еўрапейскі досвед: перспектывы развіцця”, арганізаваны і праведзены 03 лістапада 2011 г. Цэнтрам міжкультурнага дыялогу пры падтрымцы Амбасады ЗША ў Рэспубліцы Беларусь з удзелам Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва, Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі і Міжнароднага фонду “Залатая спадчына Віцебска”, на агульную думку ўдзельнікаў, удаўся.

Па-першае, усё прайшло без непатрэбнай тут пампезнасці, у працоўным, канструктыўным рэчышчы, а даверлівай размове спрыялі камерная атмасфера адной з утульных залаў гатэля “Еўропа” і жывая музыка ансамбля “Brevis”. Па-другое, для абмеркавання пытанняў амерыканістыкі ўдолося сабраць людзей абсалютна розных сфер дзейнасці, што бывае крайне рэдка: кіраўнікоў усіх буйных бізнес-асацыяцый Беларусі, прадпрымальнікаў, святароў розных хрысціянскіх канфесій, дыпламатаў, прадстаўнікоў акадэмічнай і культурнай эліты (зноў жа, самых розных пакаленняў, школ, традыцый і перакананняў!). Па-трэцяе, кожны з удзельнікаў “круглага стала” быў запрошаны не з увагі на займаемую пасаду, а з тае прычыны, што з’яўляецца сапраўды высокапрафесійным экспертам, лідэрам цэлай школы, напрамку, традыцыі: кіраўнікі бізнес-асацыяцый Уладзімір Карагін, Георгій Бадзей, Аляксандр Калінін; генеральныя дырэктары ўласных прадпрыемстваў Алег Дзенісюк, Аляксандр Гіль, Юры Данькоў, Канстанцін Каламіец; знакамітыя дзеячы навукі і адукацыі прафесары Васіль Стражаў, Анатоль Зелянкоў, Людміла Рычкова, Ігар Катляроў, Яўген Бабосаў, Юры Стулаў, Таццяна Камароўская, Вольга Малышава, Галіна Сініла; вядомыя асветнікі Яго Эксцэленцыя біскуп Антоні Дзямянка, айцец Аляксанр Шымбалёў, прафесар Адам Мальдзіс, прафесар Сяргей Паднюк, прафесар Сяргей Лукін, прафесар Алесь Краўцэвіч, з маладзейшых – Андрэй Казакевіч і Аляксандр Лагвінец і інш. Па-чацвёртае, еўрапейскі і амерыканскі кантэкст сустрэчы быў выдатна забяспечаны надзвычай цікавымі, насычанымі выступленнямі аташэ па пытаннях інфармацыі, адукацыі і культуры Амбасады ЗША ў Рэспубліцы Беларусь Сп.Кэры Лі, кіраўніка Прадстаўніцтва Міжнароднай арганізацыі па міграцыі Сп.Дзеяна Кесеравіча, прафесара з Польшчы, знакамітай амерыканісткі Сп.Галіны Парафіяновіч. Па-пятае, на сустрэчы прысутнічалі і выступалі з аналізам сітуацыі і канкрэтнымі прапановамі кіраўнікі ўсіх асяродкаў амерыканістыкі ў Рэспубліцы Беларусь. Па-шостае, кола ўдзельнікаў было прадстаўлена не толькі сталіцай, але і рэгіёнамі Беларусі. Па-сёмае, і дыскусія атрымалася жывой, гарачай, і рэгламент быў строга захаваны, што было досыць няпростай задачай. Па-восьмае, за круглым сталом актыўна гучала беларуская мова (гаворка ж вялася пра агульнацыянальныя перспектывы!), крыху радзей – руская, польская і англійская.

На сустрэчы не ставілася задача падрабязна абмеркаваць і прыняць рашэнне па кожным з прапанаваных напрамкаў – гэта было б немагчымым у сувязі з бракам часу і шырынёй праблематыкі. Важна было толькі пазначыць асноўныя выспы амерыканістыкі і поле іх развіцця ў Беларусі, прааналізаваць агульны стан спраў, выслухаўшы асноўных спецыялістаў па кожным з кірункаў, і гэта было дасягнута.

У перспектыве належыць арганізаваць асобныя семінары па ўсіх тэмах, якія абмяркоўваліся: культура прадпрымальніцтва ў ЗША як крыніца для развіцця сацыяльна адказнага бізнесу; здабыткі вышэйшай адукацыі ЗША — каталізатар сусветнай сістэмы адукацыі; еўрапейскія даследаванні ЗША; сучасныя міграцыйныя працэсы і амерыканістыка ў Беларусі; беларуска-амерыканскія рэлігійныя кантакты; амерыканскія цэнтры ў Беларусі і беларуска-амерыканскія культурныя паралелі; культурная палітыка ў нацыянальным і інтэрнацыянальным вымярэннях.

Напрыканцы сустрэчы было абвешчана аб ідэі стварэння на базе Цэнтра міжкультурнага дыялогу Амерыканскага клуба ў Мінску (Клуба аматараў Амерыкі), што падтрымала Амбасада ЗША ў Рэспубліцы Беларусь. Плануецца, што Клуб будзе яднаць прадстаўнікоў дыпламатыі, бізнесу, навукі, адукацыі, культуры, рэлігіі, мас-медыя з мэтай умацавання беларуска-амерыканскага грамадска-культурнага дыялогу, наладжвання прафесійных сувязей з амерыканскімі калегамі і партнёрамі, пашырэння ведаў пра амерыканскую і беларускую культуры.

Наша беларуска-амерыканская ініцыятыва набірае сілу дзякуючы сваёй актуальнасці і патрыятызму, прафесіяналізму, актыўнасці людзей, што яе разгортваюць. Нізкі паклон усім заангажаваным, але асабліва – Часоваму Паверанаму ў справах ЗША ў Рэспубліцы Беларусь Сп.Майклу Скэнлану.

Дырэктар Міжнароднага фонду “Залатая спадчына Віцебска”, прадпрымальнік Аляксандр Гіль, Генеральны дырэктар Цэнтра міжкультурнага дыялогу , ініцыятар мерапрыемства Любоў Уладыкоўская, Генеральны дырэктар беларуска-амерыканскага прадпрыемства “Аляксандраў Пасаж” Алег Дзенісюк.

Уладзімір Карагін і Любоў Уладыкоўская

Адкрыццё “круглага стала”

З прывітаннем ад Амбасады ЗША ў Рэспубліцы Беларусь — аташэ па пытаннях інфармацыі, адукацыі і культуры Сп. Кэры Лі.

Падчас дыскусіі.

Падчас дыскусіі.

Падчас дыскусіі.

Падчас дыскусіі.

Падчас дыскусіі.

Падчас дыскусіі.