Аляксандр Сянюць. Эсэ “Прабачце за дождж”

 Аляксандр Сянюць

Прабаче за дождж

 

Уступ

Я – шчаслівы чалавек: у мяне ёсць цудоўная прыгажуня жонка і лепшы ў свеце сынок.

А яшчэ, я шчаслівы таму, што восем гадоў таму, мне “падфарціла”, і я пабываў у Амерыцы. Хаця і прабыў там усяго чатыры месяцы, але менавіта гэты час лічу бадай ці не самым лепшым адрэзкам свайго жыцця.

Чаму?

Мне пашчасціла хоць на кароткае імгненне ахунуцца ў амерыканскую культуру – такую, для мяне беларуса, дзіўную і незвычайную, часам – смешную, а парою – вартую для пераймання. Культуру, якая назаўсёды панікула след у маёй душы…

Думаю, што пра нязвыкласць, казачнасць, адметнасць і прыцягальнасцьза  амерыканскай культуры лепш мяне раскажа гэта гісторыя, якая аднойчы сталася са мной і сябрам.

Гэты аповед – чыстая праўда, хаця і здаецца, што такое можа быць толькі ў сентыментальным кіно…

 

У пошуках працы

Месца дзеяння : Злучаныя штаты Амерыкі, штат — Ман, горад —  Портлэнд. Дзеючыя асобы: аўтар артыкула са сваім сябрам, жанчына-амерыканка, вадзіцель аўтобуса. Пара года – глубокая восень…

…Другі тыдзень я і мой прыяцель сядзім без работы. Грошы, якія ўзялі з дома,  амаль скончыліся. Дзень-два – і  “каюк”, трэба будзе тэлефанаваць бацькам, каб выслалі яшчэ.

Першая радасць ад знаходжання ў краіне Джорджа Вашынгтона змяняецца расчараваннем: каб жыць больш-менш у штатах, патрэбны “зялёныя”. І – не мала. А дзе іх узяць, калі няма працы? Мэта адна – знайсці работу. Пажадана – пастаянную.

Як на зло, ніхто нават на часовую не бярэ. У барах-рэстаранах, гатэлях і на аўтазапраўках міла ўсміхаюцца. Кажуць, што патэлефануюць, калі з’явіцца вакансія. А тэлефон маўчыць і нават не думае званіць…

Купляем ранішнюю газету з прапановамі аб працаўладкаванні. Напісана: “Патрабуюцца будаўнікі. Заробак высокі, стабільны”. Вось бы, думаем, нам гэту “рабацёнку”…  Але якія  з нас будаўнікі? Масцеры-ламасцеры!  Не, лямпачку ўкруціць, без праблем. Ну яшчэ цвік у сцяну прыбіць можам. На гэтым нашы будаўнічыя ўменні заканчваюцца. Параіліся-паспрачаліся з сябрам. Вырашылі, што на будоўлю працаваць не пойдзем. Сорамна!

Чытаем газету далей. Знаходзім аб’яву: “У рэстаран на кухню патрабуюцца мужчыны”.

— Кухня? – зморшчыўся Дзіма.  – Ты што жанчына, каб на кухні кашаварыць? Засмяюць жа, калі дамоў вернемся. Ды й нудна ўвесь дзень ля пліты стаяць, — запэўніваў прыяцель.

Паддаўшыся на гэтыя слабенькія аргументы, я згадзіўся пашукаць нешта мужчынскае.

Астатнія прапановы, мякка кажучы, былі не зусім для нас. Патрабаваліся: вэб-дызайнер, дзі-джэй на радыё, жадаючы на месяц выйсці ў акіян на “рыбалку”. Апошні варыянт хоць і абнадзейваў на добры заробак, але правесці трыццаць дзён на вадзе – гэта занадта крута. Пабаяліся.

За адсутнасцю лепшай, вярнуліся да аб’явы пра рэстаран. Абмяркавалі яе другі раз. І нарэшце высвятлілася, чаму Дзіму не падабалася работа на кухні: ён, дарэчы, як і я, не ўмеў гатаваць… Зноў не падыходзіць? Што рабіць? Іншых варыянтаў няма, таму выбіраем з усіх зол, найменшае.

Рэстаран, як аказалася, быў на другім канцы горада, у зусім не знаёмым для нас раёне. У інтэрнэце “прабілі”, як туды дабрацца. А замаляваць на паперы дэтальны план маршрута не здагадаліся. Паспадзяваліся на сваю выдатную памяць. Дарэмна…

Дабіраліся паўтары гадзіны да таго прыпынку, дзе ў нас была перасядка. Адтуль яшчэ хвілін трыццаць трэба праехаць да другога прыпынку. Па плану да рэстарана застаецца хвілін дваццаць пешшу. Нагадаю, мы – у незнаёмай мясцовасці, таму замест дваццаці хвілін патрэбны адрас шукаем гадзіну.

Нарэшце мы на месцы. Як толькі пераступаем парог рэстарана, адразу аднекуль вырастае мэнэджэр. Даведаўшыся, што мы прыйшлі не паабедаць, яго твар крыху пасумнеў – у рэстаране было нялюдна. Між іншым ён прапанаваў зайсці ў нейкі пакой, падобны на “падсобку”. Там стаяць мяккія крэслы, тэлевізар і відэамагнітафон. Мэнэджэр уключае кіно. У тэлевізары –  вясёлы малады чалавек. Ён радасна расказвае пра нашы абавязкі. У яго так лёгка і весела атрымліваецца падмятаць падлогу, прыбіраць “W” і “М” – па-нашаму – туалет, выносіць смецце. Здаецца, што большага шчасця яму і не трэба, таму што ў яго ёсць гэтая “цікавая, творчая і рэспектабельная” работа. Амерыканец гаворыць, што працагадзін пакуль у нас будзе мала. Восень – кліентаў мала. Таму і работы няшмат. Ён жа даводзіць, што працоўны дзень пачынаецца з сямі раніцы і нельга спазняцца, бо два папярэджанні і – “Goodbye”!

Па Дзімінай “міне” разумею – працаваць ён там не збіраецца. Ды і мне, па праўдзе кажучы, абсалютна не спадабалася работа. Адно тое, што да рэстарана дабірацца чорт знае колькі трэба…

Сумныя мы пакрочылі на аўтобусны прыпынак. Ідзем, ідзем, а прыпынка ўсё няма. Хадзілі мы з гадзіну па нейкім завулкам і толькі тады зразумелі – заблудзіліся. Якраз, па закону подласці, пачаўся дождж. На вуліцы ні душы. Што рабіць?..

 

Амерыканка-фея

 Аднекуль з-за павароту выйшла немаладая жанчына. Яна крочыла павольна, нікуды не спяшалася. Як быццам ёй падабалася гуляць пад дажджом. На яе твары, па зразумелай толькі ёй прычыне, была радасць. Нам падалося, што з ёй не зусім, як бы гэта мягчэй сказаць, усё ў парадку. Выбару не было, таму мы падыйшлі да незнаёмкі. На ломаным англійскім растлумачылі, што заблудзіліся і нам трэба знайсці аўтобусны прыпынак. Пачуўшы наш “дзікі” акцэнт, міс cпытала, адкуль мы. Даведаўшыся, шырока ўсміхнулася. Яе усмешка была натуральнай, ветлівай і шчырай. Жанчына паказала, куды ісці. Сказала, каб мы стаялі на прыпынку і, чакалі аўтобус, які яна нам зараз выкліча… І на развітанне дабавіла: “Прабачце, што ў Амерыцы ідзе дождж і вы прамоклі…”

Мы падзякавалі, а пра сябе падумалі: “вар’ятка”. Ну, згадзіцеся, хто ў Беларусі ці ў той жа Літве, Украіне будзе спецыяльна выклікаць для вас аўтобус?Я такіх пакуль не сустракаў. А вы? Ды й не раз чуў, як у нас некаторыя спецыяльна паказваюць дарогу не туды. Спецыяльна, “чыста па прыколу”…

Аказалася, што мы былі ў дзесяці кроках ад “нашага” прыпынку. Як самі яго не знайшлі? – не разумею і сёння. Але, гэта лепш. На прайшло і дваццаці хвілін, як пад’ехаў пусты аўтобус. Не паверыце – за намі. За рулём сядзеў цемнаскуры вадзіцель. Ён памахаў рукой і гэтым знакам запрасіў сесці ў аўтобус. Мы зайшлі. Дасталі  па долару, каб заплаціць за праезд.

— Не трэба,  — замахаў рукамі афраамерыканец.  – Вы – госці. Праезд аплачвае прымаючы бок. І… расмяяўся.

Не ведаю, як Дзіма, але я і яго запісаў у кампанію да дзіўнай амерыканкі. З нашым менталітэтам гэтых людзей не зразумець…

Мы сталі распытваць у вадзіцеля, адкуль ён даведаўся, што нам патрэбен аўтобус. “Маn” расказаў, што ў аўтапарк, дзе ён працуе, патэлефанавала нейкая жанчына. Яна сказала, што недалёка два рускіх хлопцы заблудзіліся і папрасіла адвесці іх туды, дзе яны жывуць. Не верагодна, але факт – нас даставілі акурат пад дом.

— Больш не блудзіце, — параіў цемнаскуры таварыш. — Там вашай “выратавальніцы” можа і не быць…

 

Р.S. Працу мы знайшлі праз пару дзён. Якую? Не помню – мы іх шмат змянілі… А вось дзіўную амерыканку і вадзіцеля аўтобуса я запомню на ўсё жыццё.   

Гэтыя людзі, самі таго не ведаючы, прадэманстравалі ЯКАЯ ДЗІЎНАЯ, НЯЗВЫКЛАЯ, КАЗАЧНАЯ, ПРЫЦЯГАЛЬНАЯ АМЕРЫКА І ЯЕ КУЛЬТУРА!

Абавязкова туды вярнуся!

 

Аўтарскі каментар

Ідэя напісаць заметку прыйшла, як толькі прачытаў пра конкурс у інтэрнэце. Але гэта гісторыя не стваралася спецыяльна пад яго: я часта расказваю яе на ўроках дзецям, а цяпер проста надаў ёй тэкставае абрамленне.

Сапраўды, сустрэча з дзіўнай амерыканкай мяне “зачапіла” і нешта перавярнула ў маім светаўспрыманні: цяпер я па-іншаму стаўлюся да  людзей, каму магу – дапамагаю.

Мне здаецца, што учынак той жанчыны з Амерыкі і ёсць жывое ўвасабленне амерыканскай культуры – дзіўны, казачны і варты для пераймання.

Спадзяюся, што той, хто прачытае гэту гісторыю паглядзіць на свет па-новаму і хоць на крышачку стане дабрэйшым!