Кароткія тэзы выступлення Любові Уладыкоўскай для прэс-канферэнцыі па выніках 2011 г. у Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва.
І паляпшэнне дзелавога клімату, і развіццё дзяржаўна-прыватнага партнёрства, як, зрэшты, і вырашэнне любых іншых эканамічных пытанняў, магчымае толькі пры сучасных падыходах — комплексных, сістэмных: не існуе асобна эканамічных праблем, асобна — сацыякультурных, гуманітарных. Ёсць цэласны сацыяльны арганізм.Важна забяспечыць дыялог розных сацыяльных груп – бізнес-супольнасці, акадэмічнай і культурнай эліты, разнастайных рухаў і ініцыятыў, чым і займаецца Цэнтр міжкультурнага дыялогу.
Спецыфіка нацыянальнага бізнесу (і культура прадпрымальніцтва, і культура інавацый, і культура інвеставання, даследаваннямі чаго займаецца Цэнтр), моцна залежыць ад беларускіх культурных традыцый, нашых стэрэатыпаў, ментальных установак, каштоўнасцей, і гэта трэба ўлічваць і пры распрацоўцы нацыянальнай платформы бізнесу, і ў міжнароднай дзейнасці.
Заўсёды належыць памятаць, што, праводзячы міжнародныя сустрэчы, канферэнцыі, выязджаючы за мяжу, рыхтуючы буклеты і т.п., мы прэзентуем сваю краіну і павінны садзейнічаць прасоўванню брэнда “Беларусь” у свеце. Адсюль – адказнасць і за прысутнасць (або адсутнасць) беларускай мовы, беларускай культурнай складковай увогуле. Апроч таго, менавіта культурная спецыфіка – асноўны прыцягальны фактар у турыстычным бізнесе, ён немалаважны ў інвестыцыйнай палітыцы і інш., пра што абсалютна відавочна сведчыць сусветны вопыт.
Вывучаючы і пераймаючы замежны вопыт, асабліва важна ўлічваць сацыякультурны фактар і нашай краіны, і кожнай з замежных краін. Без гэтай умовы канструктыўнае выкарыстанне сусветнага вопыту немагчымае.
На міжнародным узроўні Цэнтр працуе ў рэчышчы грамадска-культурнага дыялогу (дзе асноўная частка – бізнес-дыялог) па двух асноўных напрамках: еўрапейскім і амерыканскім.
31 студзеня 2012 г. Цэнтр ладзіць міжнародны“круглы стол” “Беларусістыка ў ЗША: шляхі развіцця”, дзе асноўная ўвага будзе ўдзяляцца пытанню прысутнасці беларускага бізнесу ў ЗША.
Запрашаем!