Вынікі сходу

02 лютага ўстанова “Міжкультурны дыялог” сабрала сваіх сяброў дзеля падсумавання вынікаў дзейнасці і вызначэння планаў на будучыню.

Прысутнічалі прадстаўнікі інтэлектуальнай, творчай, духоўнай і бізнес-эліты, сярод якіх – акадэмік, ганаровы дырэктар Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі Яўген Бабосаў, акадэмік, Старшыня Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў Міхась Касцюк, прафесар, загадчык кафедры БДУ Анатоль Зелянкоў, прафесар, загадчык кафедры БДПУ імя М.Танка Таццяна Камароўская, прафесар, дырэктар Інстытута кіравання і сацыяльных тэхналогій БДУ, экс-міністр адукацыі Пётр Брыгадзін, прафесар БДЛУ, Старшыня Асацыяцыі амерыканістаў Юрый Стулаў, прафесар, экс-міністр адукацыі і экс-рэктар БДУ Васіль Стражаў, прафесар, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута філасофіі НАН Беларусі Вольга Паўлоўская, протаіерэй, кіраўнік аддзела адукацыі і катэхізацыі Мінскага епархіяльнага ўпраўлення Беларускай Праваслаўнай Царквы айцец Аляксандр Шымбалёў, Генеральны дырэктар беларуска-амерыканскага прадпрыемства “Аляксандраў Пасаж” Алег Дзенісюк, намеснік Старшыні Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў Канстанцін Каламіец, іншыя вядомыя асобы.

Заснавальнік і Генеральны дырэктар установы “Міжкультурны дыялог” Любоў Уладыкоўская выступіла з прэзентацыяй аб выніках дзейнасці за перыяд 2010-2012 гг. і з прапановамі далейшага разгортвання міжнароднай дзейнасці ў сферы міжкультурнага дыялогу. Па яе словах, міжкультурны дыялог – гэта тая сфера, якая найбольш запатрабаваная сучаснай сусветнай гуманітарнай навукай і сацыяльнай практыкай. Менавіта ў полі міжкультурнага дыялогу Беларусь можа выступаць у ролі раўнапраўнага партнёра на глабальным узроўні. Існуе цэлая сістэма арганізацый, якія займаюцца міжкультурным дыялогам на розных кантынентах, і галоўная задача такіх арганізацый – пашырэння кантэксту ўзаемапавагі і партнёрства.

Цалкам лагічна, што мэты дзейнасці ўстановы “Міжкультурны дыялог” палягаюць у сферы ўмацавання беларускай суб’ектнасці ў сусветнай прасторы і пашырэння кантэксту міжкультурнага дыялогу.

Задачы акрэсліваюцца як
– наладжванне паўнацэннага канструктыўнага дыялогу з еўрапейскімі і амерыканскай нацыямі,
а метады – як
– пашырэнне пазітыўных ведаў пра Беларусь у свеце шляхам папулярызацыі лепшых дасягненняў у галіне мастацкай (прафесійнай і народнай) культуры, навукі, адукацыі, бізнесу, рэлігіі і інш. сфер сацыяльнага жыцця;
– а таксама правядзенне міжнародных міждысцыплінарных навуковых даследаванняў і прэзентацыя вынікаў (выданні, канферэнцыі, форумы, семінары, выставы, выступленні ў СМІ і інш.) у галіне сучаснага міжкультурнага дыялогу (на агульнанацыянальным і міжнародным узроўнях).

Гарачую дыскусію выклікала абмеркаванне планаў працы на 2013 г. Было вырашана ў якасці асноўных напрамкаў дзейнасці вызначыць:
– інстытуцыянальнае ўмацаванне (сяброўства, валанцёрства, Апякунская Рада, сталыя сувязі з адпаведнымі арганізацыямі на розных кантынентах);
– развіццё беларуска-амерыканскага дыялогу праз паглыбленне супрацоўніцтва з амерыканскімі партнёрамі і ажыццяўленне шэрагу праектаў у галіне міжкультурнага дыялогу;
– развіццё беларуска-еўрапейскага дыялогу праз рэалізацыю міжнародных навукова-асветніцкіх праектаў.

План канкрэтных мерапрыемстваў будзе прыняты ў бліжэйшы час пасля дапрацоўкі экспертамі.

Падчас сустрэчы аднадушным рашэннем усіх прысутных была створана Апякунская Рада ўстановы “Міжкультурны дыялог” у складзе:
1. Праф. Васіль Стражаў, экс-міністр адукацыі, экс-рэктар БДУ – старшыня.
2. Уладыка Серафім, Беларуская Праваслаўная Царква.
3. Яго Эксцэленцыя біскуп Антоній Дзямянка, Каталіцкі Касцёл у Беларусі.
4. Біскуп Евангельскіх Хрысціян-Баптыстаў Беларусі Віктар Круцько.
5. Старшыня Прэзідыума Вышэйшага Каардынацыйнага Савета Рэспубліканскай Канфедэрацыі Прадпрымальніцтва Уладзімір Карагін.
6. Дырэктар Дзяржаўнага Інстытута кіравання і сацыяльных тэхналогій БДУ, праф. Пётр Брыгадзін, экс-міністр адукацыі.
7. Генеральны дырэктар сумеснага беларуска-амерыканскага прадпрыемства “Аляксандраў Пасаж” Алег Дзенісюк.
8. Старшыня Праўлення Банка (кандыдатура ўзгадняецца).
9. Сябра саюзу мастакоў (кандыдатура ўзгадняецца).

Антон Выбранецкі.