Нацыянальная iдэя : Разважанні над спрадвечным

Нацыянальная iдэя : Разважанні над спрадвечнымКсёндз-магістр, пробашч Касцёла Св. Сымона і Св. Алены, кандыдат гістарычных навук, кансультант Цэнтра міжкультурнага дыялогу РКП
Уладыслаў Завальнюк

Нацыянальная ідэя паўстае, нараджаецца з нацыянальнай свядомасці

Хто мы, якія мы і што мы сабой уяўляем, адкуль нашы карані, хто нашыя продкі? Знайсці адказы на гэтыя пытанні нам дапаможа не толькі гісторыя, навука і тэхнічны прагрэс, але ў большай меры – вера і хрысціянскае сумленне.

Ствараючы агульнанацыянальны клімат ва ўсіх сферах дзейнасці народа – ад прыватнага жыцця, сям’і і да міжнароднай палітыкі дзяржавы – раздроблены народ сталее і ўсё больш кансалідуецца як нацыя.

Нацыянальная свядомасць – гэта і ёсць тая ўрадлівая глеба, у якую кладзецца зерне будучыні, назва якой – нацыянальная ідэя. Ідэя арганізоўвае і аб’ядноўвае асобных людзей у адзінае цэлае, у народ, які верыць, сумленна выконвае свой абавязак і імкнецца ў адпаведным, Госпадам пабласлаўлёным кірунку поруч з іншымі народамі. Трэба не толькі хацець і імкнуцца да пастаўленай мэты, але берагчы і цаніць усё тое, што мы ўжо маем.

Развіццё нацыянальнай ідэі – гэта заданне для кожнага народа на зямлі, а ў народзе – заданне для кожнага чалавека.

Народ, асэнсоўваючы сваю прысутнасць сярод краін, самаідэнтыфікуецца і падрастае да нормаў, распрацаваных міжнародным правам. І гэтая самаідэнтыфікацыя стае для таго ці іншага народа днём адчыненых дзвярэй для ўсіх народаў, працягласцю на ўсё жыццё і, дай Божа, на ўсе пакаленні.

Як Божае блаславенства не ведае межаў, так няхай нацыянальная ідэя не ведае межаў, падзелаў паміж народамі на зямлі.

Як гэты Божы храм, касцёл Святых Сымона і Алены, адзначае сваё стагоддзе існавання ў часе на канкрэтным месцы на зямлі, так ён яшчэ больш прысутнічае ў веры, навучанні, у сэрцах людзей. Ён ёсць у часе (на зямлі) і па-над часам (у сэрцах пакаленняў). Так, нацыянальная ідэя існуе ў часе (наша пакаленне), існуе яна і па-за часам у духу, сэрцах людзей, пакаленняў.

Ужо ў самым пачатку стварэння ў Святым Пісанні чытаем: Усявышні стварыў чалавека паводле Свайго падабенства. ”І сказаў Гасподзь: створым чалавека паводле падабенства Нашага” (Быц 1, 26). І далей: ”І сказаў Гасподзь Маісею: Я Гасподзь, Бог твой, Які вывеў цябе з зямлі Егіпецкай, з дому няволі; не будзе ў цябе іншых багоў перад абліччам Маім. Я Гасподзь, Бог твой, Бог раўнівы, Які караю дзяцей за правіны бацькоў да трэцяга і чацвёртага пакалення, тых, якія не любяць Мяне, і адараю міласэрнасцю да тысячнага пакалення тых, якія любяць Мяне і выконваюць Запаведзі Мае” (Зых 20, 1-2, 5-7).

Тут усё сказана аб ідэі накіраванасці чалавека да свайго Творцы, каб быць верным Госпаду, вярнуцца да Яго і шчасліва прабываць з Ім вечна. Дух, духоўнасць вечныя, і менавіта на гэтым фундаменце, які трывае вечна, трэба будаваць чалавечую, нацыянальную ідэю, якая ў адзінстве з духоўнай будзе трываць праз далёкія, тысячныя пакаленні. На Гасподняй, адвечнай і збаўчай ідэі мудра будаваць і сваю зямную, нацыянальную ідэю, у чым мы пераканаемся, калі паразважаем далей над гэтым пытаннем разам.

Нацыянальная ідэя ва ўсіх народаў свету бярэ пачатак ад дзвюх першакрыніц-прычын, а менавіта: 1) культурна-інтэлектуальнай; 2) духоўна-сумленнай. Нацыянальная ідэя рэалізуецца на жывой істоце, імя якой Homo sapiens (Чалавек разумны). Адна ідэя без другой з’яўляецца недасканалай. Немагчыма дасягнуць правільнага і поўнага разумення нацыянальнай ідэі ва ўсёй яе велічы, а тым больш рэалізаваць яе, не ўзяўшы пад увагу абедзве першакрыніцы. Няма дасканалай веры, духоўнасці і святасці без культуры паводзін і інтэлектуальнай прыналежнасці, і няма дасканалай, інтэлектуальнай культуры без веры і духоўнай сумленнасці.

Першая – гэта інтэлектуальны ўзровень таго ці іншага народа, яго пазнанне і разуменне навакольнага, экстэрыяльнага, матэрыяльнага свету, яго падпарадкаванне, панаванне над ім, кіраванне светам з яго законамі.

Другая – гэта высокі духоўны ўзровень сумлення народа (заўсёды і ў кожным канкрэтным выпадку) ў поўным значэнні гэтага слова. Асабліва гэта датычыць асоб, якія ўзначальваюць народ, кіруюць ім.

Жыць супольна, выжываць, абараняцца, здабываць ежу сабе, дзецям і свайму роду, размнажацца – гэта адно. Прысутнасць ва ўсе часы розных вераванняў, дзейнасць знахараў і прадказальнікаў аніяк не можа сведчыць пра нацыянальную ідэю.

Калі тыя ці іншыя групы людзей збіраліся ў вялікія групы і займалі вялікую тэрыторыю, падпарадкоўвалі сабе суседнія народы, каб толькі жыць, есці, піць і ўладарыць, – усё гэта сведчыць пра вельмі зямны стыль іх жыцця. Бо дух яшчэ не абудзіўся, а ва ўсім дамінавала зямное, язычніцкае, што ніяк не давала магчымасці зразумець у поўні сваё зямное заданне. Ахарактарызаваць іх стыль жыцця можна так: мудрасць і інтэлект высокія, а духоўнасць неабуджаная. Егіпецкае царства, Асірыйскае, Вавілонскае, нават Рымская імперыя “спалі” сваім язычніцкім сном аж да прыходу хрысціянства.

Першую нацыянальную ідэю на зямлі мы бачым у Святым Пісанні. Менавіта Біблія знаёміць нас з велічнай гістарычнай постаццю Маісея. Маісей па волі Божай стае перад сваім народам, абуджае ў ім дух веры, сумлення і гонару. Ён нагадвае суайчыннікам, хто такі народ яўрэйскі, адкуль ён выйшаў, і што гэты народ абраны Госпадам. Што ён, народ, павінен вярнуцца на Бацькаўшчыну, да сваіх прашчураў і першавытокаў свайго існавання, і ў далейшым свята захоўваць веру сваіх продкаў, традыцыю, мову і культуру сярод іншых, язычніцкіх народаў. Гэтае заданне, ідэя іх не толькі ратавала, але і захавала ад растварэння сярод іншых народаў, культур, язычніцкіх вераванняў. Яўрэі змаглі на працягу тысячагоддзяў развіць сваю культуру, чысціню веры і стаць народам, годным Месіі для ўсяго свету, – Ісуса Хрыста.

У час егіпецкай няволі яўрэйскі народ быў фізічна здаровым, здольным, таленавітым, працавітым, як гэта бачым з дзеянняў, апісаных у Бібліі, але духоўна затарможаным, заспаным. Усё зводзілася да ежы, піцця і фізічнага выжывання. Усе апісаныя дзеянні, ідэалагічная барацьба Маісея з фараонам і ўсім Егіптам зводзілася да аднаго: абудзіць у ізраільцян дух патрыятызму, пашаны да продкаў і любові да Бацькаўшчыны, а гэта і ёсць нацыянальная ідэя яўрэйскага народа. Маісей ад імя Госпада ставіць перад народам заданне: устаць і ісці да зямлі абяцанай. І народ абудзіўся, паверыў – народ пайшоў.

Маем прыклад і ў Новым Запавеце, калі Сын Божы Ісус Хрыстос ставіць заданне-ідэю ўжо перад усім чалавецтвам, светам. “Хто не са Мною, той супраць Мяне; і хто не збірае са Мною, той раскідае” (Мф 12, 30).

Хрыстова вучэнне, хрысціянства – гэта бескампрамісная ідэя і ўжо не для аднаго народа, але для ўсіх народаў і пакаленняў, бо Гасподзь Бог – па-над усімі. Усе мы становімся адзіным хрысціянскім народам Божым, і тут задзейнічана ўся прамудрасць Боская, дзесяць Божых Запаведзяў, Стары і Новы Запаветы, вучэнне Ісуса Хрыста, Сына Божага, Святыя Таінствы.

Дык вось менавіта ў кантэксце адвечнай духоўнай прамудрасці мы паспрабуем раскрыць заданне нацыянальнай ідэі нашага народа. Бо, як бачыце, каб нацыянальная ідэя зарадзілася, вяла народ і была дзейснаю праз многія пакаленні, яна абавязкова павінна базавацца на духоўнасці, якая трывае вечна. Без сумленнай духоўнасці ніколі не будзе дзейснай нацыянальнай ідэі, будзе хутчэй эгаістычна-шавіністычная, як маем прыклады інтэлектуальных ідэй рэвалюцый у розных краінах і іх часовае постіснаванне. Існуюць прыклады бяздушных і ўтапічных ідэй асобных людзей, як, напрыклад, Вальтэра (французская рэвалюцыя), Адольфа Гітлера (фашызм, гітлерызм), Леніна (камунізм), Сталіна (сталінізм)…

Як Рымскую язычніцкую імперыю абудзіла, ажывіла і ачысціла хрысціянства сваёй духоўнасцю, так хрысціянства падняло з язычніцтва ўсю Еўропу, у тым ліку і нашую краіну. Хрысціянскі дух веры і культуры перамог эгаізм Гітлера з яго фашызмам і кастрычніцкі бязбожны пераварот з яго ўтапічным камунізмам, які трываў толькі некалькі дзесяцігоддзяў, а мы думалі, што назаўсёды, але перабудова яго як кароўка языком злізала. І дзе тая ідэя, дзе тыя ідэолагі, калі ўсё зводзіцца толькі да зямнога, часовага і “бренного”. Дух вечны, а ў духу – і мы, наша будучыня, наша краіна, а ў ёй – наш народ.

І цяпер маем аднаўленне, духоўны рэнесанс вяртання да духоўных крыніц, першавытокаў веры і хрысціянскай традыцыі. А ўсё толькі таму, што духоўнае – вечнае, а зямное, інтэлектуальнае – часовае і зменлівае, яно заўсёды ўдасканальваецца і рэфармуецца. Хрыстос учора, сёння і назаўсёды. Колькі было пад гэтым сонцам розных імперый, палітычных сістэм і іх ідэй – усе яны распаліся, а Хрыстова Усяленская Рымска-Каталіцкая Царква ўжо ў трэцім тысячагоддзі жыве, адраджаецца і існуе. Бо яна спалучана з адвечным, духоўным і Божым, у Якім усе мы жывём, рухаемся і існуем.

Але на базе алагічнай рэлігійнасці і непісьменнага фанатызму паўсталі многія секты і плыні, якія не маюць аніякай інтэлектуальнай логікі, духоўнага завяршэння і ацэнкі дару зямнога жыцця, як свайго, так і іншых, што прыводзіць да самазнішчэння, самаспальвання, нянавісці да іншых, фанатычнага тэрарызму. Сама ідэя камунізму была пастаўлена на фундамент фанатычнага, сляпога страху, безапеляцыйнага веравання. Гэта была шырокамаштабная секта. Што такое навуковы атэізм? Ніхто да сённяшняга дня не ведае і не можа даць дакладнага адказу. Адзінае, што можна сказаць, – гэта спрытны сатанізм, завуаляваны пад псеўданавуку (навуковы атэізм), на бяздушнай (разумей, бязбожнай), несумленнай аснове. Ад самага пачатку ён асудзіў сябе на пагібель, але за сабою пацягнуў сотні мільёнаў ахвяр, бязвінных людзей. Духоўнасць вечная, і любая чалавечая ідэя, планы, спадзяванні павінны накладвацца, спалучацца, гарманіраваць з вечнай воляй Божай. Тады, дзякуючы святой вытрымцы, магчыма, і не аднаго пакалення, гэтая праца прынясе шчодры плён. Маісей сам, без дапамогі Божай, не тое, што не прывёў бы народ абраны да зямлі абяцанай, але нават не змог бы арганізаваць яго ў Егіпце.

Арганізаваць народ, пакаленне для ідэі – гэта адно, накіраваць – гэта іншае, а весці ў пакаленнях і вяках – гэта зусім іншае. Тут аніяк не спрацоўвае чалавечы фактар розуму, матэрыяльнай базы і фізічных здольнасцей, а толькі духоўны, Божы – вера, якая па-над часам і пакаленнямі.

Беларусь, вярніся да Бога, веры і духоўнага жыцця, і тады станеш прыкладам для ўсяго свету і блаславенствам для свайго народа!

Беручы пад увагу вышэйзгаданае, зададзім пытанне: а што браць за аснову для беларускай нацыянальнай ідэі? Толькі часовы, матэрыяльны дабрабыт краіны, культываваць інтэлектуальна-культурны росквіт? Аднак усё гэта вельмі хісткае і павярхоўнае. Бо і цяпер мы б’ёмся за матэрыяльны дабрабыт і культуру. Ці атрымліваем добрыя вынікі шчаслівага жыцця ў сем’ях і супольнасці, ці перастала разрастацца злачыннасць, тэрарызм, наркаманія, п’янства, разводы, войны? Наадварот, усё часцей чуем папярэджванні пра разрыў паміж тэхналагічным прагрэсам і развіццём чалавека як асобы.

Трэба рыхтаваць глебу пад нацыянальную ідэю на духоўным узроўні веры і сумленнасці і не баяцца, не саромецца гэтага. Вера – мой гонар!

Ідэя дзяржавы, яе вучоных мужоў, якія адлюстроўваюць волю і ўзвышаныя пажаданні большасці карэннага насельніцтва краіны, і з’яўляецца нацыянальнай ідэяй. Але, каб яна жыла ў вяках, яе трэба паставіць на духоўную аснову, веру і сумленнасць, зацэментаваць на культурным, інтэлектуальным, тэхнічным і эканамічным узроўнях хрысціянскім духам усяго народа.

Нацыянальную ідэю трэба не толькі культываваць у народзе, але і сумленна выхоўваць праз веру і Боскае вучэнне. Менавіта на Хрыстовай Усяленскай Царкве ляжыць святы абавязак і клопат пра сям’ю і выхаванне дзяцей – будучыню народа. Царква заўсёды стаіць на варце міру і спакою, распачынаючы ад сэрца чалавечага, яго сям’і, да народа і паміж народамі, ва ўсім свеце. Менавіта Царква навучае свята любіць сваю Бацькаўшчыну і свой народ. Хрыстова Усяленская Рымска-Каталіцкая Царква – не секта і не вораг свайму народу, яна паклікана служыць усяму чалавецтву аднолькава. “Ідзіце па ўсім свеце і прапаведуйце Евангелле кожнаму стварэнню” (Мк 16, 14.)

У Богу і Яго мудрасці трэба будаваць будучыню сваю і свайго краю, тады і чыны людскія будуць мудрыя, сумленныя і доўгатрывалыя.

І таму недасканалыя і зменлівыя ідэі, што недасканалы сам чалавек.

Што такое рэвалюцыя? Гэта гвалтоўная перабудова. Чалавецтва заўсёды жыве ў перабудовах-рэвалюцыях: не туды ішлі, не тое будавалі, не так думалі, а церпіць чалавек толькі таму, што не хоча ўзяць за мэту Божую мудрасць – Біблію, вучэнне Ісуса Хрыста. Без веры ў Госпада любая ідэя слабая, вельмі зямная і недоўгатрывалая. Чалавецтва хоча жыць жыццём аднаго пакалення, таму стварае жыццё на свой манер, а вера прымушае сумленна глядзець у далёкія пакаленні, да канца свету, да неба. Святы Францыск Асіжскі навучае: “Жыві і ўжывай жыццё так, нібы заўтра ты адыдзеш у вечнасць, а працуй і выконвай усе абавязкі так, нібы ты будзеш жыць на зямлі заўсёды”. У кожнага чалавека і народа прысутнічае вера, як і само жыццё, і якой бы яна (вера) ні была, – нават у курганы, амулеты, вера ў куміра ці генералісімуса, у важака, – людзі вераць. Якая вера, такая і ідэя! Зямная вера – і зямныя, нетрывалыя ідэі. Як сваё ўсебаковае жыццё чалавек павінен развіваць і ўдасканальваць праз вучобу, намаганні, так і веру ў Адзінага Госпада, Творцу ўсяго бачнага і нябачнага павінен спасцігаць і захоўваць, у чым нам вельмі дапамагае Святое Пісанне і навука Сына Божага Ісуса Хрыста ў святынях Беларусі, каб быць дасканалымі і святымі (ідэальнымі). Як у жыцці зямным, чалавек можа быць абыякавым і “апусціцца”, так і ў веры, у духоўным жыцці, чалавек можа сысці, “апусціцца” да ідалапаклонства.

У касцёле Святога Сымона і Святой Алены кожную нядзелю ў 19.00 служыцца Святая Літургія-Імша за Бацькаўшчыну. Што гэта такое і як гэта разумець? Вельмі проста: мэта – на духоўным, хрысціянскім узроўні абудзіць у людзей замілаванне да Бацькаўшчыны, да кожнага чалавека, раслінкі, якая расце на нашай зямлі, да прыроды і кожнага каменьчыка, да ўсёй гістарычнай спадчыны. Адным словам, гэтая Святая Літургія – за цябе і тваю жыццёвую калыску – Беларусь. За тых людзей з далёкіх тысячагоддзяў, якія сталі першымі тваімі продкамі, і за тых у будучыні, якія пасля цябе будуць карыстацца гэтымі дабротамі нашай Бацькаўшчыны, якімі ты карыстаешся сёння. Ты і яны. А над намі ўсімі Гасподзь Бог, Альфа і Амега, пачатак і канец, ад Якога мы атрымалі жыццё і да Якога вернемся пасля зямнога вандравання.

Родная беларуская мова распачынаецца над калыскаю дзіцяці, падчас хрышчэння ў Божым храме, з першай малітваю разам з маці да Анёла- Ахоўніка. Разам з інтэлектуальным успрыманнем свету ідзе свет духоўны, свет сумлення і сэрца.

Толькі ў Богу мы моцныя, і з Богам мы выканаем святую справу нацыянальнай ідэі, да якой падрастаюць і імкнуцца многія народы свету.

Уся культура і прагрэс навуковы, тэхнічны і эканамічны павінны базавацца на духоўнай глебе. Возьмем у прыклад усім нам добра вядомага суайчынніка Францыска Скарыну, які быў славутым вучоным, філосафам, доктарам медыцыны і гуманітарных навук, першадрукаром. Але чым ён найбольш праславіўся і прыйшоў да нас праз стагоддзі? Заўсёды чуем, што ён выдаў на беларускай мове Біблію, духоўнае слова, нават не так важна, што ён быў католікам. Духоўнасць і вера ўзялі верх, а не яго навуковыя працы, дзейнасць як спецыяліста, бо любому чалавеку так ці інакш трэба іх выконваць, каб зарабляць грошы, калі хочаш жыць і пракарміць сям’ю, а духоўнасць грошай не патрабуе, ідэя існуе не за плату, а з дабрыні і ахвярнасці сэрца і душы. І тут мы пераконваемся, што спачатку павінна існаваць духоўная аснова, вера, сумленне, а потым веды, праца над рознага роду прагрэсам (эканамічным, навуковым, інтэлектуальным і тэхнічным).

Хто такі Homo sapiens? Гэты тэрмін абазначае не толькі мудрага, вучонага чалавека, чалавецтва, які ведае ўсё наваколле з усімі яго дзеяннямі, але чалавека, які дзякуючы веры і правільнаму сумленню разумее сябе самога і сваё жыццёвае заданне. Менавіта ў гэтым і ёсць духоўны прарыў і адрыў чалавека ад усяго зямнога і часовага, адрозненне чалавека зямнога ад чалавека духоўнага.

Дазвольце сказаць адкрыта, гэта маё суб’ектыўнае перакананне – святара, служэнне якога ў святарстве Святой Хрыстовай Усяленскай Царкве ўжо, дзякуй Богу, 36 гадоў. З Божай дапамогаю я перажыў шмат. Атэістычна-камуністычную ідэю за свае святарскія гады я добра вывучыў і адчуў на сабе. Я моцна перакананы, што нацыянальная ідэя Беларусі можа быць рэалізавана дзякуючы даверу паміж усімі трыма Цэрквамі Беларусі на чале з Усяленскай Рымска-Каталіцкай Царквою з яе духоўным і інтэлектуальным патэнцыялам. Я за тое, каб мадэль нацыянальнай ідэі Беларусі будаваць на духоўным прыарытэце-вучэнні менавіта гэтай Царквы, таму што яна Усяленская і прысутнічае ўжо трэцяе тысячагоддзе сярод народаў усяго свету. У яе ёсць чаму павучыцца і зачарпнуць духу чысціні веры, традыцыі і святасці.

Беларусь шмат губляе, адмаўляючыся прызнаць Папу і яго вярхоўнасць ва Усяленскай Рымска-Кефалічнай Царкве, не жадаючы запрасіць яго ў нашу краіну. Гэта паўтор савецкай рэлігійна-палітычнай самаізаляцыі, пасля якой мы становімся незразумелымі для ўсяго свету. Усім вядома, што страляў у Папу Рымскага Іаана Паўла II камуністычны рэжым, ахвяраю якога стаў у Польшчы ў 90-х гадах Святы мучанік Ежы Папялушка.

Чаму я за Усяленскую Рымска-Каталіцкую Царкву як першую?

Пагартайце старонкі гісторыі Беларусі і стане зразумела, як Усяленская Рымска-Каталіцкая Царква дапамагала падняцца нашаму народу і краю ў духоўным, інтэлектуальным і эканамічным жыцці на еўрапейскім ўзроўні на працягу стагоддзяў, і як царызм усё ліквідаваў, закрываў, распачынаючы ад школ, універсітэтаў і акадэмій да ліквідацыі манастыроў, храмаў і духоўных цэнтраў.

Чаму яшчэ сёння, у час актыўнага аб’яднання народаў і пошуку глыбокага паразумення паміж імі мы адчуваем супраціў Усяленскай Рымска-Каталіцкай Царкве? Папу Рымскага прызнае і шануе ўвесь свет, усе рэлігійныя і палітычныя вызнанні: іслам, іудаізм, кубінскі камунізм, – і толькі ў нас адчуваецца адмежаванне. І гэта цяпер, у наш час, пасля царызму і атэістычнага камунізму!

Такія веравызнанні, як іслам, іудаізм, больш адпавядаюць сваім народам, сваёй культуры, а хрысціянства Усяленскай Рымска-Каталіцкай Царквы сваім вучэннем актуальнае ва ўсім свеце і для кожнага народу. Менавіта яно зможа аб’яднаць наш народ – разам з Праваслаўнай і Грэка-Каталіцкай Цэрквамі Беларусі, без ніякіх шавіністычных настрояў і расстрояў. Там Расія, а тут Беларусь. Там Польшча, а тут Беларусь. Там ісламскі ці яўрэйскі свет, а тут хрысціянскі.

На міжнародным летнім з’ездзе моладзі ў Івянцы (2010 г.) адбылася і экуменічная сустрэча ў касцёле з Паслом Дзяржавы Ізраіль Эдвардам Шапіра, галоўным равінам Беларусі Рыгорам Абрамовічам і старшынёю ўсіх яўрэйскіх абшчын Беларусі Леанідам Левіным, дзе Пасол у сваім выступленні падкрэсліў: “Мы адной веры ў Госпада, нас нішто не павінна раздзяляць”.

Вельмі часта новаабраныя Прэзідэнты толькі распачынаюць хадзіць у храм, вучыцца, як там сябе паводзіць, у якой руцэ трымаць свечку і якой жагнацца. Яны рэдка або нават ніколі не пераступалі парог святыні, Божага Дома. Таму і ўся выбарчая кампанія і абяцанні ставяцца толькі на часовае і матэрыяльнае, а духоўнае і вечнае застаецца па-за ўвагаю. А менавіта людзі, электарат больш перажываюць за згоднае жыццё, як у сваёй сям’і, так і ў сем’ях сваякоў. Людзі прагнуць спакою, увагі і чалавечнасці. Калі б кандыдат у Прэзідэнты з усёй сям’ёй рэгулярна наведваў храм, быў абвенчаны са сваёю жонкаю, па-хрысціянску выхоўваў дзяцей, маліўся і меў Бога ў сэрцы, тады не трэба было б рабіць перадвыбарнае спаборніцтва.

Народ, які ведае такога кандыдата, адзінагалосна прагаласуе толькі за яго. Мы намагаемся пабудаваць толькі матэрыяльны свет і дабрабыт, але не трэба забываць пра свет духоўны, духоўныя даброты, красу душы і духу.

Часта чуем гаворку пра еўрапейскія каштоўнасці-даброты, але якія? Як гаворыць шаноўны Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, існуюць толькі евангелічныя каштоўнасці-даброты, а што прапануе нам сёння Еўропа? Ратыфікацыю разводаў, легалізацыю абортаў, аднаполыя шлюбы, легалізацыю геяў і лесбіянак, эўтаназію старых і хворых маладых, здыманне крыжоў у школах, шпіталях і іншых дзяржаўных установах, легалізацыю слабых наркотыкаў? Няўжо гэта і ёсць каштоўнасці па-еўрапейску?

Трэба ажыццявіць яднанне ў адной, Хрыстовай веры каталікоў, праваслаўных і грэка-каталікоў у беларускім рэчышчы і братняй любові. Дакажам, што мы настолькі адукаваныя і любім Госпада, разумеем усю сітуацыю, што далей па жыцці пойдзем разам, як пра гэта мы часта гаворым, а менавіта пра беларускую поліканфесійнасць, рэлігійнае разуменне і цярплівасць. Давайце жыць і працаваць у адзінстве веры для Беларусі і яе ідэі, і гэта будзе нашым першым крокам, укладам, узрастаннем да нацыянальнай свядомасці, каб праз пэўны час усе мы наблізіліся да важнейшага задання – нацыянальнай ідэі. Каб заняць дастойнае месца сярод народаў свету. Дапамажы нам Божа!

Вывады:

  • 1. Нацыянальная ідэя паўстае, нараджаецца з нацыянальнай свядомасці.
  • 2. Нацыянальная свядомасць і ёсць той урадлівай глебай, у якую кладзецца зерне будучыні, назва якой – нацыянальная ідэя.
  • 3. Нацыянальная ідэя – гэта заданне кожнага народа на зямлі, а ў народзе – заданне кожнага чалавека.
  • 4. Трэба, каб Еўрасаюз існаваў не толькі для еўрапейскіх народаў, дзяржаў, але каб гэты прыклад стаў агульначалавечым, – Universum populi – Unipol.
  • 5. Як Божае блаславенства не ведае межаў, так няхай нацыянальная ідэя не ведае межаў, раздзелаў паміж народамі на зямлі.
  • 6. На Гасподняй, адвечнай і збаўчай ідэі мудра будаваць і сваю зямную, нацыянальную ідэю – ідэю нашага народа.
  • 7. Нацыянальная ідэя ва усіх народаў свету бярэ пачатак ад дзвюх першакрыніц-прычын: культурна-інтэлектуальнай і духоўна-сумленнай.
  • 8. Пра першую нацыянальную ідэю на зямлі мы чуем не дзе-небудзь, а ў Святым Пісанні, менавіта Біблія нас знаёміць з такой велічнай гістарычнай постаццю Маісея, які па волі Божай стае перад сваім народам і нагадвае, абуджае ў ім дух веры, сумлення і гонару.
    Маісей ад імя Госпада ставіць перад народам заданне, ідэю – устаць і ісці да Зямлі Абяцанай. І народ верыць – народ ідзе.
  • 9. Маем прыклад і ў Новым Запавеце – у выпадку з Асобаю Сына Божага – Ісуса Хрыста, Які ставіць заданне-ідэю ўжо перад усім чалавецтвам, светам.
    “Хто не са Мною, той супраць Мяне; і хто не збірае са Мною, той раскідае” (Мф 12, 30).
    Хрыстова вучэнне, хрысціянства – гэта бескампрамісная ідэя – і ўжо не для аднаго народа, але для ўсіх народаў і пакаленняў, бо Гасподзь Бог – па-над усімі.
  • 10. Без сумленнай духоўнасці ніколі не будзе дзейснай нацыянальнай ідэі.
  • 11. Нацыянальную ідэю трэба не толькі культываваць у народзе, але і сумленна выхоўваць дзякуючы веры і Боскаму вучэнню. Менавіта на Царкве ляжыць святы абавязак і клопат пра сям’ю і выхаванне дзяцей, будучыню народа.
  • 12. Родная беларуская мова распачынаецца над калыскаю дзіцяці, падчас хрышчэння ў Божым храме, з першай малітваю разам з маці да Анёла- Ахоўніка. Разам з інтэлектуальным успрыманнем свету ідзе свет духоўны, сумлення і сэрца.
  • 13. Толькі ў Богу мы моцныя, і толькі з Богам мы выканаем святую справу нацыянальнай ідэі, да якой падрастаюць і імкнуцца многія народы свету. Уся трывалая культура і прагрэс навуковы, тэхнічны і эканамічны могуць быць пабудаваны толькі на духоўнай глебе.
  • 14. Нацыянальная ідэя Беларусі можа быць рэалізавана дзякуючы поўнаму даверу да Усяленскай Рымска-Кефалічнай Царквы ў Беларусі. Я за тое, каб мадэль нацыянальнай ідэі Беларусі будаваць на духоўным вучэнні менавіта гэтай Царквы, таму што яна Усяленская і прысутнічае ўжо трэцяе тысячагоддзе сярод народаў усяго свету. Менавіта яна павінна нас аб’яднаць без ніякіх шавіністычных настрояў.
    Належыць ажывіць сумленнае яднанне ў адной, Хрыстовай веры каталікоў, праваслаўных і грэка-каталікоў – у беларускім рэчышчы і братняй любові.