Дайджэст

30 мая ў Мінску адбылася II Міжнародная навуковая канферэнцыя “Міжкультурны дыялог: сучасныя даследаванні і глабальная практыка”. Канферэнцыю арганізавала ўстанова “Міжкультурны дыялог” пры ўдзеле Амбасады ЗША ў Беларусі і Польскага інстытута ў Мінску, з падтрымкай Дзяржаўнага інстытута кіравання і сацыяльных тэхналогій БДУ.

У сустрэчы ўзялі ўдзел загадчыкі кафедраў універсітэтаў Беларусі (Мінска, Гродна, Полацка і інш. рэгіёнаў), прадстаўнікі бізнесу і рэлігіі, кіраўнікі і прадстаўнікі дыпламатычных місій ЗША, Індыі, Швейцарыі, Турцыі, Славакіі, Грузіі і іншых краін, а таксама Польскага інстытута ў Мінску.

Падчас канферэнцыі гарачую дыскусію выклікала прэзентацыя кнігі Любові Уладыкоўскай “Міжкультурны дыялог: амерыканская парадыгма”. У кнізе раскрываюцца сучасныя падыходы да міжкультурнага дыялогу, шматлікія яго канцэпцыі і практычныя ўвасабленні, паказваецца сістэма спецыфічных рысаў амерыканскай парадыгмы міжкультурнага дыялогу ў яе параўнанні з парадыгмай еўрапейскай. У дыскусіі ўзялі ўдзел былыя міністры адукацыі і навукі Беларусі праф. Васіль Стражаў і праф. Пётр Брыгадзін, а таксама акадэмік Яўген Бабосаў, праф. Анатоль Зелянкоў, праф. Аляксандр Смолік, праф. Георгій Бутрым, праф. Людміла Рычкова, праф. Вольга Паўлоўская, праф. Марыя Путрова, праф. Ірына Савелава, ксёндз Уладзіслаў Завальнюк, кіраўнік бізнес-асацыяцыі Уладзімір Карагін і інш.

Як было адзначана ўсімі ўдзельнікамі канферэнцыі, кніга стала чарговым, вельмі важным этапам у дзейнасці ўстановы “Міжкультурны дыялог”, накіраванай на станаўленне міжкультурнага дыялогу як асобнага напрамку беларускай гуманітарнай навукі і сацыяльнай практыкі – у адпаведнасці з вострымі патрэбамі часу.

Дырэктар Дэпартамента культуры і нацыянальнай спадчыны Маршалкоўскага ўпраўлення Падляскага ваяводства Анатоль Вап прэзентаваў Праграму полікультурнай адукацыі “Глядзі, чалавек!”, а пытанне захавання матэрыяльнай спадчыны беларуска-польска-ўкраінскага памежжа падняла падчас прэзентацыі выставы дэкаратыўна-прыкладной творчасці вядомы даследчык Наталля Канановіч.