Зварот грамадскасці аб ушанаванні памяці У. Конана

 

Генеральны дырэктар Установы “Міжкультурны дыялог” Л.М. Уладыкоўская прыняла ўдзел у звароце дзеячоў навукі, культуры, мастацтва і адукацыі, сваякоў, прадстаўнікоў грамадскасці да кіраўнікоў шэрагу дзяржаўных органаў і ўстаноў з просьбай паспрыяць здзяйсненню прапанавых захадаў да ўшанавання памяці выдатнага беларускага філосафа У. Конана, які памёр у мінулым годзе.

 

Зварот ужо атрымаў адказы ад Інстытута філасофіі НАН Беларусі, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Навагрудскага раённага выканаўчага камітэта, у якіх выказваюцца падтрымка і прапановы па супрацоўніцтве, распавядаецца пра меры, што прымаюцца. Інстытут філасофіі НАН Беларусі паведаміў пра захады да завяршэння выдання двух застаўшыхся тамоў “Гісторыі эстэтычнай думкі Беларусі” У. Конана, выказаў гатоўнасць выступіць арганізатарам міжнародных Конанаўскіх чытанняў. Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь падтрымлівае прапанову па ўсталяванні помніка У. Конана на месцы яго пахавання на Паўночных могілках г. Мінска, ідэі заснавання Конанаўскіх чытанняў і навуковай прэміі імя У. Конана, а таксама прапаноўвае стварыць камісію са сваім удзелам для ажыццяўлення прапанаванага комплексу мерапрыемстваў па ўшанаванні яго памяці. Навагрудскі раённы выканаўчы камітэт паведаміў сярод іншага і пра пачатак падрыхтоўкі ў Навагрудскім раёне выстаў і мерапрыемстваў, прысвечаных памяці У.Конана, а таксама лічыць мэтазгодным праводзіць Конанаўскія чытанні на навагрудскай зямлі.

 

Прапаноўваем Вашай увазе тэкст звароту:

Старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Русецкаму А.М., Міністру культуры Рэспублікі Беларусь Латушку П.П., Старшыні Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Ладуцьку М.А., Старшыні Навагрудскага раённага выканаўчага камітэта Маркевічу А.М.

29 чэрвеня 2012 г.

 

6 чэрвеня 2012 г. мінуў год з дня смерці слыннага беларускага філосафа, гісторыка, літаратуразнаўцы, доктара філасофскіх навук, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Уладзіміра Міхайлавіча Конана.

 

Уладзімір Конан на працягу многіх гадоў плённа займаўся навуковай дзейнасцю ў самых розных галінах ведаў – філасофіі, эстэтыцы, культуралогіі, літаратуразнаўстве, фалькларыстыцы, міфалогіі, мастацтвазнаўстве, рэлігіязнаўстве. Яго ўнёсак у беларускую навуку і культуру вымяраецца не толькі тысячамі артыкулаў, у тым ліку ў энцыклапедычных выданнях, і дзесяткамі манаграфій, але найперш прызнанай роляй стваральніка нацыянальнай гісторыка-філасофскай школы.

 

У цэнтры ўвагі У.Конана знаходзіліся такія значныя для нашай краіны асобы, як Ф.Скарына, А.Міцкевіч, Я.Купала, Я.Колас, М.Багдановіч, А.Бабарэка, А.Станкевіч, кожнаму з якіх прысвечана асобная кніга альбо шэраг грунтоўных артыкулаў.

 

Асноўным месцам працы У.Конана на працягу доўгіх гадоў з’яўляўся Інстытут філасофіі (і права) Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі. Даследчык да апошніх дзён жыцця рупіўся над фундаментальным выданнем “Гісторыя эстэтычнай думкі Беларусі” у трох тамах, першы том якога выйшаў пад эгідай Інстытута філасофіі ў 2010 годзе. Давесці да годнага завяршэння гэтую важную справу – святы абавязак калег і паслядоўнікаў У.Конана.

 

Імя У.Конана, памяць пра яго і плён яго шматгадовай дзейнасці на карысць Беларусі безумоўна заслугоўваюць належнага ўшанавання з боку дзяржавы і грамадства.

 

Самай неадкладнай задачай з’яўляецца на гэты момант захаванне асабістага архіву У.Конана, што знаходзіцца пераважна ў яго мінскай кватэры, дзеля яго далейшага навуковага выкарыстання.

 

Акрамя таго, прапануецца здзейсніць канкрэтныя захады па усталяванні помніка на магіле У.Конана на Паўночных могілках г. Мінска, заснаванні Конанаўскіх чытанняў, навуковай прэміі імя У.Конана за значныя дасягненні ў вывучэнні беларускай культуры, стварэнні інтэрнет-рэсурса, на якім будуць размешчаны ў электронным выглядзе поўны збор твораў У.Конана і матэрыялы пра яго жыццёвы і творчы шлях.

 

Важным этапам у жыцці У.Конана стала яго праца з 1991 года ў якасці загадчыка аддзела гісторыі і тэорыі культуры Нацыянальнага навукова-асветніцкага цэнтра імя Ф.Скарыны. Таму цалкам лагічным было б разгледзець магчымасць усталявання на будынку па вул. Рэвалюцыйная, 15, дзе месціўся цэнтр, памятнай шыльды ў гонар У.Конана з дазволу ўладальніка будынка – КУП “Мінская спадчына” – і яго сённяшняга карыстальніка – Пасольства Каралеўства Швецыя ў Рэспубліцы Беларусь.

 

Надзвычай істотным падаецца таксама пытанне ўшанавання памяці У.Конана на яго радзіме – на Навагрудчыне. Гаворка можа ісці, напрыклад, пра асобны раздзел ў Навагрудскім гісторыка-краязнаўчым музеі, стварэнне сталай экспазіцыі ў школе альбо бібліятэцы ў роднай вёсцы філосафа – Вераскава, з’яўленне ў Навагрудку вуліцы імя У.Конана.

 

Узровень асобы У.Конана і яго заслужанае ганаровае месца ў беларускай навуцы і культуры дазваляюць ставіць пытанне і аб наданні яго імя адной з вуліцг. Мінска.

 

Мы, сваякі, калегі, сябры і вучні У.Конана разлічваем на магчымую падтрымку і садзейнічанне з Вашага боку ў рэалізацыі вышэй названых прапаноў і будзем удзячныя за адказ па сутнасці ўзнятых пытанняў.

З павагай,

Рагуля Аляксей Уладзіміравіч , кандыдат філалагічных навук, прафесар;
Дарашэвіч Энгельс Канстанцінавіч , доктар філасофскіх навук, прафесар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі;
Ліс Арсен Сяргеевіч , доктар філалагічных навук;
Мальдзіс Адам Восіпавіч , доктар філалагічных навук, прафесар;
Мажэйка Зінаіда Якаўлеўна , доктар мастацтвазнаўства, заслужаны дзеяч мастацтва Беларусі;
Агіевіч Уладзімір Уладзіміравіч , кандыдат філасофскіх навук;
Уладыкоўская Любоў Міхайлаўна , генеральны дырэктар Цэнтра міжкультурнага дыялогу;
Конан Ірына Мікалаеўна , пляменніца У.М.Конана;
Баршчэўскі Леанід Пятровіч , кандыдат філалагічных навук;
Сачанка Барыс Пятровіч , старшыня Рады Саюза беларускіх пісьменнікаў, галоўны рэдактар часопіса “Дзеяслоў”;
Лыч Леанід Міхайлавіч , доктар гістарычных навук, прафесар;
Іўчанка Валянціна Мікалаеўна , кандыдат філасофскіх навук;
Кароткая Таццяна Пятроўна , доктар філасофскіх навук, прафесар;
Сагановіч Генадзь Мікалаевіч , кандыдат гістарычных навук;
Тарасюк Яна Віктараўна , малодшы навуковы супрацоўнік Інстытута філасофіі НАН Беларусі;
Мароз Уладзімір Вікенцьевіч , паэт, празаік, сцэнарыст, кінарэжысёр;
Трыгубовіч Валянціна , мастацтвазнаўца, журналіст;
Галіч Аляксей Эдуардавіч , метадыст Цэнтра дадатковай адукацыі “АРТ”;
Разанаў Алесь , паэт;
Арлоў Уладзімір Аляксеевіч , пісьменнік;
Глушко Аляксей , старшыня РМГА “Студэнцкае этнаграфічнае таварыства”;
Колас Дмітрый Георгіевіч , выдавец;
Марачкіна Ірына , выкладчык;
Мельнікаў Эдуард , журналіст;
Дораш Галіна Емяльянаўна , урач-неўролаг;
Копач Яніна Васільеўна , вучаніца;
Аксак Валянціна;
Міцкевіч Марыя;
Жбанаў Аляксей Анатольевіч;
Бобер Ірына Міронаўна;
Угрыновіч-Кубалоўская Марына Ўладзіміраўна;
Вайцюшкевіч Зміцер Іванавіч;
Шэршань Генадзь;
Лукашэвіч Алена;
Шувайна-Адамовіч Н.;
Адамовіч І.
Кучмель Н.Б.