Выстава, прысвечаная творчасці Ю.Тувіма

Шаноўнае Спадарства!

Сардэчна запрашаем на прэзентацыю выставы “На крылах верша…”, прысвечаную творчасці Юльяна Тувіма, з нагоды святкавання Года Юльяна Тувіма. Імпрэза адбудзецца ў рамках “Месяца польскай літаратуры”.

15 кастрычніка 2013 г. а 16-й гадзіне ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Я. Коласа НАН Беларусі  (вул. Сурганава, 15, чытальная зала рэдкіх кніг і рукапісаў, пакой 601) у рамках “Месяца польскай літаратуры” адбудзецца прэзентацыя выстаўкі “На крылах верша…”, прысвечанай творчасці аднаго з самых папулярных польскіх паэтаў міжваеннага часу дваццатага стагоддзя Юльяна Тувіма (1894–1953).

На 2013 г. прыпадаюць 2 юбілейныя даты, звязаныя з яго імем: 60 гадоў з дня смерці і сто гадоў з дня выхаду ў свет першай публікацыі. У знак пашаны вялікаму паэту, спадчына якога мае адметнае значэнне для нацыянальнай культуры, Сейм Рэспублікі Польшча абвясціў 2013 год Годам Юльяна Тувіма.

На выстаўцы прадстаўлены творы Юльяна Тувіма (паэмы, вершы) з фондаў ЦНБ НАН Беларусі,   у тым ліку пераклады з рускай, французскай, лацінскай і нямецкай моў. Вялікую каштоўнасць уяўляюць рэдкія прыжыццёвыя выданні ваенных гадоў: “Czary i czarty polskie oraz Wypisy czarnoksięskie” (1942), “Wiersze” (1943).

Асобны раздзел выстаўкі прысвечаны перакладам твораў Юльяна Тувіма на рускую, украінскую і беларускую мовы. Сярод апошніх – пераклады паэм  «Баль у опэры» і «Польскія кветкі» Васіля Сёмухі, пераклады асобных вершаў, выкананыя  Максімам Танкам, Алегам Лойкам, Язэпам Семяжонам, Уладзімірам Мархелем. У экспазіцыі прадстаўлены таксама матэрыялы з асабістага архіва беларускага паэта Максіма Лужаніна, якія адлюстроўваюць яго працу над перакладамі вершаў Ю. Тувіма.

Звяртаюць на сябе ўвагу дзіцячыя кнігі з найбольш вядомымі вершамі Ю. Тувіма ў перакладзе Эдзі Агняцвет (“Круглы год”), Анатоля Вялюгіна і  Сяргея Дзяргая (“Падарунак дзецям”).

Экспанаты выстаўкі даюць магчымасць азнаёміцца з творчай спадчынай паэта, якая прываблівае пачуццём гумару і аптымізму штодзённага жыцця. На некаторых асобніках захаваліся экслібрысы, рукапісныя запісы перакладчыкаў і былых уладальнікаў.

На імпрэзу, арганізаваную бібліятэкай сумесна з Польскім Інстытутам у Мінску, запрошаны перакладчыкі, літаратуразнаўцы, выкладчыкі мінскіх вузаў, студэнты.

Наступныя мерапрыемствы ў праграме “Месяца”:

22 кастрычніка (аўторак) – Тэатралізаваная презентацыя перакладу камедыйных п’ес драматурга Аляксандра Фрэдры “Помста” і “Дзявочыя зарокі”. На прэзентацыі акторы Купалаўскага тэатру разыграюць некалькі ўрыўкаў з твораў драматурга. З удзелам перакладчыкаў Андрэя Хадановіча і Марыі Мартысевіч. Вядучы – Лявон Баршчэўскі. Рэпетыцыйная сцэна  Купалаўскага тэтра (Энгельса 7). Пачатак а 18. Уваход – вольны, без білетаў і запрашальнікаў

30 кастрычніка (серада) – Прэзентацыя кнігі Марка Эдэльмана і Паўлы Савіцкай  “У геце было і каханне ”. З удзелам рэдактаркі кнігі Інэсы Кур’ян, перакладчыкаў Веранікі Бандаровіч і Юрася Барысевіча, прадстаўніцы польскага габрэйскага музею, і аўтара ідыш-беларускага слоўніка Алеся Астравуха. Адкрыццё міні-фотавыставы “Боль. Шмоль.” мастачкі Дзіны Даніловіч. Музычнае аздабленне – ансамбль клейзмераўскай музыкі “Мінскер Капелье”. Галерэя Ў (Незалежнасці 37а). Пачатак а 19. Уваход – вольны

 

З павагай,

Польскі Інстытут у Мінску

вул. Валадарскага, 6
220030 Мінск
Тэлефон: +375 17 2006378, +375 17 2009581
Факс: +375 17 2004874
www.instpol.by