Васіль Аўраменка
Амерыканская культура: недачасная апалагетыка ці прадчуваньне крызісу?
“Амерыканская культура: якая яна?” — здавалася б простае ці нават рытарычнае пытаньне, але адказаў на яго можа быць шмат ...
“Гэта – крута” – скажа беларускі падлетак, які глядзіць амерыканскія фільмы, ледзь не з нараджэньня носіць джынсы і вучыць у школе ангельскую мову. “Яна фанабэрыстая, меркантыльная і бездухоўная”— скажа абывацель старэйшага пакаленьня, які верыць беларускаму тэлебачаньню, добра помніць часы “халоднае вайны” і “канчатковай” перамогі сацыялізму. “Гэта чатыры “Д”: джынсы, дарогі, даляр і дэмакратыя”— скажа беларускі інтэлегент, які прыкладаўся не толькі да вытокаў савецкай прапаганды, але чэрпаў і з іншых крыніц. Як ні дзіўна, у кожным з адказаў, будзе свая доля праўды і забабонаў. Адназначна можна сказаць толькі тое, што амерыканская культура вельмі распаўсюдзілася ў сёнешнім сьвеце і сам працэс “амерыканізацыі” стаў з’явай не толькі культурнай, але і сацыяльнай. А ўвогуле, на гэтае пытаньне вельмі проста адказваць таму, хто не ведае амерыканскае мовы, не быў знаёмы ні з адным амерыканцам, ніколі не бачыў Амерыкі і, нават, не марыў туды патрапіць. Для сярэднястатыстычнага беларуса значна цяжэй адказаць на пытаньне “якая ж яна – беларуская культура?”, чым культура амерыканская. “Мы ж столькі бачым амерыканскага кіна,” – скажа тутэйшы абывацель—“а там амерыканшчына прэ ва ўсе шчыліны… Дык хто ж не ведае іхняе культуры?” І гэты парадокс мае сваё прычыны. Як кажуць: у чужым воку і парушынку ўгледзіш, а ў сваім і бервяно не заўважыш. Альбо: чужую бяду — рукамі развяду, а да сваёй і розуму не прыкладу. А мо яшчэ прасьцей — вялікае лепш бачыцца на адлегласьці. А адлегласьць паміж беларускай і амерыканскай культурамі сапраўды вялікая … І тым не менш, пры ўсіх праблемах беларускага існаваньня (і не толькі культуры!), заакіянскія дасягненьні сталі моцным раздражняльнікам для вельмі многіх. Для адных як узор ці мара, для другіх як адмоўны прыклад ці жыцьцё “з іншай планеты”. Для мяне ж, беларуса палову жыцьця пражыўшага пад “сярпом-молатам” ды маскоўскай гегемоніяй, амерыканскія ўплывы ёсьць спосабам пазбавіцца ад камуністычных прывідаў ды традыцый “панславянскага” шавінізму. “Хрэн рэдзькі не саладзей”— скажа скептык, але ж уся справа ў “дозе” або ў спалучэньні розных цывілізацыйных плыняў, між якімі лягчэй выжываць кволым парастакам сучаснай беларускай культуры.
У сапраўднасьці тэмпы пранікненьня амерыканскай культуры б’юць усе рэкорды. Здавалася б, 200 год татальнага расейскага панаваньня і 20 год амерыканскай прысутнасьці ў культурнай сферы Беларусі — з’явы непараўнальныя. Аднак уплыў Амерыкі адчуваецца бадай ва ўсіх сферах жыцьця. Самы просты і відавочны прыклад звычайныя … джынсы. Гэта “буржуазная” вопратка, забароненая за савецкім часам, сёньня ёсьць у гардэробе любага беларуса маладзей 60 год. Насамрэч, джынсы не проста баваўняныя штаны, а адзін з культурных пасланцоў Амерыкі, сымбаль роўнасьці і руйнаваньня саслоўных бар’ераў. Гэта “перамога дэмакратыі” на ўзроўні побыту, магчыма і чыста зьнешняе, ўмоўнае, але ж раўнаньне міліянэра і бедака, інтэлектуала і прастака. Ёсьць, канечне, і мінусы гэтай “сусьветнай вопраткавай рэвалюцыі”, якую любяць маладыя — пагроза аднастайнасьці і татальнай уніфікацыі: джынсы насяць і мужчыны, і жанчыны, і чорныя, і белыя, і жоўныя, і “блакітныя”. Дзякуючы таму нівелююцца нацыянальныя і полавыя прыкметы, а разам з імі ў паўсядзённым жыцьці губляюць вагу традыцыйныя каштоўнасьці. Дарэчы, як раз Амерыку многія вінавацяць у касмапалітызме, распаўсюдзе так званага “глабальнага стылю”. Прыклад з джынсавай вопраткай тут як раз паказальны. Аднак для саміх амерыканцаў тыя ж джынсы (альбо — блюз, “фаст-фуд”ці двухпартыйная сістэма) ёсьць з’явай унутранай, нацыянальнай культуры. Касмапалітычнымі яны становіцца калі патрапляюць ў іншыя краіны і там выціскаюць мясцовыя традыцыі. Самі жыхары Штатаў часьцей да гэтага не прыкладаюць асаблівых намаганьняў, а ініцыятарамі “амерыканскай моды” становяцца нацыянальныя эліты краін “другога” ці “трэцяга” сьвету. Больш за тое, калі ЗША задужа “старанна” спрабуюць ўплываць на тую ці іншую джяржаву (В’етнам, Куба, Іран, Афганістан), вынік звычайна бывае адмоўным. Бо сапраўдная моц Амерыкі не ў вайсковай сіле ці эканамічным дыктаце, а ў жывым прыкладзе пабудовы канкурэнтага грамадзтва, стварэньня “нацыі багатыроў і вольных грамадзян”. Імкнучыся паўтарыць сацыяльны посьпех ЗША, многія капіруюцць яе асобныя эканамічныя, палітычныя ці культурныя рысы. Апошняе, канечне, самае простае. Куды лягчэй зайграць кантры, навучыцца трымаць бейсбольную біту ці рэкламаваць “пепсі-колу”, чым стварыць дэмакратычную сістэму або эфектыўную рынкавую эканоміку. Багацьце Амерыкі — вось насамрэч галоўнае, што не дае спакою яе зайздросьнікам і эпігонам. Гэта тое, што сілкуе яе моц і культуру, трымае аўтарытэт і прыцягвае ўвагу ўсяго сьвету. Аднак, каб паўтарыць яе посьпех, трэба прайсьці той жа адмысловы шлях: знайсьці такія ж багатыя землі, насяліць іх працавітымі каланістамі, натхнёнымі ідэямі вольнасьці, індывідуалізму ды хуткага ўзбагачэньня. А потым 150 год зьбіраць сюды з усіх кантынентаў самых няўрымсьлівых і таленавітых людзей. І гэта яшчэ не гарантуе добры вынік, бо на чале такой стракатай шматнацыянальнай хеўры павінны быць не абы якія лідары. “Дагнаць і перагнаць Амерыку”— блакітная мара савецкага начальства, якая выдае беднасьць мысьленьня ды крэатыўную імпатэнцыю камуністычных лідараў. Пераганяць па колькасьці ракет, танкаў і выплаўленага чугуна ідэя проста згубная, калі катастрафічна не хапае харчоў і адзеньня. Спаборнічаць у колькасьці балерын, бібліятэк і алімпійскіх медалёў, забараняючы рок-н-рол, вольнае мастацва і прыватную ініцыятыву — прамы шлях да заняпаду.
Увогуле, культурнае поле, гэта другая (а сёньня бадай ужо і першая) пасля эканомікі сфера, дзе амерыканскія перамогі найбольш відавочныя. І посьпех гэты абумоўлены тым, што амерыканская культура выявілася найлепш прыстасаванай для сучаснага жыцьця, яго тэмпу і ладу, спакусаў і праблем. Урэшце-рэшт, і самое сёняшняе жыцьцё ў вялікай ступені сфармавана пад уплывам Амерыкі. Культ посьпеху і багацьця, сямейнага дабрабыту і паўсядзённай “усьмешкі шчасьця”, тэлевізійных шоў і галівудзкіх кіна-казак, хуткага харчаваньня і барацьбы з атлушчэньнем … гэта тыя “цаглінкі” глабальнай маскультуры, якія маюць выразнае амерыканскае паходжаньне. Галоўны экспарт ЗША даўно не прамысловыя тавары, і нават ужо не зяленыя паперкі з партрэтамі прэзыдэнтаў, а прадукцыя … амерыканскай культуры. Яе цяжка ацаніць у грашовым эквіваленце, таму што гэта не толькі кіно, музыка, літаратура, навуковая ці мас-медыйная інфармацыя, але і палітычная, прававая ды пабытовая культура, якая стала звычаёвай для самой Амерыкі, але застаецца “недасяжна-узорнай” для большасьці краін сьвету. Імкненьне, калі не дагнаць, то хаця б стаць падобнымі на амерыканцаў, было не толькі ў савецкіх бонзаў, але і ў людзей самых розных ідэялогій і рас. І не дзіва: жадаючых быць падобнымі на багатых і шчасьлівых заўсёды больш, чым на бедных і нямоглых. Праўда, тыповыя беларусы, нават на фоне сваіх суседзяў (і ва ўласным ўяўленьні таксама) заўсёды прэзентаваліся як “бедныя меланхалічныя аўтсайдары”. У гэтым сэнсе яны ёсьць антыподам пасьпяховым і самаўпэўненым амерыканцам. Выключэньне бадай складаюць нашы пратэстанты. Дзякуючы сваёй хрысьціянска-месіянерскай зацятасьці, ментальна яны бліжэй да “правінцыйных” амерыканцаў, для якіх вера ў бога, асновы пратэстанцкай этыкі і дабрачыннасьці застаюцца першавытокамі Амерыкі. Не надзяваючы каўбойскі брыль і джынсы, ня ведаючы амерыканскае мовы, беларусы-пратэстанты лёгка патрапляюць у рэзананс з амерыканскім патрыярхальным сьветам, з якога і ўзьнік сёняшні заакіянскі “цуд”. Але ж большасьць беларусаў занадта скептычныя да релігіі ўвогуле і любых канфесійных празмернасьцяў у прыватнасьці, таму ўплыў пратэстантаў тут не перавышае15-20% ад колькасьці вернікаў, а “нацыянальны амерыканскі тэатр біблейска-прапаведніцкага шоў” ня можа стаць такім жа папулярным, як у ЗША. Экзальтацыя ці прагматызм амерыканскіх прапаведнікаў мала кранае “праваслаўных атэістаў” і савецкіх постхрысьціян. Гэтая частка традыцыйнай амерыканскай культуры ўспрыймацца тут як нейкая экзотыка, накшталт тэатра Кабукі ці медытацыі ў будыстаў.
Ёсьць, праўда, іншыя грані амерыканскай культуры, якія лягчэй знаходзяць водгук у замежнага “спажыўца”. Я памятаю, як упершыню “адкрыў” Амерыку. Гэта было ў самым пачатку 70-х, калі бацька прывёз са сталічнай камандзіроўкі рэкламны альбом амерыканскай архітэктуры. Для хлопчыка, які вырас сярод драўляных баракаў і “хрушчовак” ды з заміраньнем cэрца ўзіраўся ў спаруды “сталінскага класіцызму”, амерыканскія хмарачосы, авангардныя (прыватныя!) вілы і грамадзкія будынкі ў выглядзе ці то караблёў, ці то самалётаў, здаваліся калі не праявамі незямной цывілізацыі, то прынамсі, вяршыняй фантазіі і творчых здольнасьцяў чалавека. Вось гэтая футурыстычнасьць, скіраванасьць амерыканскай культуры у будучыню ці , хутчэй, існаваньне на мяжы магчыма-немагчымага (што іскрава засьведчана ў архітэктуры), мне здаецца, і з’яўляецца адной з прычын яе папулярнасьці ў сьвеце. Еўропе, абцяжаранай тысячагадовай гісторыяй і класічна-музейнай спадчынай, ніяк не ўгнацца за юнай Амерыкай, “класіка” якой пачала стварацца ў 20-м стагоддзі. А тое, што гэты працэс не скончыўся, і што ў ім можа прыняць удзел любы чалавек любой нацыянальнасьці — дадае лішнія стымулы і перспектывы амерыканскай культуры. ЗША ў цывілізацыйным сэнсе пакуль застаюцца “магнітам”, што выцягвае з іншых грамадзтваў найбольш прасунутых і актыўных творцаў, асабліва тых, хто не “ўпісваецца” ў традыцыйныя фарматы сваёй краіны. Я далёкі ад думкі, што гэты працэс адназначна кепскі. Бо па-першае, сам творца лепш рэалізуецца і дасягае большых вышынь, чым мог бы на радзіме. Па-другое, “сумарны вынік” культурнага ці навуковага прагрэсу ў выніку заакіянскага посьпеху эмігранта таксама будзе больш важкі. А калі гэта сапраўдны патрыёт сваёй радзімы, то ён знойдзе спосаб аддзячыць ёй і з ліхвой кампенсаваць “страту” нацыянальнага патэнцыяла, якім тэарытычна ён быў, але не факт, што рэалізаваў бы яго, адмовіўшысь ад замежнай кар’еры. “Няма прарока ў сваёй айчыне”— песімістычная выснова для адной краіны, якая можа мець аптымістычны працяг для другой. Бо вельмі часта “прарок”, не зразуметы і не прыняты дома, знаходзіць сябе “ў чужой старане”. Хаця, як сьвядомы беларускі нацыяналіст, я б мог сказаць “ганьба” многім сваім суайчыньнікам, хто з прафесійных, творчых ці меркантыльных прычын “здрадзіў” Беларусі. Але, па-першае, я напэўна не дастаткова сьвядомы, каб судзіць іншых; а па-другое, ніколі не пазайдрошчу тым адчайным і авантурыстым, хто абраў сабе горкі эмігранцкі хлеб.
Выкажу яшчэ адну спрэчную думку, мо нечаканую і супярэчную вышей казанаму: амерыканская культура ўсё ж такі мае свой кошт і на сённьня ён складае … 14 трл. $. На першы погляд гэта сума зьнешняга доўгу ЗША, але з іншага боку, гэта і цана сусьветнага даверу да Амерыкі, вартасьць амерыканскай культуры і палітычнай сістэмы, у надзейнасьць якой пакуль вераць (ці спадзяюцца на яе) іншыя дзяржавы і народы. “Амерыкаская мара” яшчэ не страціла сваёй прывабнасьці, сусьветны абывацель па інэрцыі з зайдрасьцю пазірае за акіян і гатовы яе “фінансаваць”, але самі амерыканцы ўсё больш разумеюць двухсэнсоўнасьць, калі не сказаць небяспечнасьць такой сітуацыі. Завышаныя чаканьні, як і хранічны цяжар нязьменнага лідарства, часта канчаюцца вялікімі расчараваньнямі, а то і катастрофамі. Сёняшнія размовы пра “дзве Амерыкі”— краіну бязмежнага спажываньня і краіну руплівага стварэньня — сведчыць пра ўсьведамленьне амерыканцамі самой праблемы. Аднак у зьнешнім сьвеце больш ведаюць пра “амерыку задавальненьняў”, чым пра “амерыку нуднай працы”. І як раз першая ёсьць прыкладам-марай для сусьветнага абывацеля, між іншым, галоўнага ўдзельніка галасаваньня ў дэмакратычных краінах . За што прагаласуе “просты чалавек”— за большае спажываньне і далейшае марнатраўства ці за большую працавітасьць і ашчаджваньне? Якая з двух плыняў пераможа ў саміх ЗША? Пытаньне застаецца адкрытым, бо не факт, што “партыя працавікоў” у дэмакратычных умовах пераможа “партыю спажыўцоў”. Гэта амаль тое ж самае, што праводзіць плебісцыт сярод наркаманаў на тэму: “Забараніць наркотыкі цалкам ці легалізаваць іх “на ўсю катушку””. Праўда, тут можа адыграць станоўчую ролю культура грамадзкага дыялогу, ці вяртаньне да старых амерыканскіх традыцый, або здольнасьць лідараў ЗША да новых, нетрывіяльных хадоў. Але ж чакаць лёгкіх часоў ці папулярных рашэньняў ужо не даводзіцца. Калі разьвейваюцца ілюзіі бясконцага эканомічнага росту, даюць збой здавалася б беззаганныя палітычная механізмы, а догма “аб апрыёрнай і вечнай безпамылковасьці” электаратнага выбару заводзіць у тупік, застаецца толькі традыцыя і культура, гэтыя апошнія рэзэрвы Амерыкі, яе страховачны “пас” і няўлічаны “залаты запас”, які не дазваляе вельмі хутка забурыцца ўсёй сістэме ды пакідае надзею на станоўчы сыход з гэтага небывалага крызісу. Крызісу не толькі фінансавага, эканамічнага ці палітычнага, а і экзэстэнцыйнага, сьветапогляднага. І не толькі амерыканскага, але і брытанскага, і грэцкага, і беларускага. Хвалі незадаволенасьці звыклымі каштоўнасьцямі і параксізмы “нематываваных” бунтаў, што прайшлі апошнім часам на Захадзе — ёсьць прыкметай часу, гістарычным выклікам, ў тым ліку і для традыцыйнай культуры. Дзе знойдзецца лепшы адказ на гэты выклік — у багатай Амерыцы, паліткарэктнай Нямеччыне ці аўтарытарнай Беларусі — сказаць немагчыма. І гэта, напэўна, добра, бо невырашальная праблема, як і татальная бяда раўнуе ўсіх. Дае шанец малым і вялікім, абазнаным і наіўным, багатым і бедным працярэбіць шлях да будучыні, які можа стацца адзіна правільным ці самым рэальным у лабірынце сёнешняга жыцьця.
Гісторыя стварэння
Тэкст пісаўся як эссэ, ці спроба разабрацца ў сваіх ўраджаньнях і думках ад амерыканскай культуры (і не толькі культуры), якія назапасіліся за апошнія дзесяцігоддзі. Па жыцьці не з’яўляюся ні амерыканафобам, ні амерыканафілам, ні зайздросьнікам чужых багацьцяў.
Калі пісаў пра тое, што “лепш разбіраюцца” ў амерыканскай культуры тыя, хто ня ведае амерыканскае мовы, ніколі ня быў у Штатах і ня бачыў ніводнага амерыканца, за вялікай дозай іроніі хаваў і каліва праўды.
Бо амаль усё гэта тычыцца і мяне. Хіба толькі за выключэньнем апошняга – амерыканцаў я бачыў, сустракаючыся аднойчы з калегамі-лекарамі ў нашым горадзе. То была непрацяглая бяседа праз перакладчыка, бо ў ангельскай мове я “абсалютны нуль” (вучыў калісь нямецкую). Усю інфармацыю пра заакіянскія справы я чэрпаю з літаратуры, СМІ, кіно, аповядаў знаёмых і землякоў, якія бывалі ці бываюць ў Штатах. Ня ведаю, наколькі кампетэнтным і цікавым атрымаўся мой аповяд, але ж я паспрабаваў зірнуць на культуру шырэй, чым толькі на з’яву мастацта, літаратуры ці сферу забаў. Напачатку матэрыял задумваўся як лёгка-кампліментарны і крыху іранічны артыкул пра тое, як амерыканская культура “сямі-мільнымі крокамі” заваёўвае краіны і кантыненты, а потым адчуў, што не ўсё так адназначна і аптымістычна, што ёсьць праблемы, і не толькі ў “заваяваных”, але і ў “пераможцаў”. І яшчэ невядома ў каго іх больш. Таму канец атрымаўся крыху змрочным, калі не сказаць апакаліптычным. Як кажуць: “пачаў за здароўе, а скончыў за ўпакой”. Але што зробіш, як ёсьць – так і ёсьць. Я быў шчырым, пасьлядоўным і, спадзяюся, аб’ектыўным у сваіх развагах, ацэнках і пачуцьцях. Так, як мне падалося, сёньня напэўна і бачыцца Амерыка і яе культура з “аўтарытарнага цэнтру Еўропы”, далёкага і слаўнага беларускага места Магілёў.