Цэнтр: новыя формы

За двухгадовую міжнародную актыўнасць Цэнтра мы прыйшлі да высновы, што праблема міжкультурнага дыялогу, надзвычай актуальная ў сучасным свеце, зусім слаба распрацаваная ў Беларусі ў практычным плане, а ў грамадска-публічнай сферы паняцце “міжкультурны дыялог” часта напаўняецца зусім неапраўданым зместам, аж да прафанацыі і нават дыскрэдытацыі. Разам з тым, для сучаснай Беларусі міжкультурны дыялог – фактар выключна важны: як у рэгіянальным, так і міжнародным вымярэннях.

У сувязі з гэтым патрабуецца глыбокапрафесійная распрацоўка і адпаведная трактоўка міжкультурнага дыялогу. Гэта вымагае такой формы дзейнасці, якая б дазволіла сканцэнтравацца на міждысцыплінарных навукова-асветніцкіх даследаваннях і практыкаваннях з прыцягненнем да супрацоўніцтва высокапрафесійных спецыялістаў міжнароднага узроўню. З вышэйназванай мэтай створана ўстанова “Міжкультурны дыялог”.

Такім чынам, Цэнтр міжкультурнага дыялогу можа засяродзіцца на грамадскай дзейнасці, займеўшы моцны навуковы падмурак у выглядзе міжнародных прафесійных распрацовак установы “Міжкультурны дыялог”.

 

Любоў Уладыкоўская