28 кастрычніка 2013 г. а 16-й гадзіне ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Я. Коласа НАН Беларусі (вул. Сурганава, 15, інфармацыйна-выставачны цэнтр, пакой 110) адбудзецца прэзентацыя кнігі “Паўстанне 1863–1864 гадоў у Беларусі: нарыс баявых дзеянняў” з серыі “Беларусь у войнах”. Аўтар кнігі – гісторык і архівіст кандыдат гістарычных навук, супрацоўнік Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі і гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Дзмітрый Матвейчык.
Паўстанне з’явілася самай маштабнай ваеннай падзеяй на тэрыторыі Беларусі ў другой палове XIX ст. За 150 гадоў выйшла шмат кніг, прысвечаных гэтай тэме, але цікавасць да яе не сціхае.
Да імпрэзы падрыхтавана выстаўка “Гістарыяграфічны вобраз паўстання 1863–1864 гг.”. На ёй прадстаўлена каля 100 друкаваных і рукапісных дакументаў XIX–XXI стст. з фондаў бібліятэкі. Гэта апісанні ваенных дзеянняў, зборнікі справаводчых матэрыялаў і публіцыстыкі, мемуары, даследаванні айчынных і замежных навукоўцаў, якія асвятляюць тагачасныя падзеі з розных бакоў.
Сярод дакументаў з рукапісных архіваў – “Описание военных действий Каргопольского полка с польскими мятежниками”. У рукапісе змешчаны звесткі аб ваенных дзеяннях на тэрыторыі Люблінскай губерні падчас паўстання. Храналагічныя рамкі дакументаў 12 снежня 1863 г. – 1 верасня 1864 г.
На паліцах – рукапісныя і машынапісныя матэрыялы 1933–1979 гг. з асабістых архіваў гісторыка, грамадска-палітычнага дзеяча, каталіцкага святара Адама Станкевіча і гісторыка, археографа Мікалая Улашчыка. Гэта, лісты, канспекты, вытрымкі, копіі архіўных матэрыялаў, зробленыя даследчыкамі падчас работы над тэмай паўстання.
На імпрэзу, арганізаваную бібліятэкай сумесна з Польскім Інстытутам у Мінску, запрошаны гісторыкі, выкладчыкі, студэнты.
Кантактныя асобы:
+ 375 17 284 10 12, + 375 17 284 10 13 Аляксандр Сцефановіч, загадчык аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі
+ 375 17 200 63 78 Аляксандр Гарадэцкі, каардынатар праектаў Польскага Інстытута ў Мінску