Кніга стала плёнам гадавой сумеснай працы навукоўцаў, дзеячаў культуры, святароў, бізнесоўцаў, дыпламатаў, дзяржаўных служачых і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці Беларусі і замежжа.18 чэрвеня ў г. Мінску ў банкетнай зале атэля “Еўропа” адбылася прэзентацыя калектыўнай кнігі “Беларуска-амерыканскі культурны дыялог: стратэгія развіцця” (Беларуска-амерыканскі культурны дыялог: стратэгія развіцця / рэдкал.: Л.Уладыкоўская гал. Рэд.) [і інш. ].– Мінск: Тэсей, 2012 – 208 с.: іл.), прысвечанай 20-годдзю ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і ЗША.
У кнізе змешчаны матэрыялы на беларускай, англійскай, рускай і польскай мовах, дзе аналізуецца стан амерыканістыкі ў Беларусі і беларусістыкі ў ЗША з улікам еўрапейскага досведу, разглядаюцца шляхі папулярызацыі беларускай культуры ў свеце. Чытачам прапануюцца канкрэтныя шляхі развіцця беларуска-амерыканскага культурнага дыялогу, а таксама працы пераможцаў адкрытага агульнанацыянальнага конкурсу “Амерыканская культура: якая яна?”
Кніга падрыхтавана і выдадзена Цэнтрам міжкультурнага дыялогу пры падтрымцы Амбасады ЗША ў Рэспубліцы Беларусь і Польскага інстытута ў Мінску, з удзелам Міжнароднага фонду “Залатая спадчына Віцебска”.
Апрача Беларусі, прэзентацыя кнігі плануецца ў ЗША і Польшчы.
Падчас прэзентацыі кіраўнік праекта Любоў Уладыкоўская звярнула ўвагу прысутных на структуру і змест кнігі, расказала прысутным аб гісторыі беларуска-амерыканскай культурнай ініцыятывы, ходзе рэалізацыі праекта, дасягненнях і выніках, а таксама аб перспектывах далейшай працы (матэрыял выступлення можна загрузіць па гэтай спасылцы).