20 студзеня пайшоў з жыцця вядомы беларускі гісторык прафесар Анатоль Грыцкевіч.
Анатоль Пятровіч Грыцкевіч нарадзіўся 31 студзеня 1929 г. у Мінску. У 1950 скончыў Мінскі медыцынскі інстытут, у 1955 — Мінскі інстытут замежных моваў, а ў 1958 — БДУ, нейкі час працаваў доктарам. А з 1959 — у Інстытуце гісторыі АН Беларусі, з 1975 — загадчык кафедры Мінскага інстытута культуры (з 1993 — Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры), у 2001—2005 гг. быў прэзідэнтам МГА Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына», пасля ганаровым старшынём «Бацькаўшчыны».
Актыўна супрацоўнічаў з Нацыянальным навукова-асветніцкім цэнтрам імя Ф.Скарыны.
Даследаваў гісторыю Беларусі перыяду феадалізму, гістарыяграфію, рэлігійныя праблемы ў ВКЛ, становішча праваслаўнай, уніяцкай царквы, гісторыю Беларусі 1917—1920 гг., Слуцкі збройны чын.
Сонечная Фларыда звыкла песціць лагодаю, нібы не забрала ў нас Вечнасць Яго Вялікасць Чалавека. Пакінуўшы сам-насам з чарговаю, вельмі балючаю стратаю.
Мы – дзеці Божыя, і ўнаследавалі здольнасць да творчасці.
Анатоль Пятровіч ствараў такую Беларусь, якой яна была і быць павінна: шляхецкую, але дэмакратычную, годную, але талерантную, моцную, але справядлівую. І тварыў прафесар не толькі ў кнігах, але і самім сваім жыццём, паўнатой усёй сваёй асобы. І гэта так важна – не толькі пісаць гістарычную праўду, але і быць праўдзівым. Чым больш зямля наша будзе мець такіх асобаў, тым лепшая ва ўсіх у нас перспектыва.
Анатоль Пятровіч заўсёды жыў у згодзе са сваім сумленнем і дзейнічаў паводле сваіх перакананняў. Мякка, стрымана, але ўмеў даць катэгарычны адпор нахабству і дурноце.
Пра сур’ёзныя справы ўмеў сказаць так трапна, так лаканічна і так дасціпна, што не пакідаў апаненту ніякіх шанцаў на неразумную спрэчку.
А якім тонкім, іскрамётным пачуццём гумару валодаў! Для мяне кожная сустрэча з прафесарам ператваралася ў суцэльныя няспынныя сеансы смеху – і гэта сапраўды лячыла ад усіх нягодаў!
Падчас нашага апошняга спаткання ў кастрычніку, калі мы з айцом Уладзіславам Завальнюком наведалі Анатоля Пятровіча, гаворка ізноў ішла пра мілую Айчыну і пра тое, што яшчэ трэба зрабіць. І як заўсёды, у будучыню прафесар глядзеў з аптымізмам. Ды і як іначай, калі ўсё сваё жыццё чалавек сумленна і самааддана працаваў для людзей, Радзімы і гісторыі.
Прафесар Грыцкевіч зрабіў надзвычай многа для адраджэння хрысціянскай веры ў нашай краіне і для беларусізацыі Касцёла. Ён адкрываў невядомыя старонкі з гісторыі хрысціянства ў Беларусі, выступаў з навуковымі дакладамі перад каталіцкімі біскупамі і святарамі, сустракаўся са Святым Янам Паўлам Другім і гаворку, вядома, вёў пра беларускія справы.
У сярэдзіне 90-ых аўтарскі калектыў у складзе Анатоля Пятровіча, кс.У.Завальнюка, Алеся Бяляцкага і вашай пакорнай слугі падрыхтаваў унікальны спецкурс па гісторыі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі для студэнтаў універсітэтаў.
Святой памяці Яго Эмінэнцыя Кардынал Казімір Свёнтэк падтрымаў просьбу Ініцыятыўнага Камітэта па стварэнні Беларускага каталіцкага ўніверсітэта аб прызначэнні Старшынёй Прэзідыўма прафесара Анатоля Грыцкевіча (перада мной – арыгінал дакумента, датаваны 14 мая 1998 г.; мне пашчасціла быць намеснікам Анатоля Пятровіча).
Прафесар Грыцкевіч надзвычай плённа працаваў у Скарынаўскім Цэнтры, з заўсёднай гатоўнасцю падстаўляючы плячо ва ўсіх нашых навукова-асветніцкіх праектах. Не было ніводнага выпадку, каб дарагі Анатоль Пятровіч схібіў, спужаўся, змаладушнічаў. Адразу і першым паставіў подпіс у падтрымку Каталіцкага Касцёла пад зваротам супраць “бездані невуцтва, цемрашальства і нянавісці…” (гл. спасылку). І колькі тых подпісаў смела ставіў першым – калі толькі гаворка ішла пра абарону гонару і годнасці, дабра і справядлівасці, беларускай мовы і культуры!
Падтрымаў і стварэнне новага аддзела ў Цэнтры – “Праблем хрысціянства і нацыянальнага развіцця”, і праект па нацыянальна-культурным і духоўным развіцці Беларусі, завершаны пры спрыянні ЮНЕСКА ў 2003 г., і шматлікія іншыя ініцыятывы, накіраваныя на міжнародны дыялог, балазе цудоўна валодаў некалькімі замежнымі мовамі, уключна з мовай дыпламатыі.
Анатоль Пятровіч быў вельмі добрым чалавекам – не проста выключным прафесіяналам, высакародным і мужным, а менавіта добрым чалавекам. І гэта не пакідае сумнення, што душа яго пойдзе добраю дарогаю…
Калі сёння запаліла задушную свечку ў Касцёле Святога Аўгусціна, яна гарэла надзіва ярка і доўга. Так ярка і высока, што служыцелі Касцёла, баючыся пажару, паспяшаліся затушыць яе. Але ў той жа момант зацішныя касцёльныя сутарэнні азарыліся нечаканым сонечным праменьчыкам, які прабіўся праз цёмныя вітражныя вокны.
Дарагі Анатоль Пятровіч, хай асветліць гэты праменьчык Ваш шлях да Пана Бога.
Я люблю Вас.
Любоў Уладыкоўская,
Універсітэт Фларыды,
ЗША
Радыё Свабода – «Грыцкевіч ствараў такую Беларусь, якой яна павінна быць»