Культурная самабытнасць як духоўная каштоўнасць сучаснаcцi

Любоў Уладыкоўская

Анатацыя

У сучасным глабальным свеце культурная самабытнасць выступае ў якасці духоўнай каштоўнасці: яна забяспечвае захаванне і развіццё нацый і нацыянальных культур, з’яўляецца асновай нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці, рэалізуе і дэманструе духоўны і творчы патэнцыял народа.

Уводзіны

Сёння пытанне захавання і развіцця арыгінальных нацыянальных культур – адно з самых дыскутуемых. Прычынай гэтаму выступаюць глабальныя тэндэнцыі да ўніфікацыі, стандартызацыі, інтэнсіўныя працэсы змяшання культур і ўзнікненне вядомага феномену культурнай мазаічнасці, дзе прасторавыя і часавыя вымярэнні адыходзяць на задні план, а таксама інтэграцыйныя працэсы дзяржаўна-геапалітычнага кшталту, як, напрыклад, пашырэнне супольнасці аб’яднанай Еўропы, і т.п. Калі мець на ўвазе грамадства як адзіны сацыяльны арганізм, то асобныя дзяржавы, народы, нацыянальныя культуры не могуць не адчуваць сёння ўплыву цэласнасці сістэмы, што выяўляецца ў абавязковым прытрымліванні пэўных уніфікаваных прынцыпаў і нормаў развіцця, незахаванне якіх або парушэнне вядзе да распаду цэласнасці [1, с. 215-216]. Няма сумнення, што ўсе народы, краіны, нацыянальныя культуры, нягледзячы на сваю выключную каштоўнасць і багацце ўнутранага зместу, маюць патрэбу ў дапаўненні і ўзбагачэнні сусветным культурна-гістарычным вопытам, што з’яўляецца адной з аб’ектыўных перадумоў глабалізацыі [1, с.217]. Аднак варта памятаць, што сусветная сацыякультурная скарбніца складаецца з унёскаў і здабыткаў канкрэтных народаў, нацый, культур, таму культурная самабытнасць выступае першаснай, фундаментальнай каштоўнасцю.

Дастойнае і эфектыўнае супрацьстаянне глабалізацыі можа адбыцца ў плоскасці генерыравання матэрыяльных і духоўных інавацый (не выключаючы пры гэтым значэння існуючых каштоўнасцей), стварэння тэхналогій іх шырокага распаўсюджвання. Невыпадкова ў тэхналагічным канкурыраванні дзяржаў перавага аддаецца распрацоўкам новых сродкаў камунікацыі і тэхнікам валодання імі, так як размова ідзе не толькі пра магчымасці далучэння да іншых культур і каштоўнасцей, але і пра пашырэнне ўласнага вопыту [1, с.222].

Многія даследчыкі, у тым ліку з краін-удзельніц СНД, успрымаюць глабалізацыю як экспансію каштоўнасцей асобных дзяржаў і лічаць, што імкненне да дамінавання гэтых дзяржаў неаддзельная ад іх пераваг у інавацыйна-тэхналагічнай і інфармацыйна-камунікатыўнай сферах. Але варта памятаць, што глабалізацыя – гэта ў пэўным сэнсе канкурэнцыя і спаборніцтва, што наводзіць на думку пра якасць тавараў і паслуг, культуратворчага працэсу ў цэлым, які дэманструе свае моцныя якасці ў глабальным універсуме аналагічных з’яў. Культурная арыгінальнасць сёння выступае асноўнай умоваю гэтай канкурэнтаздольнасці.

Асноўная частка

Хаця ў святле сённяшніх глабальных працэсаў і праблем пытанне культурнай самабытнасці, крытэрыі і адзінкі вымярэння якой застаюцца не вызначанымі, можа падацца на першы погляд досыць кансерватыўным, аднак уяўляецца нам даволі актуальным. Выглядае, што культурная самабытнасць усё больш відавочна выступае духоўнай каштоўнасцю сучаснасці з наступных меркаванняў:

  • культурная самабытнасць, з’яўляючыся асновай культур і нацый, спрыяе іх захаванню і развіццю, чым забяспечвае паўнапраўны міжкультурны дыялог, само права на культурныя адрозненні, што набывае якасць каштоўнасці глабалізму;
  • культурная самабытнасць служыць падмуркам нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці, роля якой узрастае ў сучасным глабальным свеце;
  • культурная самабытнасць па-ранейшаму выяўляе сілу, арыгінальнасць, непаўторнасць, творчы патэнцыял, спецыфіку той ці іншай грамадскай супольнасці (часцей за ўсё – нацыі), яна характарызуе нацыянальна-культурнае ядро;
  • праз культурную самабытнасць захоўваецца і развіваецца духоўна-маральны пачатак грамадскай супольнасці, уся сфера духоўнага быцця (праблема ўзаемадачынення універсальнага і лакальнага).

У еўрапейскім рэгіёне праблема суадносін нацыянальнага і універсальнага аспектаў грамадскага быцця і культуры існавала ад самых вытокаў хрысціянскай цывілізацыі. Толькі ў XVIII – XIX стагоддзях, калі фарміраваліся сучасныя еўрапейскія дзяржавы, паўсталі шматлікія канцэпцыі (этналагічныя, філасофскія, сацыякультурныя, сацыялінгвістычныя) нацыянальнага і універсальнага. Паводле У. Конана, гэтыя канцэпцыі канчаткова аформіліся, падзяліўшыся на тры асноўныя тэорыі-гіпотэзы – субстанцыяльную, функцыянальную, квазісубстанцыяльную [2].

Успрыманне кожнай нацыі па аналогіі з чалавечай асобаю, якая мае аналагічныя правы, плённа развівалася ў межах персаналістычнай канцэпцыі нацыі (якую падзяляе і аўтар гэтых радкоў), што мае вялікае значэнне для разумення праблемы культурнай самабытнасці. Гэтая канцэпцыя развівалася пераважна ў межах польскай хрысціянскай плыні (працы Яна Паўла II, Чэслава Бартніка і інш.), яна слаба даследавана і мала прадстаўлена ў беларускай гуманітарнай навуцы, таму патрабуе тут нашай асабліва пільнай увагі.

Згодна з персаналізмам нацыю трэба разумець як натуральную чалавечую агульнасць, якая творыць вялікі калектыўны арганізм у плане біялагічным, экзістэнцыяльным, культурным, сацыяльным і агульнай самасвядомасці, жыве ў мацярынскім часе-прасторы свету і не з’яўляецца вынікам ідэалогіі, права ці думкі – гэтая людская супольнасць мае характар анталагічны і рэальны.

Па аналогіі з асобай нацыя мае вымярэнне цялеснае, духоўнае і асабовае. Вымярэнне цялеснае ўключае ў сябе генезіс, супольную гісторыю, традыцыю, супольны лёс, супольнае існаванне, айчыну як нішу жыцця, тэрыторыю, супольную гаспадарку і матэрыяльную культуру. Вымярэнне псіхічна-духоўнае падразумевае калектыўную суб’ектыўнасць, самасвядомасць, адчуванне акрэсленай этнічнай цэласнасці, разуменне сябе, духоўную культуру, мову, вышэйшыя каштоўнасці, сумесную нацыянальную практыку і нацыянальнае самавыхаванне [3].

Калі персаналістычная канцэпцыя нацыі лічыць апошнюю створанай Богам, то праціўнікі такой канцэпцыі бачаць у гэтым рэлігійную фікцыю і сцвярджаюць, што рэальна існуюць толькі супольнасці, створаныя самім чалавекам, ідэалогіяй, “сацыяльнай інжынерыяй”. Калі нацыі ў нашым разуменні звязаныя этычным кодэксам, вышэйшымі каштоўнасцямі, абавязкам агульнага дабра, то сённяшнія прагматыкі мала лічацца з Дэкалогам і ствараюць сабе ўласную сацыяльную этыку. Калі мы бачым унутраную каштоўнасць нацыі (яе каштоўнасць самой па сабе), то праціўнікі тэалагічнага падыходу не бачаць у нацыі духоўнай, культурнай каштоўнасці, якая вызначаецца самабытнасцю, а здатныя разгледзець усяго толькі “сацыяльныя элементы”, грамадскія рухі, палітычныя сілы. Калі ў персаналістычнай канцэпцыі нацыя мае сваю глебу, сумленне, сямейную атмасферу, салідарнасць, ахвярнасць, калі нацыя не служыць ніводнай партыі, ладу, ідэалогіі, але ўсе яны служаць народу, то гэтак званая сацыяльная (у некаторых выпадках – палітычная, інтэлектуальная) эліта не чуецца нацыянальнаю асобаю, будуе сваю дзейнасць на інтарэсе, бізнесе, барацьбе. Як вынік, услед за нацыяй адкідваюцца і такія каштоўнасці, як сама айчына, традыцыя, родная мова. Замест нацыі узнікае “грамадзянская супольнасць” як феномен рухомы, матэрыяльны, безасабовы, які паддаецца кіраванню сродкамі масавай інфармацыі, грашыма, таварам, тэхнікай. Але дэмакратыя – гэта функцыя згарманізаванага, стабільнага грамадства, якое на чым можа быць надзейней пабудавана, унутрана сцэментавана, як не на глыбінных нацыянальна-культурных каштоўнасцях?

Тут дарэчы будзе адзначыць, што гістарычна нацыянальнае станаўленне ў краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы адбывалася ў шчыльнай сувязі ідэі нацыянальнага абуджэння з працэсамі дэмакратызацыі і лібералізацыі. Палітычныя тэндэнцыі ў розных краінах Еўропы на працягу апошніх пятнаццаці гадоў дэманструюць, што ідэалагічны саюз паміж нацыяналізмам і ліберальнай дэмакратыяй ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе быў часовым і няўстойлівым, а значэнне, у якім “нацыя” і “нацыяналізм” з’яўляюцца бясспрэчным саюзнікам дэмакратызацыі, становіцца ўсё больш і больш аддаленым ад міжнароднага кантэксту ўспрымання сучаснага нацыяналістычнага дыскурсу. Разам з тым Беларусі крайне неабходна прайсці (хай сабе і паскораным чынам, у новых, сучасных глабальных умовах) ўсе этапы нацыянальнага станаўлення і культурнага развіцця (у тым ліку праз умацаванне нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці), каб цалкам забяспечыць і замацаваць сваё існаванне ў якасці суб’екта гістарычнага развіцця і міжнароднай палітыкі. Апрача таго, перавага каштоўнасцей калектыўных (што прыпісваецца нацыяналізму) у процівагу каштоўнасцям адзінкі, асобы (чым ганарыцца лібералізм) — пытанне досыць спрэчнае, бо катэгорыя нацыі як духоўна-маральнай і культурна-творчай адзінкі якраз і мае на ўвазе стварэнне ўмоў для найбольш поўнага і гарманічнага развіцця ў натуральным культурна-моўным кантэксце кожнага асобнага чалавека [4].

Важна падкрэсліць, што нацыя рэалізуецца і ў маральнай плоскасці, яна мусіць прайсці праз мяжу супрацьлеглага: каштоўнасці—антыкаштоўнасці, праўда—фальш, дабро—зло, мір—вайна, справядлівасць – несправядлівасць, любоў – нянавісць, свабода—няволя, роўнасць – уціск. Маральнасць нацыі акрэслівае яе быт і жыццё ў самой істоце, паступова ўзнікае поле самавыхавання, аўтапедагогікі, асветніцтва. Нацыя ставіць сабе мэты, выбірае каштоўнасці, да якіх звяртаецца сама і на якія арыентуе наступныя пакаленні, бо яна мае свае святыні, свае ідэалы і свае абавязкі.

Паводле персаналістычнай канцэпцыі нацыі, апошняя мае першынство перад дзяржаваю, бо дзяржава выступае формай жыцця нацыі, яе арганізацыі і самаўладдзя. Калі нацыя дае жыццё супольнасці, то дзяржава – спосабы і формы гэтага жыцця.

Культура як спосаб прыстасавання свету да сябе, да сваіх патрэбаў нейкай супольнасцю не можа спарадзіць народ, бо ёсць пазнейшай за дадзены народ. Аднак калі народ ужо паўстаў, то створаная ім культура ідэнтыфікую яго, фарміруе адпаведна яго членаў праз далейшае развіццё, кшталтуе “новых”, канстытуюе ўласную традыцыю. Калі коратка падсумаваць персаналістычную канцэпцыю нацыі, то яна зводзіцца да наступнага: нацыі першасныя ў адносінах да грамадства; належаць да нацыі – гэта азначае жыць у яе кантэксце для ўсеагульнага дабра, памнажаць яе культурную самабытнасць; разбурэнне нацыянальна-культурнай самабытнасці ёсць у значнай ступені разбурэннем самога чалавека.

У свой час знакаміты сацыяльны філосаф Густаў Ле Бон (1841-1931) паказаў пэўную анатомію “рэвалюцыйнай хваробы’’народу (кніга выдадзена ў Парыжы ў 1895 г., польскі пераклад “Псіхалогія натоўпу” – у Варшаве ў 1986 г.). Згодна з аўтарам, нацыя ёсць найвышэйшай стадыяй калектыўнага жыцця, за ёй ідуць формы дэгенерацыйныя, ніжэйшыя – натоўп, выпадковая супольнасць, спатканне адзінак. Нацыя ж тады становіцца нацыяй, калі створыць пэўны ідэал, які мае трывалую еднасць мыслення і адчування.

У сацыякультурнай сферы, як і ў прыродзе і ў жыцці ў цэлым, кожная тэндэнцыя суправаджаецца супрацьлеглай. Антыглабалісцкі рух – толькі адна з выяў тэндэнцыі супрацьстаяння аднамернасці, аднаполюснасці свету. Імкненне да рэгіяналізацыі, узмацнення нацыянальнага сепаратызму, што ў розных кропках планеты часам набывае розныя выявы аж да ваенных сутыкненняў, з’яўляецца формай пратэсту супраць нівелявання культурнай самабытнасці і права нацый уладкоўваць сваё жыццё максімальна самастойна. Культурная самабытнасць адлюстроўвае тую гістарычна-генную адметнасць нацыі, якая дазваляе ёй аптымальным чынам уладкаваць сваё жыццёвае асяроддзе і найбольш поўна і творча пазнаць і пераўтварыць навакольны свет, а таксама выявіць сябе ў ім.

Культурная самабытнасць кожнага народа носіць амбівалентны характар: з аднаго боку, прыродны, натуральны, які ўрастае ў канкрэтную зямлю, ландшафт, клімат, а разам з тым і ў адпаведнае этнічна-культурнае светаадчуванне, светабачанне, светаўяўленне; з іншага боку, духоўна-ідэйны, які фіксуецца адпаведным узроўнем нацыянальнай самасвядомасці і культурнай ідэнтычнасці, а таксама ўнутранай, іманентнай патрэбай (асобы і ўсяго народу) творчасці, самавыяўлення, самаўдасканалення, маральна-духоўнага ўзрастання і духоўнага жыцця ў цэлым [4].

Культурная самабытнасць – гэта не што іншае, як назапашаная гістарычна-творчым досведам народа цэласная, гарманічная сістэма пэўных пазітыўных ведаў і вобразаў, дзякуючы якім пазнаецца (і пераўтвараецца) свет. Невыкарыстанне гэтай сістэмы, а тым больш – яе знішчэнне, дэманструе негатыўную, разбуральную, забойчую тэндэнцыю (зла). Культурная самабытнасць, выяўляючы сілу народнага патэнцыялу ў сацыяльна-творчай сферы, стварае магчымасць для гістарычна-культурнага разгортвання ўсёй панарамы нацыянальнага быцця, забяспечваючы фактычна не толькі сацыяльна-культурны прагрэс, але і само існаванне народа.

Культурная самабытнасць – гэта трансіндывідуальная гістарычнасць. І чым складанейшыя задачы будуць паўставаць на шляху чалавека і народа ў будучыню, тым больш асэнсаванай і магутнай падтрымкі яны будуць шукаць у мінулым.

Так як каштоўнасць – гэта тое, што пачуцці людзей дыктуюць прызнаць па-над усім, да чаго трэба імкнуцца і ставіцца з прызнаннем і павагаю, то каштоўнасць выяўляе не ўласцівасць рэчы, а сутнасць і ўмову паўнацэннага быцця аб’екта – у дадзеным выпадку асобы і нацыі, якія дэманструюць сваю паўнацэннасць і адрознасць ад іншых. Каштоўнасць азначае не самі па сабе прадметы ці з’явы культуры, сацыяльныя працэсы, а іх грамадскую якасць і значэнне ў жыццядзейнасці грамадства. Сама па сабе каштоўнасць заўсёды прадугледжвае наяўнасць суб’екта ацэнкі – чалавека адзінкавага або зборнага, таму выступае крытэрыем сацыякультурным. У шырокім сэнсе каштоўнасці, як піша Р. Г. Апрасян, ёсць абагуленымі, устойлівымі ўяўленнямі пра што-небудзь як пра тое, чаму аддаецца перавага, пра дабро, г. зн. пра тое, што адпавядае нейкім патрэбам, інтарэсам, намерам, мэтам, планам чалавека (або групы людзей, грамадства) [5].

Першасныя, жыццёва важныя для ўсіх людзей каштоўнасці – гэта здароўе, харчаванне, мір, бяспека, цяпло, любоў. Калі гэтыя каштоўнасці чалавеку гарантаваныя, то на першы план выступаюць каштоўнасці другой ступені: свабода, праўдзівасць, паўната жыцця, адукацыя, культура, прыгажосць, камфорт, асалода ад жыцця. І толькі потым выступаюць духоўныя каштоўнасці – тыя, якія закранаюць сэнс жыцця: дапамога бліжняму і шырэйшай супольнасці, наданне прыгажосці ўласнаму існаванню і навакольнаму свету, дзейсны ўдзел у развіцці цывілізацыі, пазнанне і сузіранне, рэлігійнае перажыванне, Бог. Што істотна, калі чалавек не ўсведамляе каштоўнасцей трэцяй ступені, найцясней звязаных з духоўнымі ідэаламі, то могуць згаснуць і каштоўнасці другой ступені [6, с. 97].

Каштоўнасць культурнай самабытнасці, якая непасрэдна належыць да каштоўнасцей трэцяй ступені — духоўных, раскрываецца і праз каштоўнасці другой ступені (паўната жыцця, культура, самарэалізацыя) і нават праз каштоўнасці першай ступені (цяпло, любоў, бяспека, патрэбы ў чым поўна забяспечваюцца камфортным сацыякультурным асяроддзем).

Духоўнасць, безумоўна, мае універсальны характар, але выяўляе сябе ў сацыякультурным быцці праз пэўную сістэму каштоўнасцей. У межах еўрапейскай цывілізацыі духоўныя каштоўнасці носяць, як вядома, хрысціянскі характар. Калі прыклад Святой Маці Тэрэзы — хрысціянкі, якая самаахвярна служыла па ўсім свеце, пацвярджае тэзу аб універсальнасці хрысціянскіх духоўных каштоўнасцей, то жыццё і падзвіжніцкая дзейнасць ксяндза Адама Станкевіча – іх культурна -нацыянальны характар.

Даведка:

  • Маці Тэрэза (27. 09. 1910 – 05. 09.1997, месца нараджэння — г. Скоп’е (зараз –сталіца Македоніі). Сапраўднае імя — Агнес Гонджа Бояджыу. Бацькі былі католікамі, у той час як большасць албанцаў прытрымлівалася іслама. З дзяцінства Агнес Гонджа праводзіла шмат часу ў ордэне Святой Панны Марыі. Маці Тэрэза — адна з самых знакамітых жанчын 20 стагоддзя. Ужо пры жыцці людзі залічвалі яе да рангу святых, а Папа Рымскі зрабіў яе правай рукой. Пражыла 87 гадоў і пакінула яркі след у гісторыі нашай планеты. Жыццё прысвяціла служэнню бедным, галодным, хворым, абяздоленым людзям ва ўсім свеце, асабліва ў Індыі. У 1950 г. яна заснавала рэлігійны ордэн сясцёр міласэрнасці, мэта якога – дапамагаць жабракам незалежна ад расы, нацыянальнасці, веравызнання. Лаўрэат шматлікіх прэмій, у тым ліку Нобелеўскай прэміі міру, аўтар дзесяткаў кніг [7].
  • Адам Станкевіч (24.12.1891 – 14.12. 1949, месца нараджэння — в.Арляняты Крэўскай воласці Ашмянскага павета) – ксёндз, навуковец, тэолаг, літаратар-публіцыст, грамадскі дзеяч, выдавец. Жыў і працаваў у кантэксце беларускага каталіцкага адраджэння першай паловы XX ст. Багацце хрысціянскіх і нацыянальна-адраджэнскіх ідэй і канцэпцый абгрунтаваў у манаграфіях, шматлікіх артыкулах і нарысах, перыядычных выданнях. А.Станкевіч – аўтар 19 кніг і брашур, каля 2 тыс. эсэ, артыкулаў, нататкаў [8].

Сярод ідэалаў і каштоўнасцей, якія складаюць фундамент сучаснай духоўнасці і нацыянальнай ідэнтычнасці беларускага народа, сфармуляваных яшчэ ў XV1 стагоддзі, сярод адзінства універсальнага і нацыянальнага, рэнесансна-гуманістычнай канцэпцыі чалавека, прасякнутай ідэяй духоўнай свабоды, верхавенства закона, культурна-рэлігійнай згоды, этычнай дамінанты, непрыняцця гвалту і прымусу, ідэя развіцця культуры на нацыянальнай, беларускай моўнай аснове з’яўляецца дамінуючай і выступае асновай беларускай ідэнтычнасці.

Услед за Уладзімірам Конанам можна сцвярджаць, што беларуская культурная самабытнасць не абмяжоўваецца крытэрыем актуальнасці, бо яна каштоўная ў трох вымярэннях часу – мінуўшчыне, сучаснасці і будучыні. Для кожнага пакалення людзей яна актуальная, патрэбная, асабліва цяпер, у пачатку XXI ст., калі беларусы перажываюць адзін з самых складаных этапаў сваёй гісторыі: этнаграфічны ўзровень самазахавання няўхільна губляецца, а новы ўзровень – нацыянальнага быцця ў постінфармацыйнай прасторы – пакуль што не набыты. Культурная самабытнасць і нацыянальна-культурная ідэнтычнасць — гэта тая ментальная ўстойлівасць нацыі, якая ў глабальнай перспектыве можа забяспечыць няспыннае ўзнаўленне пакаленняў творчых, таленавітых, духоўна багатых людзей.

Беларусам варта змагацца з комплексам непаўнавартасці, які ўзнік у выніку адчування сябе “меншым суседам” з пункту гледжання суаднесенасці з вялікімі культурамі сумежных народаў. Менавіта “размытая”, недааформленая нацыянальная самасвядомасць ёсць адной з аб’ектыўных перашкод у развіцці арыгінальнай беларускай культуры. Відавочным прыкладам адчування другаснасці, несамастойнасці служыць хаця б шэраг тэлеперадач на беларускім тэлебачанні, якія дакладна ці амаль дакладна – і, безумоўна, у значна горшым выглядзе, як усе копіі, — капіруюць перадачы расійскія (“Белорусское времечко”, “Наша Белараша”, разнастайныя “зорныя” танцы і т.п. ).

Нягледзячы на тое, што менавіта самабытная беларуская культура – арыгінальная, непаўторная, багатая на таленты — ёсць на сёння адзінай сапраўднай магчымасцю для культурнай самаідэнтыфікацыі беларусаў, у культурным плане сітуацыя ў Беларусі патрабуе большай дзяржаўнай увагі, у тым ліку падтрымкі тых актыўных людзей, якія ўласнай творчасцю з уласнай ініцыятывы, а галоўнае, у беларускім культурным кантэксце пасоўваюць культуру наперад. Адсутнасць традыцый незалежных грамадзянскіх ініцыятыў, натуральных для адкрытага грамадства заходняга тыпу, карэлюе з тым, што большасць беларусаў жыве ў звыклай залежнасці ад дзяржавы: па-ранейшаму моцная псіхалагічная інерцыя савецкай сістэмы, у якой галоўнай каштоўнасцю аб’яўляўся калектывізм. Масавая свядомасць інертная і шаблонная, яна застаецца глыбока правінцыйнай і патрыярхальнай. Для яе характэрна насцярожана-адчужанае стаўленне да якіх-кольвек нязвыклых культурных акцый, таму грамадскія беларускія культурныя акцыі ад самага пачатку нясуць на сабе кляймо другаснасці і неістотнасці і маюць слабы ўплыў на масавую свядомасць.

Некаторыя даледчыкі параўноўваюць беларускую ідэнтычнасць з “маўклівай рэальнасцю”, якая не здолела прабіцца на ўзровень рэпрэзентацыі з розных прычын: метафізічнай слабасці, містычнага нежадання, прыналежнасці да заганнага цывілізацыйнага кола [9]. Мадэрную фазу беларускай ідэнтычнасці Ігар Бабкоў, напрыклад, выводзіць з канца XV111 ст. (размова ідзе пра ідэнтычнасць шляхты) і лічыць, што яна да гэтага часу з яе не выйшла. Гэтая затрымка з’яўляецца спецыфічнай праблемай для даследчыкаў і апісваецца звычайна як недааформленасць у выніку “перыферыйнага”, у адносінах да еўрапейскай “універсальнасці”, статусу.

Сучасная структура культурнай прасторы, паводле даследчыка, вызначаецца тым, што беларуская мова працягвае функцыянаваць на вёсцы і ў сферы высокай культуры, руская – у адміністрацыі і грамадскім штодзённым ужытку. Першая рэпрэзентуе “этнаграфічную асаблівасць і мясцовы каларыт”, другая мае характар метакультуры і захавання універсальных каштоўнасцей. “Постсавецкая ідэнтычнасць” хутка афармляецца ў “новую беларускую”, аднак беларуская ідэнтычнасць, якая ад пачатку 20 ст. не была аднароднаю, застаецца падзеленай: частка насельніцтва была дастаткова глыбока інтэграваная ў сімвалічную сістэму саветызму, другая захоўвала повязь з нацыянальнай (лакальнай) традыцыяй. Наяўнасць падзелу ў ідэнтычнасці сучаснай Беларусі дастаткова відавочная, і сённяшнія рэаліі не спрыяюць інтэграцыі яе частак [10].

Варта падкрэсліць розніцу паміж кантэкстам беларускай нацыянальнай культуры і кантэкстам сучаснага беларускага грамадства – апошні недастаткова выяўляе спецыфічныя культурныя рысы, уласцівыя беларусам як нацыі з адмысловай тысячагадовай культурнай традыцыяй і адпаведным псіхалагічным тыпам. Культурная самабытнасць якраз і закліканая фарміраваць і падтрымліваць адмысловы нацыянальны характар і адпаведны псіхалагічны тып.

Заключэнне

Захаванне культурнай самабытнасці з’яўляецца актуальнай задачай сучаснасці і ў беларускай сітуацыі патрабуе дзяржаўнай падтрымкі беларускай мовы, беларускіх культурных традыцый, уключаючы ўсе формы захавання і развіцця культурнай спадчыны, умацавання нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці беларускага народа. Без стварэння натуральнага культурна-моўнага кантэксту і задзейнічання глыбіннага духоўнага пласта народнага патэнцыялу на фоне глабальнага сацыякультурнага ўзаемадзеяння беларуская нацыя трапляе ў стан абсалютнай неканкурэнтаздольнасці і ніякі плённы міжкультурны дыялог на ўсіх узроўнях для яе становіцца немагчымым. У сённяшніх умовах гэтаксама небяспечным выступае і ўсялякае штучнае абмежаванне ў сферы сацыякультурнага абмену, міжкультурных камунікацый і т.п., бо яно пагражае звесці беларускі народ да ўзроўню адсталага, правінцыйна-местачковага, дапатопнага, выміраючага этнасу. Таму самае эфектыўнае рашэнне прадугледжвае гарманічнае ўзаемадапаўненне, з аднаго боку, стабільнага нацыянальнага ядра ў выглядзе беларускай мовы і беларускай культуры (наколькі магчыма, аўтэнтычнай, прафесійна-мастацкай, духоўных традыцый і інш. – усяго, што ўваходзіць у сферу беларускай нацыянальнай культуры), з іншага боку, актыўны міжкультурны дыялог, у тым ліку развіццё беларускай гуманітарнай навукі і філасофіі ў кантэксце еўрапейскіх здабыткаў і сусветнага вопыту, адкрытасць да засваення лепшага, павагу да іншых культур, валоданне замежнымі мовамі і інш.

Традыцыйна беларусы – годны, мужны, адукаваны народ, з пачуццём гонару за тысячагадовую культурную гісторыю, адкрытыя свету і гатовыя цалкам адкрыць сучасны і будучы свет для сябе.

Літаратура:

  • 1. Лазаревич, А. А. Глобальное коммуникационное общество / А. А. Лазаревич. – Минск: Белорус. Наука, 2008. – 350 с.
  • 2. Конан, У. Гармонія нацыянальнага і універсальнага ў быцці і культуры / Уладзімір Конан // Мастацтва. 1995. – №6. – С. 2-4.
  • 3. Бартнік, Ч. С. Тэалогія нацыі / Ч. С. Бартнік. – Чэнстахова, 1999. На польскай мове.
  • 4. Уладыкоўская-Канаплянік, Л. Акварэлі любові: Канцэпцыя нацыянальнага светапогляду ў творчасці Янкі Лучыны / Любоў Уладыкоўская-Канаплянік. – Мн.: Энцыклапедыкс, 2000. –126 с.
  • 5. Апресян, Р. Г. Ценности / Р. Г.Апресян // Ценности гражданского общества и личность: сост. А. И. Михайлова; отв. ред. Р. Г. Апресян. – М. : Изд-во музея и общественного центра имени Андрея Сахарова, 2001. – 230 с.
  • 6. Краус, Вольфанг. Нигилизм сегодня, или долготерпение истории. Следы рая. Об идеалах. Эссе / Вольфанг Краус. – Москва: Радуга, 1994. — 256 с.
  • 7. Мать Тереза / Авт.-сост. Н.В.Белов. – Мн.: Современный литератор, 1998. – 240 с. (Серия “Жизнь знаменитых людей”).
  • 8. Конан, У. Ксёндз Адам Станкевіч і каталіцкае адраджэнне ў Беларусі / Уладзімір Конан. – Мн.: “Выд-ва “Про Хрысто”, 2003. – 128 с. – 16 с. іл. – (Бібліятэка часопіса “Наша вера”).
  • 9. Казакевіч Вольга, Казакевіч Андрэй. Да праблемы генезісу беларускай ідэнтычнасці // Палітычная сфера. – 2006. – №6. – С.19 – 26.
  • 10. Бабкоў І. Генэалёгія беларускай ідэі // Arche: Пачатак. – 2005. – №3. – С.136 –165.