Культурная самабытнасць у эпоху глабалізацыі. З цыклу “Як захаваць культурную самабытнасць?”

 Ці актуальная культурная самабытнасць у эпоху глабалізацыі?

 Калі пытанне пра тое, што першаснае дзяржава ці нацыя, застаецца спрэчным і выклікае да сённяшняга дня шматлікія дэбаты, то ўзаемадачыненні катэгорый нацыі і культуры відавочныя нацыі без культуры няма, менавіта творчакультурная рэалізацыя народа прыводзіць у рэшце рэшт да ўзнікнення і развіцця нацыі.

 

  Таму пытанне захавання культурнай самабытнасці ў сучасным свеце залежыць ад пытання існавання нацый і нацыянальных утварэнняў. Выглядае, аднак, што нацыі ў глабальным кантэксце паступова губляюць сваё значэнне, уступаючы месца наднацыяналь ным утварэнням. Інтэграцыйныя працэсы актывізуюцца, прыкладам чаго можа служыць хаця б пашырэнне Еўрасаюза і выпрацоўка ўнутры яго сумеснай праграмы дзеянняў, напрыклад, у галіне культуры, сельскай гаспадаркі, гандлю, знешняй палітыкі, што не толькі адлюстроўвае агульнасць інтарэсаў, але і патрабуе, як мінімум, агульнай сістэмы каштоўнасцей. Здаецца, што глабальныя тэндэнцыі ўніверсалізацыі і стандартызацыі, што ў сферы культуры часта набываюць форму прымітывізацыі і гібрыдызацыі, не садзейнічаюць развіццю культурных традыцый і пашырэнню сферы функцыянавання нацыянальных моў, паглыбленню гістарычнай памяці і ўмацаванню нацыянальнай самасвядомасці, – гэта значыць, захаванню нацыянальна-культурнай самабытнасці.

  Небяспека глабалізацыі заключаецца ў тым, што чалавек паступова страчвае каналы непасрэднай сувязі з натуральнай прыроднай і сацыяльна-культурнай прасторай, якая марудна раствараецца ў супертэхналагічным развіцці сучаснага грамадства, уніфікуецца пад уздзеяннем новых стандартаў масавай культуры і стылей жыцця [52, с. 230–231]. Гэтая прастора набывае рысы непрадказальнай штучнасці, яна канструіруецца і сімвалізуецца, абумоўліваючы адпаведны стан свядомасці асобных людзей і грамадства ў цэлым.

  Такая сітуацыя ўплывае на духоўна-інтэлектуальную і культурную стабільнасць чалавека і грамадства, яна небяспечная стратай асноў нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці, своеасаблівасці свайго існавання як выніку няўстойлівасці ведаў і ўнутраных вобразаў. Нацыянальна-культурнае светаадчуванне і светабачанне, губляючы сваю прыродную аснову, трансфармуюцца і занепадаюць, у выніку чаго аслабляецца само нацыянальна-культурнае ядро [64].

 Лічыцца, што ў эпоху глабальных трансфармацый з пункту гледжання інфармацыйнай бяспекі самымі праблемнымі сферамі выступаюць эканамічная, фінансавая, абаронная, грамадскай свядомасці, навукова-тэхнічная. Некаторыя даследчыкі прапануюць дадаць сюды адукацыйную і культурную сферы, аргументуючы гэта неабходнасцю забеспячэння інфармацыйна-псіхалагічнай бяспекі індывідуальнай і грамадскай свядомасці, абароны ад дэструктыўнага інфармацыйна-псіхалагічнага ўздзеяння разнастайных інфармацыйных крыніц, захавання ўстойлівасці культурных, каштоўнасных, духоўных асноў нацыі [52, с.193].

  Разам з тым глабалізацыя мае аб’ектыўны характар і не можа трактавацца адназначна адмоўна: тэндэнцыі сцірання культурных адрозненняў і нівелявання традыцыйных духоўных каштоўнасцей, спрашчэння, прымітывізацыі суправаджаюцца тэндэнцыямі ўскладнення, развіцця сацыякультурных з’яў. Калі трактаваць глабалізацыю як працэс ахоплівання адзінымі эканамічнымі, палітычнымі, сацыякультурнымі ўзаемаадносінамі ўсёй чалавечай супольнасці (К. Коўкер, С. Хантынгтон, Э. Гідэнс), то тут маецца на ўвазе, па-першае, пастаянны гістарычны працэс пашырэння прасторы ўзаемадзеяння паміж людзьмі, дзяржавамі і культурамі, падругое, універсалізацыя свету праз узмацненне рысаў усеагульнасці і гамагенізацыі, па-трэцяе, працэс мадэрнізацыі сучаснага соцыуму. Глабалізацыя ў якасці мадэрнізацыі разглядаецца пераважна з двух пунктаў гледжання: эвалюцыйнага (Э. Гідэнс, Р. Робертсон і інш.), згодна з якім глабалізацыя мае доўгатэрміновы характар і патрабуе кантролю, і «рэвалюцыйнага» (Ф. Фукуяма, Ж. Аталі і інш.), дзе глабалізацыя трактуецца як вестэрнізацыя. У кожным разе ў сучасную эпоху надзвычайнае значэнне набываюць працэсы ўзаемадзеяння разнастайных нацыянальных культур, якія, паводле самай агульнай класіфікацыі, набываюць формыканфлікту, сінтэзу і сімбіёзу [63].

  Як слушна заўважае А. Лазарэвіч, калі ва ўмовах каланіялізму культурнае ўзаемадзеянне вызначалася дамінуючай этнічнай групай і зводзілася да інтэграцыі этнічных меншасцей у дамінуючае культурнае асяроддзе, то ва ўмовах глабалізацыі культуры на першы план выходзяць новыя спосабы і напрамкі ўзаемадзеяння культур, якія ідэалагічна прызнаюцца раўнапраўнымі і раўнацэннымі, але вымушаны існаваць у межах палітыкі нацыянальных ці федэратыўных дзяржаў, а таксама ва ўмовах моцных знешніх уздзеянняў, звязаных з фарміраваннем наддзяржаўных супольнасцей, інтэнсіўнай іміграцыяй і камунікацыяй. Лічыцца, што ўжо ў эпоху першых цывілізацый выдзяляліся т.зв. паспяховыя ў плане распаўсюджвання, ці дамінантныя, культуры і культуры непаспяховыя, якія заставаліся ізаляванымі на працягу доўгага прамежку часу. Дадзеная паспяховасць ці непаспяховасць культур вызначалася ў першую чаргу сродкамі камунікацыі, галоўным з якіх у старажыт ных цывілізацыях была пісьменнасць. Менавіта такая магчымасць хуткага і эфектыўнага распаўсюджвання інфармацыі давала магчымасць дамінантным культурам развіваць мастацтва, навуку, рэлігію і менавіта яна ляжала ў аснове наступнай трансфармацыі непаспяховых культур пры іх каланіяльным захопе [52, c.219]. Хаця непаспяховыя культуры мінулага ў межах дамінуючых культур сёння і могуць выступаць правобразамі лакальных культур, у якіх прэвалююць традыцыйныя сродкі міжасабовай камунікацыі, захоўваецца свая мова і часта звычаі і абрады, пэўная рэлігійная вера, аднак пытанне сутнасці паспяховасці і карэктнасці ўжывання гэтага тэрміну ў дачыненні да культурнага развіцця, якое выступае праявай духоўнасці, што па сваёй сутнасці знаходзіцца па-за шкалой канкурэнтнага вымярэння, застаецца адкрытым – кожная культура самакаштоўная, багатая сваім духоўным, творчым зместам і адлюстроўвае пэўны тып светабачання.

 Як бясспрэчная ўнікальнасць любой асобы, так бясспрэчнай зяўляецца і ўнікальнасць любой культуры. Культурная самабытнасць гэта не што іншае, як назапашаная гістарычнатворчым досведам народа цэласная, гарманічная сістэма пэўных пазітыўных ведаў і вобразаў, дзякуючы якім пазнаецца (і пераўтвараецца) свет. Невыкарыстанне гэтай сістэмы, а тым больш яе знішчэнне, дэманструе негатыўную, разбуральную, забойчую тэндэнцыю (зла). Культурная самабытнасць, выяўляючы сілу народнага патэнцыялу ў сацыяльнатворчай сферы, стварае магчымасць для гістарычнакультурнага разгортвання ўсёй панарамы нацыянальнага быцця, забяспечваючы фактычна не толькі сацыяльнакультурны прагрэс, але і само існаванне народу.

 Нягледзячы на ўсеахопны характар глабалізацыі, якая выяўляе заканамерны этап гісторыі чалавецтва, змаганне за захаванне і ўмацаванне нацыянальна-культурнай -305.1самабытнасці выступае задачай першачарговай важнасці для кожнай нацыі, кожнай культуры. Культурную самабытнасць важна захаваць і для таго, каб не дапусціць узнікнення агульначалавечай імперыі зла праз сілавое навязванне сацыяльна-культурных каштоўнасцей адных дзяржаў іншым.

  У сацыякультурнай сферы, як і ў прыродзе і ў жыцці ў цэлым, кожная тэндэнцыя суправаджаецца супрацьлеглай. Антыглабалісцкірух – толькі адна з выяў тэндэнцыі супрацьстаяння аднамернасці,аднаполюснасці свету. Імкненне да рэгіяналізацыі, узмацнення нацыянальнага сепаратызму, што ў розных кропках планеты часам набывае розныя выявы аж да ваенных сутыкненняў, з’яўляецца формай пратэсту супраць нівелявання культурнай самабытнасці і права нацый уладкоўваць сваё жыццё максімальна самастойна. Культурная самабытнасць адлюстроўвае тую гістарычна-генную адметнасць нацыі, якая дазваляе ёй аптымальным чынам уладкаваць сваё жыццёвае асяроддзе і найбольш поўна і творча пазнаць і пераўтварыць навакольны свет, а таксама выявіць сябе ў ім.

 Разам з тым сучасная сацыякультурная трансфармацыя далёка не абмяжоўваецца ўмовамі і заканамернасцямі функцыянавання асобных сацыяльных сістэм, лакальных культур, унутранымі асаблівасцямі фарміравання і рэалізацыі нацыянальна-дзяржаўных інтарэсаў, спецыфікай ментальных структур свядомасці і паводзін, так як усё гэта стала адчуваць сур’ёзнае знешняе ўздзеянне, набываць рысы ўсеагульнасці і ўзаемазалежнасці. Калі мець на ўвазе грамадства (чалавецтва) як адзіны сацыяльны арганізм, то асобныя дзяржавы, народы, нацыянальныя культуры не могуць не адчуваць уплыву цэласнасці сістэмы, што выяўляецца ў абавязковым прытрымліванні пэўных уніфікаваных прынцыпаў і нормаў развіцця, незахаванне якіх або парушэнне вядзе да распаду цэласнасці [52, с. 215–216]. Сапраўды, усе народы, краіны, нацыянальныя культуры, нягледзячы на сваю выключную каштоўнасць і багацце ўнутранага зместу, несумненна бяднейшыя за цэласнасць культурна-гістарычнага вопыту і заўсёды будуць адчуваць падпарадкаванасць гэтаму вопыту, патрэбу ў дапаўненні і ўзбагачэнні ім, што з’яўляецца адной з аб’ектыўных перадумоў глабалізацыі. [52, с. 217]. Аднак варта памятаць, што згаданая сусветная скарбніца ўсё ж такі складаецца з унёскаў і здабыткаў канкрэтных народаў, нацый, культур, таму культурная самабытнасць выступае і тут першаснай, фундаментальнай каштоўнасцю. Уласцівая ж сучаснай глабалізацыі тэндэнцыя размывання сувязей паміж культурным досведам і тэрытарыяльным кантэкстам, нягледзячы на тое, што культура традыцыйна звязвалася з ідэяй пра яе лакальнасць, не можа адназначна сведчыць пра тое, што глабалізацыя з’яўляецца аднанакіраваным працэсам дэтэрмінацыі ўсяго, што адбываецца ў свеце: дапускаецца, прынамсі, магчымасць інтэрвенцыі лакальнага ў глабальныя працэсы.

 Дастойнае і эфектыўнае супрацьстаянне глабалізацыі можа адбыцца ў плоскасці генерыравання матэрыяльных і духоўных інавацый (не выключаючы пры гэтым значэння існуючых каштоўнасцей), стварэння тэхналогій іх экстрапаляцый за межы сферы крэатыўнага і лакальнага значэння [52, с.222]. Невыпадкова ў тэхналагічным канкурыраванні дзяржаў перавага аддаецца распрацоўкам новых сродкаў камунікацыі і тэхнікам валодання імі, так як размова ідзе не толькі пра магчымасці далучэння да іншых культур і каштоўнасцей, але і пра экстрапаляцыю ўласнага вопыту, што стварае перадумовы дамінавання ў адпаведных абласцях сацыяльнай актыўнасці.

 Многія даследчыкі, пераважна расійскія, успрымаюць глабалізацыю як экспансію каштоўнасцей асобных дзяржаў і лічаць, штоперавага гэтых дзяржаў неаддзельная ад іх пераваг у інавацыйна-тэхналагічнай і інфармацыйна-камунікатыўнай сферай. Але супрацьпаставіць што-небудзь дадзенай тэндэнцыі можна толькі ў кантэксце ўсведамлення таго, што глабалізацыя – гэта свайго роду канкурэнцыя і спаборніцтва, што наводзіць на думку пра якасць тавараў і паслуг, культуратворчага працэсу ў цэлым, якія дэманструюць свае перавагі ў глабальным універсуме аналагічных з’яў.

 Толькі такім чынам можна захаваць арыгінальнасць і самабытнасць матэрыяльнай і духоўнай культуры. І гэта не самы складаны спосаб супрацьстаяць працэсам глабалізацыі і ўплываць на іх. Цяжкасці больш сур’ёзнага характару звязаны з непадуладнасцю звычайным нормам сацыяльнага рэгулявання пачуццёва-бессвядомай сферы чалавека, схільнай да асобых крытэрыяў псіхалагічнага ўспрымання пры ацэнцы розных феноменаў [52, с. 222–223]. Калі гаворка ідзе пра ўзаемадачыненне культурнай самабытнасці і ўніверсалізму, то ідэя арыентацыі на сінтэзаваны досвед, на сістэму агульначалавечых каштоўнасцей, што можа паслужыць аб’яднальным пачаткам у складаных умовах сучаснага развіцця, з аднаго боку, выклікае сумненні і патрабуе, як мінімум, удакладнення зместу культурнага сінтэзу, як і агульназначных ідэалаў і стандартаў развіцця. З іншага боку, пры ўсім жаданні і ўнутранай патрэбе нацыянальна-культурнага самавыяўлення варта памятаць, што глабальны працэс імкнення да еднасці адлюстроўвае тое адзінства чалавечага быцця, якое існуе аб’ектыўна і сведчыць пра само існаванне чалавечага роду як такога, пра існаванне чалавека разумнага і чалавека духоўнага. Іншая рэч, што гэтае адзінстваіснуе на высокім, духоўным узроўні, а не на тым матэрыяльным, што часцей за ўсё прапануе сучасная глабалізацыя.

 Што датычыць еўрапейскага рэгіёну, то праблема суадносін нацыянальнага і ўніверсальнага аспектаў грамадскага быцця і культуры існавала ад самых вытокаў хрысціянскай цывілізацыі. Толькі ў XVIIIXIX стагоддзях, калі фарміраваліся сучасныя еўрапейскія дзяржавы, паўсталі шматлікія канцэпцыі (этналагічныя, філасофскія, сацыякультурныя, сацыялінгвістычныя) нацыянальнага і ўніверсальнага. Паводле У. Конана, гэтыя канцэпцыі канчаткова аформіліся, падзяліўшыся на тры асноўныя тэорыі-гіпотэзы – субстанцыяльную, функцыянальную, квазісубстанцыяльную [49].

 Згодна з субстанцыяльным падыходам, які падзяляе і аўтар гэтых радкоў, што ўзнік у нямецкай школе этнолагаў і філосафаў(І. Г. Гердэр, В. Гумбальт, кантэкст філасофіі гісторыі Гегеля), усе нацыянальныя феномены ёсць выяўленнем глыбінных асноў быцця чалавечага грамадства. Кожная гістарычная нацыя выяўляе пэўныя ступені самаразвіцця абсалютнай ідэі і рэалізуецца ў форме спецыфічных грамадскага ладу, дзяржавы, маралі і права (абектыўны дух), мастацтва, рэлігіі, філасофіі усёй духоўнай культуры (абсалютны дух). Самаарганізаваўшыся ў грамадства і дзяржаву з пэўным, адэкватным для сябе грамадскапалітычным ладам, нацыя стварае сваю сістэму культуры і праз яе далучаецца да агульначалавечай універсальнай духоўнай традыцыі [47]. Успрыманне кожнай нацыі па аналогіі з чалавечай асобаю, якая мае аналагічныя правы, развівалася ў межах персаналістычнай канцэпцыі, што мае велізарнае значэнне для разумення праблемы культурнай самабытнасці. Яна слаба даследавана і мала прадстаўлена ў беларускай гуманітарнай навуцы, таму патрабуе тут нашай асабліва пільнай увагі. Згодна з персаналізмам нацыю трэба разумець як натуральную чалавечую агульнасць, якая творыць вялікі калектыўны арганізм у плане біялагічным, экзістэнцыяльным, культурны, сацыяльным і агульнай самасвядомасці, жыве ў мацярынскім часепрасторы свету і ні ў якім выпадку не зяўляецца вынікам ідэалогіі, права ці думкі. Гэтая людская супольнасць мае характар анталагічны і рэальны, яна выяўляе сацыяльную экзістэнцыю саматычнадухоўнага развіцця.

 Па аналогіі з адзінкай (асобай) нацыя мае вымярэнне цялеснае, духоўнае і асабовае. Вымярэнне цялеснае ўключае ў сябе генезіс, супольную гісторыю, традыцыю, супольны лёс, супольнае існаванне, айчыну як нішу жыцця, тэрыторыю, супольную гаспадарку і матэрыяльную культуру. Вымярэнне псіхічнадухоўнае падразумевае калектыўную субектыўнасць, самасвядомасць, адчуванне акрэсленай этнічнай цэласнасці, разуменне сябе, духоўную культуру, мову, вышэйшыя вартасці, сумесную нацыянальную практыку і нацыянальнае самавыхаванне [36].

 Нацыянальнасць гэта, хутчэй, пачуццё агульнасці, чым справа этнічнага паходжання. Да пэўнай нацыі можа належаць асоба ці група асоб іншага паходжання, пры ўмове, аднак, што яны духоўна адпавядаюць агульнаму асяроддзю, зрастаюцца з жыццём дадзенага краю і кіруюцца агульным дабром супольнасці. У любым выпадку найважнейшым ёсць асабовае вымярэнне жыцця нацыі. Гэта не толькі частка прыроды і свету, але таксама аснова найвышэйшых рэчаў: ідэі, вартасці, духу, рэлігіі, маральнасці, драматызму існавання.

 Сёння шматлікія ліберальныя і пазітывістычныя, мадэрністычныя і постмадэрністычныя плыні распачалі ў свеце вайну супраць вышэйзгаданага паняцця нацыі. Калі персаналістычная канцэпцыя нацыі лічыць яе створанай Богам, то праціўнікі такой канцэпцыі бачаць у гэтым рэлігійную фікцыю і сцвярджаюць, што рэальна існуюць толькі супольнасці, створаныя самім чалавекам, ідэалогіяй, «сацыяльнай інжынерыяй». Калі нацыі ў нашым разуменні звязаныя этычным кодэксам, вышэйшымі каштоўнасцямі, абавязкам агульнага дабра, то сённяшнія прагматыкі адкідваюць Дэкалог і ствараюць сабе ўласную сацыяльную этыку. Калі мы бачым унутраную каштоўнасць нацыі (яе каштоўнасць самой па сабе), то «інжынеры новага грамадства» не бачаць у нацыі духоўнай, культурнай каштоўнасці, якая вызначаецца самабытнасцю, а здатныя разгледзець усяго толькі «сацыяльныя элементы», грамадскія рухі, палітычныя сілы. Калі ў персаналістычнай канцэпцыі нацыя мае сваю глебу, сумленне, сямейную атмасферу, салідарнасць, ахвярнасць, калі нацыя не служыць ніводнай партыі, ладу, ідэалогіі, але ўсе яны служаць народу, то гэтак званая сацыяльная (у некаторых выпадках – палітычная, інтэлектуальная) эліта не чуецца нацыянальнаю асобаю, будуе сваю дзейнасць на інтарэсе, бізнесе, барацьбе. Як вынік, услед за нацыяй адкідваюцца і такія каштоўнасці, як сама айчына, традыцыя, родная мова. Замест нацыі ўзнікае «грамадзянская супольнасць» як феномен рухомы, матэрыяльны, безасабовы, які паддаецца кіраванню сродкамі масавай інфармацыі, грашыма, таварам, тэхнікай. Грамадзянскай супольнасці культурная самабытнасць непатрэбная, трэба толькі дэмакратыя, якая, аднак жа, ёсць функцыяй згарманізаванага, высокаарганізаванага, стабільнага грамадства, якое на чым можа быць больш надзейна пабудавана, унутрана сцэментавана, як не на глыбінных нацыянальна-культурных каштоўнасцях?

 Тут дарэчы будзе адзначыць, што гістарычна нацыянальнае станаўленне ў краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы адбывалася ў шчыльнай сувязі ідэі нацыянальнага абуджэння з працэсамі дэмакратызацыі і лібералізацыі. Сапраўды, супольнае ўсведамленне прыналежнасці да нацыянальнага цэлага ёсць адной з перадумоў дэмакратызацыі, а трактаванне посткамунізму як адмаўлення знешняга дамінавання і непрыняцця таталітарнага палітычнага рэжыму стварала ўражанне, што нацыяналізм з’яўляецца вызваленчай барацьбой. Нягледзячы на тое, што палітычныя тэндэнцыі ў розных краінах Еўропы на працягу апошніх 15 гадоў дэманструюць, што ідэалагічны саюз паміж нацыяналізмам і ліберальнай дэмакратыяй ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе быў часовым і няўстойлівым, а значэнне, у якім «нацыя» і «нацыяналізм» з’яўляюцца бясспрэчным саюзнікам дэмакратызацыі, становіцца ўсё больш і больш аддаленым ад міжнароднага кантэксту ўспрымання сучаснага нацыяналістычнага дыскурсу, Беларусі крайне неабходна прайсці (хай сабе і паскораным чынам, у новых, сучасных глабальных умовах) ўсе этапы нацыянальнага станаўлення і культурнага развіцця, каб цалкам забяспечыць і замацаваць сваё існаванне ў якасці суб’екта гістарычнага развіцця і міжнароднай палітыкі.

 Відавочна, што калі хто хоча зняволіць народ, не кажучы ўжо пра яго поўнае знішчэнне, як хацеў нацызм, а потым бальшавізм, то пазбаўляе яго культурнай самабытнасці, памяці, гісторыі і ўласнай традыцыі.

 Апрача таго, перавага каштоўнасцей калектыўных (што прыпісваецца нацыяналізму) у процівагу каштоўнасцям адзінкі, асобы (чым ганарыцца лібералізм) – пытанне досыць спрэчнае, бо катэгорыя нацыі як духоўна-маральнай і культурна-творчай адзінкі якраз і мае на ўвазе стварэнне ўмоў для найбольш поўнага і гарманічнага развіцця ў натуральным культурна-моўным кантэксце кожнага асобнага чалавека [64].

 Важна падкрэсліць, што нацыя рэалізуецца і ў маральнай плоскасці, яна мусіць прайсці праз мяжу амбівалентнасці: каштоўнасці – антыкаштоўнасці, праўда – фальш, дабро – зло, мір – вайна, справядлівасць – несправядлівасць, любоў – нянавісць, свабода – няволя, роўнасць – уціск. Маральнасць нацыі акрэслівае яе быт і жыццё ў самой істоце, паступова ўзнікае поле самавыхавання, аўтапедагогікі, асветніцтва. Нацыя ставіць сабе мэты, выбірае каштоўнасці, да якіх звяртаецца сама і на якія арыентуе наступныя пакаленні, бо яна мае свае святыні, свае ідэалы і свае абавязкі.

 Персаналістычная канцэпцыя нацыі асабліва актыўна падтрымлівалася польскімі даследчыкамі. Увогуле яшчэ ад XVI стагоддзя ў польскай персаналістычнай канцэпцыі нацыі выдзяляюцца дзве асноўныя плыні: плынь традыцыйная, ці ўніверсалістычная (падкрэсліваецца еднасць еўрапейскай сям’і, ідэя ўніверсальнага пасланніцтва нацыі, служэння ўніверсальнаму касцёлу– Войцех Навапольчык, Геранім Павадоўскі і інш.) і плынь мадэрністычная, радыкальная, якая набліжаецца да нацыяналізму (дзяржава павінна быць аднанацыянальнай, дзяржаў можа быць шмат, дзяржава і нацыя – самастойныя, хрысціянская абшчына павінна пераймаць рысы нацыі дадзенага краю – мову, культуру, светабачанне і г.д. – Якуб Пшылускі, Ян з Туробіна і інш.). Асаблівае развіццё тэалогія нацыі набыла пасля Другой сусветнай вайны (працы кардынала Стэфана Вышыньскага, Яна Паўла Другога) і, хаця не была выразна навукова сфармулявана, але змагла выступіцьшырокай плынню польскай свядомасці. У трактаванні нацыі ў Польшчы ў васьмідзесятыя гады мінулага стагоддзя існавала нават непаразуменне паміж гістарычнымі школамі кракаўскай і варшаўскай: кракаўская, песімістычная, атаясамлівала дзяржаву з нацыяй, варшаўская ж надавала асаблівае значэнне маральнасці, адраджэнню польскага духу, рэформам грамадскага жыцця і т.п.

 Паводле персаналістычнай канцэпцыі нацыі, апошняя мае першынство над дзяржаваю, бо дзяржава выступае формай жыцця нацыі, яе арганізацыі і самаўладдзя. Калі нацыя дае жыццё супольнасці, то дзяржава – спосабы і формы гэтага жыцця, прычым жыццё нацыі без дзяржавы ў пэўных умовах цалкам магчымае. Ян Павел Другі не раз казаў, што нацыя творыцца культурай. Генетычна першым ёсць народ, потым паўстае яго культура. Культура як спосаб прыстасавання свету да сябе, да сваіх патрэбаў нейкай супольнасцю не можа спарадзіць народ, бо ёсць пазнейшай за дадзены народ. Аднак калі народ ужо паўстаў, то створаная ім культура ідэнтыфікую яго, фарміруе адпаведна яго членаў праз далейшае развіццё, кшталтуе «новых», канстытуюе ўласную традыцыю.