Інтэрв’ю Алены Кудзько з генеральным дырэктарам Цэнтра міжкультурнага дыялогу Любоўю Уладыкоўскай

Цэнтру міжкультурнага дыялогу ўжо год… Як узнікла ідэя яго стварэння?

Яшчэ падчас майго дырэктарства ў знакамітым Скарынаўскім цэнтры ўзнікла ідэя аб пашырэнні функцый Цэнтра да агульнадзяржаўных – і, такім чынам, больш за 10 гадоў таму мы пачалі абмяркоўваць ідэю стварэння Інстытута Беларусі. У мяне захоўваецца падшыўка газет аб гэтай нашай ініцыятыве. Я спецыяльна дасканала вывучыла вопыт дзейнасці падобных інстытутаў у іншых краінах ( не сакрэт, напрыклад, што ў знешняй палітыцы еўрапейскіх дзяржаў культурная складковая – важнейшая пасля класічнай дыпламатыі і знешнеэканамічнай дзейнасці ), падрыхтавала бізнес-план і ўсю неабходную дакументацыю. У снежні 2003 г. правялі нават вялікую міжнародную канферэнцыю пад эгідай ЮНЕСКА – “Міжкультурны дыялог у Беларусі: нацыянальна-культурнае і духоўнае развіццё ва ўмовах глабалізацыі”. Потым былі спробы стварэння такога Інстытута ў межах Белдзяржуніверсітэта. І ў выніку так атрымалася, што ствараць такі Цэнтр давялося ў грамадскім сектары, што мае свае станоўчыя бакі.

Тое, што Цэнтр апынуўся ў складзе Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва – выпадковасць?

І так, і не. Многія праблемы, у тым ліку па стварэнні і дзейнасці Цэнтра, бяруць пачатак не толькі ў невуцтве, неразуменні, некампетэнтнасці, страху перад усім новым, але ў звычайнай людской зайздрасці. І там, дзе гэтай зайздрасці менш, а адкрытасці, розуму, сацыяльнай накіраванасці, дзяржаўнага, агульнанацыянальнага мыслення больш – там Цэнтр і “прарос”.

Справа ў тым, што прадпрымальніцтва разам з творчай і інтэлектуальнай элітай складаюць самую актыўную, адкрытую, адказную і высокапрафесійную частку грамадства, якая ідзе наперадзе грамадзянскай супольнасці. Іншая рэч, што гэтая грамадзянская супольнасць часам вельмі нагадвае дзяржаўна-чыноўніцкія структуры (бярэ адтуль не лепшыя правілы і манеры), грамадскія арганізацыі прыватызуюцца і г.д. – але ўжо тут як ёсць…

Інвестыцыйная прывабнасць краіны, турызм, лагістыка і інш. – тут бізнес надзвычай залежыць ад культуры, у тым ліку культурнага іміджу рэгіёнаў і краіны ў цэлым.

Я ўжо не кажу пра такія напрамкі, як культура бізнесу, дзелавая і кампаратыўная этыка, культура асобы, крос-культурныя камунікацыі, рэгіянальнае развіццё і т.п. – тут у нас увогуле сумесны непачаты край працы…

А хіба можна ўявіць міжнародныя дзелавыя кантакты без міжкультурнага дыялогу?

З іншага боку, культура, гуманітарная навука самі па сабе рэчы не самаакупныя, калі размова, канечне ідзе пра высокую культуру і сапраўдную навуку. І чакаць, што мы будзем прыносіць прыбытак, не выпадае. Нідзе ў свеце культура не фінансуе бізнес, толькі наадварот. Праўда, сістэма мецэнацтва, гістарычна ўласцівая Беларусі, як і іншым еўрапейскім краінам, ў нас з некаторага часу амаль зусім забытая.

Цэнтр міжкультурнага дыялогу мае вельмі шырокую сферу дзейнасці і таму ён не можа быць створаны пры Акадэміі навук, напрыклад, якая займаецца толькі навукай, пры нейкім асобным міністэрстве ці ведамстве. Гэта – міжведамасная, надгаліновая структура, якая працуе адначасна і з грамадствам, разнастайнымі грамадскімі структурамі, і з дзяржаўнымі ўстановамі, міністэрствамі і ведамствамі, і з самымі разнастайнымі замежнымі арганізацыямі – перадусім, безумоўна, сацыякультурнай сферы.

Наяўнасць Цэнтра міжкультурнага дыялогу – вялікі гонар для Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва, і гэтаму гонару яшчэ трэба адпавядаць.

Паняцце міжкультурнага дыялогу – шырокае, дакладна не вызначанае. Які сэнс укладваеце ў яго Вы?

Міжкультурны дыялог – міжнародны палітычны прыярытэт і палітычны прыярытэт Савета Еўропы.

У маі 2007 г. Еўрапейская Камісія прапанавала Еўрапейскую Стратэгію для сферы культуры, заснаваную на трох прынцыпах: культурная разнастайнасць і міжкультурны дыялог, культура як каталізатар творчасці, культура як ключавы момант міжнародных сувязей. Свет заўсёды быў полікультурным, але толькі ў наш час ён становіцца цэласным і патрабуе новага супрацоўніцтва, звязанага з пошукамі ўзаемнай бяспекі. Ізаляцыянізм, які даваў гарантыі культурнага і іншага суверэнітэту, сябе вычарпаў. Створана агульная інфармацыйная, палітычная і эканамічная прастора. Асноўнай рысай глабальнага мыслення і дзеяння стала поліфанія меркаванняў, ідэйных платформ, пазіцый, што паслужыла перадумовай пошуку пунктаў судакранання і дыялогу розных культур.

Шматстайнасць культур – адна з ключавых умоў існавання сучаснага грамадства. Дзякуючы развіццю міжкультурнага дыялогу шматстайнасць культур становіцца крыніцай узаемнага духоўнага ўзбагачэння і спрыяе ўмацаванню ўзаемаразумення, прымірэння і цярпімасці.

Міжкультурны дыялог засноўваецца на прынцыпах свабоды выбару, самавыяўлення, роўнасці, талеранцыі і ўзаемапавагі чалавечай годнасці. Ён патрабуе непрадузятасці і дае магчымасць вырашаць усе канфлікты мірна і канструктыўна.

Міжкультурны дыялог накіраваны на прадастаўленне роўных правоў усім чальцам супольнасці на аснове, у першую чаргу, правоў чалавека, сярод якіх галоўныя каштоўнасці – свабода і роўнасць.

Міжкультурны дыялог залежыць ад максімальнай рэалізацыі чалавечых, грамадзянскіх эканамічных, сацыяльных і культурных правоў, ад магчымасці выяўлення свабоды і індывідуальнасці.

Вельмі важным для міжкультурнага дыялогу з’яўляецца ўсведамленне ўласнай ідэнтычнасці. Беларуская ідэнтычнасць выступае адначасова і нацыянальнай каштоўнасцю, і ўмовай грамадскай салідарнасці, а таксама культурнага развіцця і дзяржаўнага будаўніцтва ў цэлым. Вынікам канфлікту ідэнтычнасцей (заходнерусізм, тутэйшасць, ідэнтычнасці савецкая, нацыянальна-адраджэнская, еўрапейская і інш.), узмоцненага недастатковай адкрытай грамадскай дыскусіяй па гэтым пытанні, з’яўляецца адсутнасць належнай нацыянальнай кансалідацыі і грамадскай згоды.

Пашырэнне і ўмацаванне беларускай ідэнтычнасці звязана з неабходнасцю пераадолення цэлай сістэмы негатыўных сацыякультурных стэрэатыпаў, сярод якіх можна назваць наступныя: трактоўка гісторыі беларускага народа аж да сённяшняга дня ажыццяўляецца ў значнай ступені ў рэчышчы савецкіх падыходаў, у ментальных межах савецкага мінулага, між тым як гэта не адпавядае сучаснаму мысленню, параджае перыферыйнае, правінцыйнае светаўспрыманне, а таксама не адпавядае аб’ектыўным гістарычным ведам; парушаецца прынцып непарыўнасці, пераемнасці беларускай гісторыі; недастаткова прапагандуюцца ў грамадстве шляхам асветніцай працы нацыянальныя беларускія міфы; каланіяльнае мысленне з яго комплексам непаўнацэннасці сілкуе псеўдабеларускае выхаванне, якое ажно да сённяшняга дня спрэс паслугуецца вобразамі беларуса як мужыка ў лапцях, прыгнечанага ўсімі магчымымі сацыяльнымі бедамі і няшчасцямі, між тым нацыянальнымі героямі павінны быць палітыкі, палкаводцы, мысліцелі, навукоўцы, грамадскія дзеячы і т.п.; не пераасэнсаваны вытокі паходжання беларускай нацыі і не ўдакладнены сэнс нацыянальных каштоўнасцей; недаацэненая гістарычная роля беларускай шляхты як грамадска-культурнай сілы; не прасоўваюцца геапалітычныя брэнды, шырока выкарыстоўваюцца паняцці Еўразіі і маста паміж Усходам і Захадам ў дачыненні да Беларусі; не прыняты Закон аб абароне беларускай мовы і не ўстаноўленыя нормы рэгулявання моўнай сітуацыі, прынятыя ва ўсіх суверэнных дзяржавах.

Між тым нацыянальная ідэнтычнасць поруч з беларускай моваю, культурнай самабытнасцю, высокім ўзроўнем і запатрабаванасцю грамадствам прафесійнай і народнай мастацкай культуры, гуманітарнай бяспекай не толькі дае магчымасць народу захаваць сваю духоўную сутнасць у сучасным свеце глабальных трансфармацый, але і забяспечвае канструктыўную ўключанасць уласнай культуры ў сусветны культурны працэс, без якога культура і ўвесь наш народ у сённяшнім свеце непазбежна пераўтвараецца ў правінцыйны.

Як суадносіцца міжкультурны дыялог і палітыка мультыкультуралізму, якая, па прызнанні сучасных еўрапейскіх палітыкаў, пацярпела крах? Ці прапануеце Вы нейкія новыя падыходы, нестандартныя рашэнні ў міжкультурным дыялогу? Што адмысловае ў міжкультурным дыялогу Беларусь можа прапанаваць свету сёння?

Калі рэалізацыя ідэі мультыкультуралізму сутыкаецца з нарастаннем крызісных з’яў, у чым адкрыта прызнаюцца кіраўнікі еўрапейскі дзяржаў (так, Прэзідэнт Францыі Нікаля Сарказі заявіў 10 лютага, што палітыка мультыкультуралізму па сутнасці правалілася; гэтаму папярэднічалі аналагічныя выступленні прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі Дэвіда Кэмерона і канцлера Германіі Ангелы Меркель), то “міжкультурны дыялог”, як пра тое гаварылася вышэй, застаецца адным з самых папулярных паняццяў у сучасным свеце, бо ён уключае ў сябе не толькі адпаведны тып узаемадзеяння культур, але дыялог розных груп людзей з уласцівымі ім поглядамі і перакананнямі, а таксама само права на існаванне адрознага, інакшага.

Адмысловасць беларускага міжкультурнага дыялогу – у гістарычнай полікультурнай, поліэтнічнай і поліканфесійнай традыцыі, якая, аднак, сёння вымагае большай талерантнасці, бо сучаснае беларускае грамадства не вызначаецца цярпімасцю да інакшага.

Актуальнасць сцверджання ў Беларусі каштоўнасці ўзаемадзеяння на аснове ўзаемапавагі заключаецца ў тым, што гэта дазваляе забяспечыць магчымасць рэалізацыі інтэгральнай функцыі беларускай культуры і нацыянальнай ідэнтычнасці з вырашэннем задач па дэмакратызацыі сучаснага грамадства. Актуальнейшай застаецца і задача фарміравання асобы – не цынічнага спажыўца, але чалавека з сучасным светапоглядам, для якога жыццё – ступень выкарыстання дадзеных шанцаў.

На якую частку насельніцтва скіравана дзейнасць цэнтра? Хто можа браць удзел у працы цэнтра? Ці задаволеныя Вы асноўнымі вынікамі дзейнасці Цэнтра за мінулы год?

Дзейнасць Цэнтра скіраваная на ўсё беларускае грамадства (праз сістэму асветніцтва) і часткова – на міжнародную супольнасць. У Цэнтры могуць працаваць выключна высокапрафесійныя спецыялісты, якія валодаюць беларускай і замежнымі мовамі і ведаюць беларускую культуру (у вузкім і шырокім яе сэнсах), а таксама згодныя праяўляць сваю актыўнасць і энтузіязм бясплатна (мы маем справу выключна з валанцёрамі).

Галоўнае дасягненне за год дзейнасці — мы вызначыліся з прыярытэтамі, ўтварыўся надзейны касцяк каманды, Цэнтр пачаў фарміраваць свой імідж. Мы завязалі даволі цесныя міжнародныя сувязі, распачалі некалькі сур’ёзнейшых міжнародных праектаў.

І тут я хачу падкрэсліць самае істотнае. Што датычыць патрыятызму, веры, годнасці, Радзімы – рэчаў сапраўды важных, то ўсё належыць рабіць на самым высокім узроўні прафесіяналізму і адказнасці, крый Божа не дапускаць ніякай прафанацыі. Гэта забараняецца. Трэба паказваць свет такім, якім ён ёсць, самаахвярна і аддана працаваць на такую перспектыву Яе Вялікасці Беларусі, якой яна мусіць і павінна быць.