22-24 чэрвеня ў Рэспубліцы Польшча адбыўся IX Міжнародны форум амерыканістаў, прысвечаны праблеме антыамерыканізму ў сучасным свеце. У Форуме ўзялі ўдзел прадстаўнікі цэнтраў амерыканістыкі Польшчы, іншых краін Еўропы, ЗША, Амбасады ЗША ў Рэспубліцы Польшча.
Беларусь прадстаўляла Любоў Уладыкоўская, якая падчас пленарнага паседжання выступіла з прэзентацыяй “Амерыканістыка і антыамерыканізм у сучаснай Беларусі”, дзе ўтрымліваўся аналіз вытокаў і сутнасці антыамерыканізму, сістэмны погляд на зараджэнне і развіццё амерыканістыкі ў Беларусі, сучасны стан амерыканскіх даследаванняў і іх перспектыў. Любоў Уладыкоўская разгарнула перад удзельнікамі Форуму панараму грамадскай ініцыятывы Цэнтра міжкультурнага дыялогу ў яго амерыканскім вектары, прэзентавала кнігі “Адкрыццё маёй Амерыкі, або Навошта беларусам ЗША?” і “Беларуска-амерыканскі культурны дыялог: стратэгія развіцця”, дала шэраг інтэрв’ю.
На пытанне, чым спадабаўся Форум, Л. Уладыкоўская адказала: “ Тым, чаго часта бракуе нам. Па-першае, добрай арганізаванасцю, жорсткім рэгламентам, выключна дакладнай адпаведнасцю праграме. Гэта цалкам нармальна і абсалютна адпавядае майму светаразуменню. Наш Цэнтр імкнецца працаваць менавіта ў гэтым жа стылі, што часам бывае даволі складана з прычыны ментальных асаблівасцей і элементарнай неабавязковасці нашых людзей. Па-другое, цікавасцю да Беларусі і выключна добразычлівым да нас стаўленнем, пры захаванні знакамітай паважлівасці да ўласнай краіны. Па-трэцяе, абраннем англійскай мовы мовай Форуму (пераклады не прадугледжваліся), хаця польскай мовай можна было паслугавацца падчас дэбатаў. Усе ўдзельнікі, у тым ліку дактаранты, вольна валодалі англійскай мовай. Па-чацвёртае, акцэнтам на дыскусійнай частцы Праграмы – сапраўды дыскусійнай з цэнтрам увагі на праблеме, якая абмяркоўвалася. Па-пятае, спецыяльнымі панелямі, на якіх абмяркоўваліся працы маладых навукоўцаў, што займаюцца амерыканскай праблематыкай, з актыўным удзелам знанай прафесуры, што не скупілася на грунтоўныя заўвагі і пажаданні. Так фарміруюцца і развіваюцца навуковыя школы. Па-шостае, распрацаванымі анкетамі для ацэнкі Форуму ўдзельнікамі. Было добра бачна, што мерапрыемства арганізоўвалася не для справаздач па грантах, як, на жаль, часта бывае. Па-сёмае, салідарнасцю і ўзаемападтрымкай, і гэта падкрэслілася, апроч іншага, тымі прафесійнымі кантактамі, якія ўдалося завязаць з мэтай далейшага супрацоўніцтва.
Адзінае, што мяне крыху збянтэжыла, гэта здзіўленне журналістаў, калі яны пыталі, чаму Беларусь не толькі ўдзельнічае ў Форуме, але і выступае на ім адной з першых. Давялося прасіць пералічыць аргументы на карысць таго, што гэтага рабіць не трэба”.