Цэнтр міжкультурнага дыялогу пры падтрымцы Амбасады ЗША ў Рэспубліцы Беларусь з удзелам Міжнароднага фонду “Залатая спадчына Віцебска”, Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі, шэрагу іншых арганізацый распачаў рэалізацыю сваёй ініцыятывы “Беларуска-амерыканскі культурны дыялог: стратэгія развіцця”. Маецца на ўвазе шырокі спектр усяго грамадска-культурнага беларуска-амерыканскага ўзаемадзеяння: яго вывучэнне, класіфікацыя, сістэматызацыя, а таксама распрацоўка шляхоў і метадаў эфектыўнага самапазнання і супрацоўніцтва нашых народаў.
Перш за ўсё, аб’яўлены конкурс на веданне і творчае асэнсаванне амерыканскай культуры (гл. ніжэй), у якім могуць браць удзел усе ахвотныя незалежна ад узросту, краіны жыхарства, роду заняткаў і іншых характарыстык, — гэтым мы падкрэслілі адкрыты, дэмакратычны характар не толькі дадзенага канкрэтнага праекту, але прынцып нашай працы ў цэлым. Менавіта шырокая грамадская ўключанасць, дыскусійнасць, адсутнасць замкнутасці, каставасці забяспечваюць прагрэсіўнасць і сацыяльную значнасць дзейнасці ў сферы грамадзянскай супольнасці. Разам з тым, некаторыя істотныя моманты не могуць падлягаць дыскусіі. У дадзеным выпадку такім момантам выступіла беларуская мова: мною было прынята прынцыповае рашэнне і накладзена вета на ўсе дэбаты адносна мовы творчых прац, якія выносяцца на конкурс: толькі і выключна беларуская! Гаворка вядзецца пра ўзаемадзеянне дзвюх нацый, дзвюх культур, беларуская ж нацыя мае сваю нацыянальную мову, дарэчы, цудоўна распрацаваную! Апроч іншага, менавіта нацыянальная годнасць сілкуе сілу народа, у тым ліку ў сферы міжнароднай суб’ектнасці.
На паседжанні Міжнароднай каардынацыйнай рады па рэалізацыі ініцыятывы, у склад якой увайшлі 15 вядомых прадстаўнікоў навукі, адукацыі, культуры, рэлігіі, мас-медыя і бізнесу, і якая, дарэчы, адкрытая для новых сяброў, абмяркоўвалася магчымасць даследавання таксама беларуска-амерыканскіх бізнес-сувязей, культуры прадпрымальніцтва, дзелавой і кампаратыўнай этыкі, культуры асобы, крос-культурных камунікацый, рэгіянальнага развіцця і т.п. Інвестыцыйная прывабнасць краіны, турызм, лагістыка і інш. – тут бізнес надзвычай залежыць ад культуры, у тым ліку культурнага іміджу рэгіёнаў і краіны ў цэлым.
Створана (і чакае новых чальцоў) спецыяльная навукова-аналітычная група, якая распавядзе аб выніках сваёй працы і выступіць арганізатарам дыскусій на міжнародных “круглых сталах” па пытаннях амерыканістыкі ў Беларусі (кастрычнік 2011 г.), беларусістыкі ў ЗША (студзень 2012 г.), міжкультурнага беларуска-амерыканскага дыялогу (люты 2012 г.). Будуць выдадзеныя і прэзентаваныя дзве кнігі па ўзнятых пытаннях, арганізавана міжнародная выстава творчых прац, пададзеных на конкурс, а таксама рэалізаваны іншыя мерапрыемствы ў межах гэтай буйнамаштабнай акцыі.
Вынікам глыбокай навукова-аналітычнай працы, грамадскіх дыскусій з удзелам амерыканскіх партнёраў стане распрацаваная сістэма шляхоў і метадаў развіцця беларуска-амерыканскага культурнага дыялогу, а таксама прапанаваны намі комплекс упраўленчых рашэнняў у гэтай сферы.
Пра тое, што беларуска-амерыканская ініцыятыва мае цудоўную, доўгатэрміновую перспектыву, сведчыць нечакана гарачая падтрымка нашай працы з боку міжнароднай супольнасці: да прыкладу, дзесяткі сайтаў у розных краінах свету размясцілі пра яе інфармацыю.
За падтрымку беларускай культуры і беларускай нацыі, за разуменне неабходнасці пазбаўлення каланіяльнага, сервілісцкага мыслення, што ўсё яшчэ пануе ў сучасным беларускім грамадстве, за гатоўнасць адкрыць амерыканскі свет для беларусаў – вялікая падзяка Часоваму Паверанаму ў справах ЗША ў Рэспубліцы Беларусь шчырапаважанаму спадару Майклу Скэнлану.
Любоў Уладыкоўская