Беларусь і Злучаныя Штаты Амерыкі: асоба, культура, дыялог
Найвялікшай каштоўнасцю сучаснага свету і яго характэрнай рысай выступае міжкультурны дыялог. Ён забяспечвае актыўны ўдзел у глабальным узаемадзеянні, без якога сёння немагчыма ўявіць ніякага развіцця. Засваенне таго лепшага, што напрацавала чалавецтва, і ўклад уласных здабыткаў у сусветную скарбніцу ёсць першачарговай задачай кожнага народу, калі толькі ён не хоча стаць сусветным аўтсайдэрам, страціць суб’ектнасць і знікнуць з міжнароднай арэны, а потым – і з уласнай зямлі.
Сённяшнія глабальныя праблемы можна вырашыць толькі агульнымі намаганнямі, – у тым ліку шляхам міжкультурнага дыялогу, які супрацьстаіць насіллю і вучыць жыць мірна, салідарна, талерантна. У гэтым выпадку міжкультурны дыялог часцей за ўсё выяўляе сябе як надкультурны, універсальны феномен, які ўтрымлівае элементы, характэрныя для ўсіх народаў і культур, і палягае на прызнанні роўнай годнасці і роўных магчымасцей – людзей, сацыяльных груп, народаў і культур.
Тут на першае месца выходзіць права, і перш за ўсё – права на жыццё, само прызнанне права на роўную каштоўнасць людзей, іх пазіцый, перакананняў, веравызнанняў, адкрытае мысленне – усё, што складае аснову чалавечай свабоды і дэмакратыі.
Аднак міжкультурны дыялог – гэта перадусім дыялог паміж культурамі, якія адлюстроўваюць светабачанне, светатварэнне, жыццёвыя каштоўнасці кожнага народу – якім яго стварыў Бог, панарама жыццёвага гісторыка-культурнага разгортвання і ён сам сябе. Такі дыялог магчымы на нацыянальных мовах (толькі і выключна), з уласных зямель, пазіцый і інтарэсаў: канструктыўны дыялог паміж бамжамі немагчымы.
Менавіта нацыянальная культура можа выступаць асноўным суб’ектам сучаснага дыялогу культур у міжнародным яго вымярэнні, прычым дыялог культур магчымы ў выпадку, з аднаго боку, адсутнасці супрацьстаяння, а з іншага, – вернасці ўласнай традыцыі і павагі да іншай. Такое разуменне міжкультурнага дыялогу, калі прызнаецца права на адрозненні і ў культурнай разнастайнасці бачыцца каштоўнасць, ляжыць у аснове многіх міжнародных актаў, у тым ліку дэкларацый ЮНЕСКА.
Беларусам з іх традыцыйнай полікультурнасцю іманентна ўласцівы міжкультурны дыялог, у тым ліку і дыялог рэлігійны, актуальнасць якога ў сучасным свеце таксама ўзрастае: унутраны змест людзей становіцца радыкальна адрозным ад папярэдніх эпох, і ў спробе сфарміраваць у чалавеку элементарную здольнасць адрозніваць Дабро і Зло рэлігійныя канфесіі маюць выдатны падмурак для ўзаемаразумення.
Беларусь – краіна хрысціянская, з каштоўнасцямі і ідэаламі хрысціянскай дабрачыннасці, дзе фундаментальнай рысай светапогляду выступае непрыманне вайны як сродку вырашэння канфліктаў, дзе асаблівай папулярнасцю заўсёды карысталіся ідэі роўнасці і справядлівасці, спачуванне і разуменне патрэбаў іншага чалавека. Беларуская ментальнасць – ліберальнага тыпу, яна гістарычна ўвабрала ў сябе павагу да права, імкненне да вяршэнства закона, давер да інакшага, адрознага. Асноўнай жа перашкодай міжкультурнаму дыялогу служыць ксенафобія, заснаваная на страху перад чужым і недаверы да невядомага, якая ёсць прыкметай бездухоўнасці, рэгрэсу, заняпаду.
Міжкультурны дыялог выключна важны для Беларусі, бо ён дазваляе забяспечыць магчымасць рэалізацыі інтэгральнай функцыі беларускай культуры і нацыянальнай ідэнтычнасці з вырашэннем задач па дэмакратызацыі сучаснага грамадства і выхаванні самадастатковай, творчай асобы.
З улікам неабходнасці развіцця міжкультурнага дыялогу – як у рэгіянальным, так і ў міжнародным вымярэннях – два гады таму намі і быў створаны Цэнтр міжкультурнага дыялогу, які стаў увасабленнем маёй ідэі і напрацовак цягам апошніх 15 гадоў. Вельмі дапамог у гэтым вопыт рэалізацыі папярэдніх грамадскіх ініцыятыў, але асабліва – колішняя праца ў Міністэрстве адукацыі і навукі Беларусі, якая дазволіла пазнаёміцца з усёй гуманітарнай інтэлігенцыяй, дырэктарства ва ўнікальным Скарынаўскім цэнтры, практыка супрацоўніцтва з рэлігійнымі канфесіямі, з дзелавой супольнасцю, а таксама практычны міжнародны досвед. Дзейнасць Цэнтра ажыццяўляецца ў форме валанцёрства і стала магчымай дзякуючы падтрымцы многіх людзей, іх патрыятызму, прафесіяналізму і звычайнай чалавечай дабрыні і спагадзе, але найперш – дзякуючы падтрымцы Часовага Паверанага ў справах ЗША ў Рэспубліцы Беларусь – вельмішаноўнага Сп. Майкла Скэнлана, які разам з супрацоўнікамі Амбасады на справе рашуча падтрымаў прафесіяналізм, ініцыятыву, даўшы магчымасць рэалізаваць праект “Беларуска-амерыканскі культурны дыялог: стратэгія развіцця” яго аўтарам.
Калі я заўсёды захаплялася Злучанымі Штатамі як краінай свабоды, дэмакратыі, прагрэсу, поспеху і Амерыканскай Мары, то цяпер я яшчэ і бясконца ўдзячная ёй. Краіна чалавечай годнасці, гуманізму, справядлівасці, адкрытасці, простасці, гераізму, патрыятызму, яна стала для мяне яшчэ адной Радзімай. Як у хрысціянстве падчас хрышчэння адбываецца новае нараджэнне – чалавека духоўнага, які скідае з сябе цяжар першароднага граху, так і ў складаных жыццёвых абставінах нараджаецца або гіне Асоба. Злучаныя Штаты Амерыкі падтрымалі ўва мне творчы патэнцыял, жыццёвую перспектыву, моц і годнасць.
Міжкультурны дыялог патрабуе пэўнага ўзроўню духоўнасці, якая выяўляецца не ў масе, натоўпе, якія заўжды рэгрэсіўныя, але заўсёды, толькі і выключна праз Асобу. Асоба чалавека – гэта найвышэйшае ў прыродзе, яна асноўная ў духоўнасці. Свабода як магчымасць выбару, максімальнага раскрыцця чалавечых здольнасцей і дароў, закладзеных у нас ад пачатку, перарастае ў адказнасць перад Творцам за гэтае раскрыццё. І тады нараджаецца творчасць, імкненне да пазнання іншага, любоў да людзей і разнастайных праяў жыцця. Нараджаецца міжкультурны дыялог.
Цягам мінулага стагоддзя ўся геапалітыка будавалася на праблеме тэрыторый, што прыводзіла да барацьбы паміж народамі, класамі і т.п. Але гэты факт чалавечай гісторыі адлюстроўвае ўсяго біялагічны бок чалавека, бо барацьба за тэрыторыю ўласцівая і малпам. Пераадольваць біялагічныя путы, недавер да чужога, узвышацца да разумення чалавечай агульнасці, еднасці можна дзякуючы развіццю духоўнага пачатку.
Грунтоўна распрацоўваць тэму міжкультурнага дыялогу Цэнтр пачаў з беларуска-амерыканскага вектара не толькі па вышэйзгаданых прычынах.Яшчэ і таму, што гэты вектар на сённяшні дзень у нас неапраўдана занядбаны. Між тым нішто так не садзейнічае вырашэнню міжнародных супярэчнасцей, як культурны дыялог, які дазваляе бліжэй пазнаёміцца з тым, што ўтварае і выяўляе сутнасць нацыі. Беларуска-амерыканскі дыялог – з’ява абсалютна натуральная: беларусы-эмігранты ўнеслі вялікі ўклад у станаўленне амерыканскай нацыі; міжкультурны дыялог выключна актуальны як для беларускага, так і для амерыканскага грамадстваў – не толькі з пазіцый полікультурнасці, але і з пазіцый, з аднаго боку, неабходнасці кансалідацыі сучаснага беларускага грамадства, з іншага боку, неабходнасці выкарыстання амерыканскага досведу гармоніі нацыянальнай еднасці і раўнапраўнай сацыякультурнай разнароднасці.
У межах праекта “Беларуска-амерыканскі культурны дыялог: стратэгія развіцця” намі праведзены тры міжнародныя “круглыя сталы” і агульнанацыянальны адкрыты творчы конкурс “Амерыканская культура: якая яна?” у дзвюх намінацыях “Беларускія акцэнты амерыканскай культуры” і “Прывабнасць амерыканскай культуры”.
Падчас Міжнароднага круглага стала “Амерыканістыка ў Беларусі і еўрапейскі досвед: перспектывы развіцця” (03 лістапада 2011 г.), у якім узялі ўдзел кіраўнікі ўсіх буйных бізнес-асацыяцый Беларусі, прадпрымальнікі, святары і біскупы розных хрысціянскіх канфесій, дыпламаты, кіраўнікі міжнародных арганізацый, еўрапейскія эксперты, прадстаўнікі акадэмічнай і культурнай эліты самых розных пакаленняў, школ, традыцый і перакананняў (што ўжо само па сабе ёсць фактам унікальным і праявай сапраўднага міжкультурнага дыялогу), былі пазначаныя асноўныя выспы амерыканістыкі і поле іх развіцця ў Беларусі паводле наступных напрамкаў: культура прадпрымальніцтва ў ЗША як крыніца для развіцця сацыяльна адказнага бізнесу; здабыткі вышэйшай адукацыі ЗША – каталізатар сусветнай сістэмы адукацыі; еўрапейскія даследаванні ЗША; сучасныя міграцыйныя працэсы і амерыканістыка ў Беларусі; беларуска-амерыканскія рэлігійныя кантакты; амерыканскія цэнтры ў Беларусі і беларуска-амерыканскія культурныя паралелі; культурная палітыка ў нацыянальным і інтэрнацыянальным вымярэннях.
Другі міжнародны “круглы стол”, арганізаваны ў межах праекта, – “Беларусістыка ў ЗША і польскі вопыт: перспектывы развіцця” (31 студзеня 2012 г.) – аб’яднаў вядучых спецыялістаў па праблеме – прадстаўнікоў сфераў навукі, адукацыі, культуры, бізнесу, рэлігіі, дыпламатычных асяродкаў – з акцэнтацыяй на эканоміцы як складковай частцы культуры (само мерапрыемства адбылося на базе паспяховага сумеснага беларуска-амерыканскага прадпрыемства). Асаблівая ўвага была ўдзелена выкарыстанню амерыканскага сацыякультурнага вопыту (у тым ліку сацыяльнай адказнасці бізнесу) ў сучаснай Беларусі. Былі вызначаны асноўныя беларусазнаўчыя цэнтры ў ЗША, прааналізавана іх дзейнасць, разгледжана гісторыя і стан беларусазнаўства ў ЗША, а таксама акрэслены асноўныя напрамкі развіцця ведаў пра Беларусь з выкарыстаннем польскага досведу. Дзякуючы Польскаму інстытуту ў Мінску на сустрэчы выступілі прадстаўнікі польскай навуковай эліты, якія падзяліліся вопытам польска-амерыканскага культурнага дыялогу.
Агульнанацыянальны адкрыты творчы конкурс “Амерыканская культура: якая яна?” відавочна павысіў цікавасць беларусаў да ЗША (і беларускай культуры, бо праводзіўся на беларускай мове) і выявіў неабходнасць стымулявання далейшага творчага вывучэння Амерыкі, пра што сведчыць вялікая колькасць атрыманых на конкурс прац (50) людзей розных узростаў і рознага роду заняткаў з усіх рэгіёнаў Беларусі, грамадская актыўнасць падчас галасавання. 13 пераможцаў конкурсу (сярод якіх доктар, студэнт, дзяржаўны служачы, школьнік, бізнесовец, мастак, мама ў дэкрэтным адпачынку і інш.) былі ўрачыста ўзнагароджаны сертыфікатамі Амбасады ЗША (вялікая падзяка Амбасадзе ЗША і вельмішаноўнаму Сп. Джанатану Бентану) і каштоўнымі прызамі Цэнтра падчас трэцяга, заключнага Міжнароднага “круглага стала” “Беларуска-амерыканскі культурны дыялог: стратэгія развіцця” (13 красавіка 2012 г.).
На заключным “круглым стале” былі абмеркаваныя прадстаўленыя аналітычнай групай прапановы па развіцці беларуска-амерыканскага культурнага дыялогу, а таксама прэзентавана падрыхтаваная па-за межамі праекта аўтарская брашура (Уладыкоўская, Л. Адкрыццё маёй Амерыкі, або Навошта беларусам ЗША?/ Л.Уладыкоўская. – Мінск: Тэсей, 2012 – 80 с.). Патрэба ў напісанні і выданні такой брашуры стала відавочнай, калі высветліліся не толькі яўны брак ведаў пра ЗША ў Беларусі, але і адсутнасць адпаведнай навукова-пазнаваўчай літаратуры ў нашых кнігарнях і бібліятэках. У кнізе паказаны стэрэатыпныя ўяўленні беларусаў пра ЗША, гісторыя станаўлення і феномен амерыканскай нацыі з акцэнтацыяй увагі на тым сацыякультурным досведзе ЗША, які, на думку аўтара, неабходна выкарыстаць у Беларусі.
Падчас сустрэч экспанаваліся ўзоры традыцыйных беларускіх ткацтва і вышыўкі, падрыхтаваныя майстрам Наталляй Канановіч, гучала беларуская народная музыка, быў прэзентаваны трохвілінны ролік пра Беларусь.
Удзельнікі заключнага міжнароднага “круглага стала” – прадстаўнікі сфераў культуры, навукі, адукацыі, рэлігіі, бізнесу, мас-медыя, грамадзянскай супольнасці, дыпламатычнага корпусу, пераможцы конкурсу – аднадушна пагадзіліся, што культурны фактар адыгрывае важнейшую ролю як ва ўмацаванні беларускага суверэнітэту і дэмакратызацыі грамадства, так і ў развіцці беларуска-амерыканскіх адносін. Удзельнікі прыйшлі да наступнай высновы: Праект мае велізарнае агульнаграмадскае значэнне і рэалізуецца надзвычай паспяхова – комплексна, сістэмна, міждысцыплінарна, з удзелам прадстаўнікоў розных сацыяльных груп з усіх рэгіёнаў Беларусі, з уключэннем крэатыўных момантаў (напрыклад, улічваўся еўрапейскі кантэкст і былі запрошаны еўрапейскія эксперты), якія пашырылі і паглыбілі межы праекта. Пастаўленыя мэты дасягнуты, задачы выкананыя. Удзельнікі праекта здолелі выкрышталізаваць цэласную карціну культурнага ўзаемадзеяння нашых народаў.
Высветлілася пільная грамадская патрэба ў працягу паспяхова распачатай у межах праекта працы, а менавіта неабходнасць фарміравання стратэгіі практычнай рэалізацыі выпрацаваных шляхоў развіцця беларуска-амерыканскага культурнага дыялогу. Патрабуецца глыбокае вывучэнне амерыканскага вопыту міжкультурнага дыялогу (практычны і навукова-тэарэтычны аспекты), асабліва ў плане стымулявання і падтрымкі грамадскай актыўнасці і ініцыятывы “знізу”, нацыянальнай салідарнасці і цэласнасці полікультурнага амерыканскага грамадства.
У перспектыве гэта дасць магчымасць рэалізаваць стратэгію развіцця беларуска-амерыканскага культурнага дыялогу, удасканаліць сістэму распаўсюджвання ведаў пра ЗША ў Беларусі і беларускую культуру ў ЗША, заснаваную на прынцыпах узаемапавагі, даверу, талерантнасці і адкрытасці, што ўключае ў сябе, апроч іншага, і сумесныя навуковыя даследаванні (у тым ліку сацыялагічныя вымярэнні), адукацыйныя курсы, асветніцкія праекты (канферэнцыі, выданні, конкурсы, мас-медыйныя праекты і т. п.), культурныя мерапрыемствы і інш.
“We the People of the United States…” – так пачынаецца першая ў свеце Канстытуцыя – Канстытуцыя Злучаных Штатаў Амерыкі. “Мы – беларускі народ…” – так павінны думаць, адчуваць і дзейнічаць і мы, беларусы. Бо нічога лепшага за патрыятызм чалавецтва не прыдумала. Ідэя свабоды, вольнасці – як для асобнага, кожнага канкрэтнага чалавека, так і для цэлага народу, – ідэя, на якой павінна яднацца нацыя (за што гэтак апантана змагаўся мой улюбёны амерыканскі герой – дзяржаўны дзеяч Абраам Лінкольн, які галоўным лозунгам жыцця абраў “не павінна быць ані валадароў, ані рабоў”…), – гэта ідэя ўніверсальная.
Каб яе рэалізаваць, “God bless America!” і Божа, блаславі Беларусь!
Вялікая падзяка і нізкі паклон усім, хто маральна падтрымліваў і найбольш дапамог у рэалізацыі праекта “Беларуска-амерыканскі культурны дыялог: стратэгія развіцця”: Майклу Скэнлану, Джанатану Бентану, Кэры Лі, Галіне Паўлоўскай, Юрыю Дудзінскаму, Пятру Казакевічу, Галіне Парафіяновіч, Дзеяну Кесеравічу, Тадэвушу Стружэцкаму, Людміле Рычковай, Анатолю Зелянкову, Яго Эксцэленцыі біскупу Антонію Дзямянку, а.Аляксандру Шымбалёву, Васілю Стражаву, Яўгену Бабосаву, Міхасю Касцюку, Таццяне Камароўскай, Юрыю Стулаву, Таццяне Дзяменцьевай, Аляксандру Гілю, Георгію Бадзею, Аляксандру Калініну, Уладзіміру Карагіну, Канстанціну Каламійцу, Алегу Дзенісюку, Юрыю Данькову, Віктару Шадурскаму, Вользе Паўлоўскай, Алесю Краўцэвічу, Алене Кудзько, усім удзельнікам конкурсу, маім дзецям Раману і Паліне.
Любоў Уладыкоўская, кіраўнік праекта, генеральны дырэктар Цэнтра міжкультурнага дыялогу