Алеся Унукоўская
Уплыў амерыканскай літаратуры на развіццё асобы чалавека. На уласным прыкладзе.
Нейкі дзіўны сёлета Новы год.Без снегу, без марозу. Выходныя, як будні, адпачынак як безсэнсоўнае тамленне… Пазіраючы у вакно, сілюся развіць сямейную тэму “святочны стол 31 снежня”, але думкі накіроўваюцца у зялёныя піянерскія дні, калі начытаўшыся Фенімора Купера мы гулялі не у казакоў-разбойнікаў, а у індзейцаў, калі Том Сойер Марка Твена быў, як лакмусавая паперка для ўсіх знаёмых хлопцаў, а Рэт Батлер самым рамантычным героям і супермужчынам для дзяўчат 14-18 год. Залатое дзяцінства.Без інтэрнету, МР3-плэяраў, аудыёкніг.
Вочы мае сочаць за спыняючыміся на светлафоры машынамі, а думкі перабіраюць мілыя сэрцы кнігі. Кнігі, як адбіткі самых яскравых перажыванняў, якія за 35 год не згубіліся у памяці за тоўстым слоем розных жыццёвых падзей. Мітчэл, Фіцджэральд, По, Сэлінджэр, Фолкнер, Хэмінгуэй, Драйзер – усе яны ў пэўны перыяд жыцця займалі мой час і розум; усіх іх памятаю, нават калі забыліся падрабязнасці сюжэтаў іх кніг і імёны герояў. Пра кожнага, напэўна, магла б сказаць “мой пісьменнік”. І таму,што кожны з их выдатна валодаў майстэрствам апісаць унутраны стан чалавека, выказваў, што хацеў, і таму што зусім нялёгка даставаўся.У прамым сэнсе.
У маім дзяцінстве кнігі таксама былі дэфіцытам. Што прадавалася ў савецкіх кніжных крамах я не паматяю, але набыць там “Апошні з магікан” Купера ці “Хаціну дзядзькі Тома” Бічэр-Стоудакладна было немагчыма. Людзі збіралі кнігі праз так званыя “таварыствы кнігалюбаў” на сваіх прадпрыемствах, але ў маіх бацькоў на заводзе, дзе яны працавалі такога таварыства не існавалаі дома кніг у нас амаль не было. Мяне, заўзятую чытачку, ратавала бібліятэка. Кожную суботу, і гэта стала добрай традыцыяй, я прыходзіла па новыя кнігі. “Ці ты іх чытаеш, ці ты іх гартаеш”, – часам жартавалі бібліятэкаркі, а я іх “глынала”.
Але нават у бібліятэцы былі пэўныя кнігі, на якія запісвалі ў чаргу. Таму на ўсё жыццё я запомніла свой 10-ты дзень народзінаў, на які сусед па дачы падараваў мне “Прыгоды Тома Сойера і Гекельберы Фінна”Марка Твена. Кажучысучаснай мовай, хіт сярод кніг для дзяцей і падлеткаў. Мая першая любімая кніга. Хаця не. Мая самая першая і любімая кніга, я яе сама прачытала – гэта “Чараўнік Ізумруднага гораду” Аляксандра Волкава. Мне было тады 5. Зараз я ведаю, што казачны раман – таленавітая апрацоўка “Мудраца з краіны Оз”Фрэнка Баўма. А тады – мяне вабіла невядомая краіна Канзас, храбрая дзяўчынка з замежным імем Эллі, сама аўтарская фантазія, так непадобная на сюжэты рускіх народных казак.
На светлафоры з майго вакна назіраецца невялікі корак,а думкі вяртаюцца да Тома Сойера“За што ты так любіш Тома?” – спыталася аднойчы мая сяброўка, якой падабаўся іншы герой. “Ён нікога і нічога не баіцца”,- адказала я. Тады, несвядома, я выказала тое, што зараз магу акрэсліць дакладна і што вабіла да герояў амерыканскай літаратуры многіх і многіх маіх равеснікаў: героі былі мужныя, адважныя, змагаліся са злом, хоць і пакутвалі, але перамагалі. Перамагалі.
Тое самае я б сказала і пра Макмерфі, калі мне было 20 і я бяссонай ноччу плакала па яго лёсе і спрачалася ў думках з гэтым жыццялюбівым рудым чалавекам з вялікімі рукамі, як яго апісвае Кен Кінзі. Тое самае тычыцца і Фрэнка Каупервуда і Рэта Батлера, і Джэфа Пітэрса ды іншых герояў: не баяцца і не скарацца абставінам. Гэта, пераходзячы на мову літаратурных крытыкаў, тое пасланне чытачам, якое прасочваецца праз сюжэтныя лініі, жанравыяі асаблівасці, формы твораў розных амерыканскіх пісьменнікаў, і гэта тая адметнасць амерыканскай літаратурыя, якая не можа застацца незаўважанай, калі пачынаеш шукаць агульнае у творчасці пісьменнікаў ЗША.
Прыклады асабістай адвагі герояў кніг , выражэнні іх духу смеласці і храбрасці не маглі не ўплываць на мой унутраны свет, на светапогляд майго, яшчэ зусім не старога пакалення. Каб быць свабодным нават у псіхіятрычнай шпіталі, як Макмерфі, каб заставацца самой сабой як Скарлет О’ Хара, каб знайсці ў сабе сілы на перамены, як Трусік Энгстрам, трэба шмат унутранай адвагі і нескаронасці. А гэта: адвага, нескаронасць, уменне плыць супраць плыні, а яшчэ пачуццё асабістай годнасці – гэта акцэнты, якія растаўлены спецыяльна ці міжволі у герояхамерыканскай літаратуры. Думаю, гэта зроблена ненаўмысна, а вынікае з асабістых філасофій пісьменнікаў, дзе першая роля адводзіцца асобе, а грамадству толькі другая. Нас жа вучылі наадварот: калектыў без цябе справіцца, ты без яго – прападзеш.
За вакном пераднавагодняя аварыя. Як я спачуваю кіроўцу чырвонага “Субару”, – у яго, лічы, няма капоту і вадзіцельскай дзверы. А БМВ, які яго падрэзаў і прымусіў даць рэзка управа, акурат у асвятляльны стоўб, ужо далёка. Ці знайшоў бы у гэтым сумным становішчы хоць кроплю радасці О’Генры?
Яшчэ адна асаблівасць амерыканскай літаратуры, якую немагчыма не падкрэсліць – гумар. Пачуццё гумару, уменне смяяцца з сябе і з абставінаў – гэтага не хапала савецкаму чалавеку (у маім выпадку – савецкаму школьніку-падлетку), ды і чалавеку незалежнаму, беларускаму таксама не да смеху. А смех, ён жа не толькі падоўжвае жыццё, ён павышае яго якасць, у пэўных абставінах замянячы сабой выбар і свабоду. А нас не вучылі ў савецкіх школах таму, што дапамагала жыць і радавацца кожнаму дню: пачуццю асабістай вартасці і пачуццю гумару. Таму не уяўляюсваё сталенне без О’ Генры. Колькі раз ён мяне ратаваў і ад тугі, і ад нуды і проста ад восеньскага дажджу. Нібыта у пераклічку, сам О’ Генры, а дакладней яго кніга, трапіла да мяне праз макулатуру, у абмен на ўжываныя часопісы і газеты.
Як і ўсе кнігалюбы ў якіх кніг не было, я ахвотна збірала макулатуру, таму што, як ні дзіўна, у пунктах збору другаснай сыравіны заўсёды стаялі каштоўныя кнігі. Проста за грошы іх было не купіць, а толькі за паперу, картон, шкло ці металалом. Я заходзіла ў пункт прыёму такой сыравіны, глядзела, якія кнігі выстаўлены на абмен за анучы і паперу, і прымалася за працу. Такім чынам, 20 кілаграм запыленай “Праўды” і – новенькі, дзе-нідзе яшчэ са склеенымі старонкамі, О’Генры на маёй паліцы каля ложка.
Прыехала ДАІ. Складаюць пратакол, вымяраюць траекторыю руху аўтамабілю. А кніжкі, яны таксама даюць нам рух. Толькі па жыцці. Якая кніга табе трапіцца у момант твайго найбольшага духоўнага голаду, калі ты адкрыты на любыя веды, толькі б пачуць адказы на свае пытанні, такім шляхам ты і пойдзеш.
Кнігі – як настаўнікі. Кнігі – як кіраўнікі руху па жыцці. Збіраючы макулатуру, палюючы па букіністычных крамах, замаўляючы кнігі на новы год ці дзень народзінаў, як сапраўды лепшы падарунак, я пазнаёмілся з Маргарэт Мітчэл і яе бессмяротнымі “Унесеныя ветрам” , з Рычардам Бахам і такім пранікнёным “Мастом праз вечнасць”, з навэламі Вашынгтона Ірвінга, раманамі Эрнэста Хэмінгуэя. Я плакала над Джэні Герхард Тэадора Драйзера, – і гэта былі не толькі сентыментальныя слёзы ад расчуленасці, але і ачышчальныя слёзы дабрыні і міласэрнасці; я смяялася над прыгодамі Джэфа Пітэрса О’Генры, перажывала за лёс Скарлет, – мой дух заўсёды спажываў і працаваў над вечнымі тэмамі, праблемамі і рашэннем гэтых праблем. Не маю прынцыпова нічога супраць Чалавека-паука, але ці ён у стане быць рухам па жыцці?
Эвакуатар адцягвае Субару ад стаўба. Дзякуй Богу, кіроўца на сваіх нагах. Асцярожна пераходзіць вуліцу на прыпынак аўтобуса бабулька з унукам. Унук усё азіраецца на пашкоджаную машыну, а бабулька яго тузае, каб гэтага не рабіў. Памаленьку надыходзіць вечар. Памаленьку і я праз маіх улюбёных амерыканскіх аўтараў вучылася дацаняць сваю асобу, сваё жыццё, дадзенае Богам , свабоду, тыя магчымасці, якія сустракаюцца штодзень і , канешне, паважаць сваё “я” і людзей навокал. Здольнасць праз, часта прыдуманых, герояў уплываць на жыццё рэальных людзей, накіроўваць іх у аптымістычны бок ,вучыць змагацца з абставінамі і сітуацыямі – гэта галоўнае, што прыцягвае у амерыканскай літаратуры. Вось чаму мне зараз хочацца перачытаць “Над зязюліным гняздом”, а не крышыць салаты на навагодні стол. Вось чаму у галаве зусім не Новы год. І вось чаму я вельмі пастараюся, каб мае дзеці таксама прачыталі гэтыя, папяровыя, старыя добрыя кнігі.
P.S.
Апошняе, что я прачытала зусім нядаўна -трылогія Тэадора Драйзера пра Фрэнка Каупервуда. У мяне нарадзіўся сынок і пад час яго кармлення я чытала. Напэўна, карысней было б на яе трапіць на гадоў 15 раней, але тым не менш. Асоба героя небясспрэчная, фінал прымушае жорстка задумацца над сапраўднымі каштоўнасцямі і чалавечым быццём, але не можа не выклікаць захаплення чалавек, які “зрабіў сябе сам”. Памыляючыся, часам ці часта праігрываючы, але упарта ідучы да сваёй мэты. Найкаштоўнейшыя рысы у нашай рэчаіснасці.
Аўтарскі каментар
Тэма якую выбрала: Прыцягальнасць амерыканскай культуры. Уплыў амерыканскай літаратуры на развіццё асобы чалавека.
Чаму такую тэму выбрала:
Амерыканская культура. Гэта паняцце мае шмат прыкладных і вельмі дакладных увасабленняў і асацыяцый. Гэта музыка, кіно, традыцыі, святы… Гэта джаз, рэп, каўбоі, гамбургер і кока- кола, хмарачосы, гангстэры, Галівуд…
Я б хацелася засяродзіцца на такім аспекце амерыканскай культуры як літаратура. Літаратура, як арыенцір каштоўнасцяў і развіцця асобы чалавека, як сродак самапазнаня свету . Перад усім савецкага чалавека. Якім я нейкі час была …