Міжнародная навуковая канферэнцыя “Міжкультурны дыялог: сучасная парадыгма і вопыт суседства”

24 мая 2013 года ў г. Мінску адбылася Міжнародная навуковая канферэнцыя “Міжкультурны дыялог: сучасная парадыгма і вопыт суседства”, арганізаваная ўстановай “Міжкультурны дыялог” сумесна з Польскім інстытутам у Мінску і Дзяржаўным інстытутам кіравання і сацыяльных тэхналогій БДУ.

Гэта была першая ў Беларусі канферэнцыя, адмыслова прысвечаная асэнсаванню міжкультурнага дыялогу.

Пытанні сучаснага разумення міжкультурнага дыялогу і формаў яго практычнай рэалізацыі на міжнародным, транспамежным, нацыянальным і рэгіянальным узроўнях абмеркавалі вядомыя вучоныя з Беларусі, Польшчы і іншых краін, дзеячы культуры і адукацыі, святары, бізнесоўцы, прадстаўнікі дыпламатычных місій у Рэспубліцы Беларусь, універсітэтаў і інстытутаў, грамадскіх аб’яднанняў.

Асаблівую цікавасць і шмат пытанняў прысутных выклікалі грунтоўнае выступленне Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь Сп. Іосіфа Шагала, які глыбока прааналізаваў практычнае значэнне міжкультурнага дыялогу ў сучаснай геапалітыцы; выступленні дырэктара Польскага Інстытута ў Мінску Сп. Уршулі Дарашэўскай, Яго Эксцэленцыі Біскупа Антонія Дзямянкі, прафесара Васіля Стражава, прафесара Пятра Брыгадзіна, прафесара Людмілы Рычковай, акадэміка Яўгена Бабосава, прафесара Вячаслава Мянькоўскага, прафесара Марыі Путровай, польскіх сацыёлагаў Томаша Маслянкі і Марты Ярашэвіч, падчас якіх былі закранутыя розныя аспекты міжкультурнага дыялогу і актуальнасць яго развіцця – у тэорыі і на практыцы

Падчас канферэнцыі адбылася выстава беларускай народнай творчасці “Подых часу” (мастацкі кіраўнік – Наталля Канановіч), на якой былі прэзентаваны ўзоры традыцыйных беларускіх рамёстваў і промыслаў. Выступіў струнны квартэт Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (мастацкі кіраўнік – Людміла Анцікона-Кабальера).

Было прынята аднадушнае рашэнне праводзіць такія міжнародныя сустрэчы ў Мінску прынамсі штогод.

Удзельнікі мерапрыемства падзякавалі ініцыятару канферэнцыі генеральнаму дырэктару ўстановы “Міжкультурны дыялог” Любові Уладыкоўскай за цёплы прыём і цудоўную атмасферу дыскусій, за магчымасць удзелу ў канферэнцыі.

Праграма канферэнцыі

Пра канферэнцыю на Беларускай службе Польскага радыё