Міжкультурны дыялог на Кангрэсе даследчыкаў Беларусі

Падчас Пятага Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі, які адбыўся ў г.Коўна (Літва) 02-04 кастрычніка  2015 г. і сабраў навукоўцаў з 18 краін свету, упершыню дзейнічала спецыяльная панэль па абмеркаванні пытанняў міжкультурнага дыялогу. Ініцыятарам і каардынатарам панэлі  выступіла Любоў Уладыкоўская. Удзельнікі разгледзелі пытанні сутнасці міжкультурнага дыялогу і сучасных падыходаў да яго вывучэння ў наступных аспектах: глабалізацыя; еўрапейская і амерыканская тэорыя і практыка; мультыкультуралізм; беларуская нацыянальная культура, мова і гісторыя; нацыянальнае будаўніцтва; гісторыя навукі; літаратура.

Амаль адзінадушна было прызнана, што міжкультурны дыялог мала даследаваны і недастаткова практыкуецца ў Беларусі, хаця тэрміналагічна даволі часта ўжываецца ў рыторыцы. Патрабуецца распрацоўка метадалагічнай базы міждысцыплінарнага даследавання міжкультурнага дыялогу, а таксама ўвядзенне ва ўніверсітэцкія праграмы Беларусі адпаведнага курса.

Удзельнікі панэлі прыйшлі да высновы, што сёння міжкультурны дыялог экстрэмальна важны для Беларусі, бо ён стварае магчымасці для:

1. Развіцця беларускай нацыянальнай культуры і пашырэння сферы бытавання беларускай мовы як фундаментальнай нацыянальнай каштоўнасці;
2. Разамкнення межаў правінцыялізму, адсталасці, закрытасці, ізаляванасці і фарміравання адкрытага, дыялагічнага мыслення як перадумовы адкрытага грамадства;
3. Устанаўлення балансу паміж захаваннем культурнай самабытнасці і адкрытасцю іншакультурным уплывам;
4. Уключэння Беларусі ў заходні і сусветны сацыяльна-культурны кантэкст;
5. Дасягнення сацыяльнай і нацыянальнай салідарнасці;
6. Дэмакратычнай трансфармацыі і рэалізацыі правоў чалавека і нацыі, нацыябудавання і захавання дзяржаўнага суверэнітэту, умацавання беларускай суб’ектнасці;
7. Развіцця беларускай сацыяльна-гуманітарнай навукі.

Здымкі
Вы тут:Главная Міжкультурны дыялог на Кангрэсе даследчыкаў Беларусі