Вынікі конкурсу "Амерыканская культура: якая яна?" Зварот да ўдзельнікаў.

  Пра вынікі конкурсу: зварот да ўдзельнікаў

З мэтай заахвочвання набыцця ведаў па амерыканскай культуры Цэнтрам міжкультурнага дыялогу пры падтрымцы Амбасады ЗША летам 2011 г. быў абвешчаны конкурс “Амерыканская культура: якая яна?” у дзвюх намінацыях: “Прывабнасць амерыканскай культуры” і “Беларускія акцэнты ў амерыканскай культуры”, у якім узялі ўдзел 50 чалавек розных узроставых катэгорый – ад 14 да 60 гадоў.

Пададзеныя на конкурс працы якрава засведчылі пра два асноўныя стэрэатыпы, якія пануюць у сучасным беларускім грамадстве: амерыканская культура – гэта толькі масавая культура, псеўдакультура, у лепшым выпадку – культура вулічная; і другі – у Амерыцы, як у плавільным катле, цалкам губляецца культурная самабытнасць і фарміруецца вобраз гамагеннага амерыканскага характару.

Гэта не зусім так. Не трэба забываць, што, з аднаго боку, для фарміравання нацыянальнага стылю патрабуецца нейкая аднароднасць і папулярнасць, з іншага ж, Злучаныя Штаты застаюцца нацыяй нацый і культурай культур. Злучаныя Штаты Амерыкі аказалі велізарны ўплыў на сацыяльнае развіццё чалавецтва ў цэлым. У якасці прыкладу варта ўзгадаць 1963 год, калі з палымянай прамовай “У мяне ёсць мара…” выступіў Марцін Лютэр Кінг (малодшы), дзе акрэсліў мэту імкненняў афраамерыканскіх змагароў за свае правы – справядлівасць і чалавечае братэрства; тады ж выйшла ў свет і кніга Бэці Фрыдан “Тайна жаноцкасці”, якая паклала пачатак магутнаму феміністычнаму руху.

Амерыканская культура – гэта магутная класічная літаратура (Э.По, В.Ірвінг, Ф.Норыс, М.Рыд, Ф.Купер, Э.Дзікенсан, Г.Мелвіл, М.Твэн, Дж.Лондан, Т.Драйзер, О’Генры, Э.Сінклер, С.Льюіс, У.Фолкнер, Э.Хемінгуэй, Ф.С. Фіцджэральд, Дж.Стэйнбек, Дж. Дос Пассас, Т.Вулф, Дж.К.Сэлінджэр), узбагачаная этнічнымі плынямі (творчасць Клода Маккея, Джына Тумера, Зоры Ніл), гэта ўнікальнае музычнае мастацтва (узгадайма, што джаз (і лепшыя яго выканаўцы, як Луі Армстронг, Бесі Сміт) і рок-н-рол (Элвіс Прэслі) нарадзіліся ў ЗША, як і ўнікальныя эстрадныя спевы Фрэнка Сінатры), гэта адмысловыя школы жывапісу і кінематографа.

І ўсё ж амерыканская культура – гэта перш за ўсё сістэма каштоўнасцей і адпаведны лад жыцця, які пранізвае ўсе сферы чалавечага існавання і які многім з Вас, дарагія сябры, удалося ўбачыць і адчуць.

У працы пераможцы конкурсу, шаноўнага Васіля Аўраменкі, культура якраз і разглядаецца як агульнанацыянальны феномен – шматстайны, неадназначны, часам да парадаксальнага супярэчлівы, але арганічна цэласны. Як слушна заўважае аўтар, “сапраўдная моц Амерыкі не ў вайсковай сіле ці эканамічным дыктаце, а ў жывым прыкладзе пабудовы канкурэнтнага грамадзтва, стварэньня “нацыі багатыроў і вольных грамадзян”. Нягледзячы на тое, што шаноўны В. Аўраменка ніколі (!) не быў у Злучаных Штатах і па роду прафесійных заняткаў аніяк не звязаны з гуманістыкай, ён прадэманстраваў не толькі добрае веданне “амерыканскага феномену”, але і ўменне сістэмна прааналізаваць яго, а таксама супаставіць з беларускім культурным сусветам. Расквецілі эсэ асабістыя ўспаміны і ўражанні. І, безумоўна, вобразная скіраванасць у будучыню: “ Я памятаю, як упершыню “адкрыў” Амерыку. Гэта было ў самым пачатку 70-х, калі бацька прывёз са сталічнай камандзіроўкі рэкламны альбом амерыканскай архітэктуры. Для хлопчыка, які вырас сярод драўляных баракаў і “хрушчовак” ды з заміраньнем cэрца ўзіраўся ў спаруды “сталінскага класіцызму”, амерыканскія хмарачосы, авангардныя (прыватныя!) вілы і грамадскія будынкі ў выглядзе ці то караблёў, ці то самалётаў здаваліся калі не праявамі незямной цывілізацыі, то, прынамсі, вяршыняй фантазіі і творчых здольнасьцяў чалавека. Вось гэтая футурыстычнасьць, скіраванасьць амерыканскай культуры ў будучыню ці, хутчэй, існаваньне на мяжы магчыма-немагчымага (што іскрава засьведчана ў архітэктуры), мне здаецца, і з’яўляецца адной з прычын яе папулярнасьці ў сьвеце. Еўропе, абцяжаранай тысячагадовай гісторыяй і класічна-музейнай спадчынай, ніяк не ўгнацца за юнай Амерыкай, “класіка” якой пачала стварацца ў 20-м стагоддзі. А тое, што гэты працэс не скончыўся, і што ў ім можа прыняць удзел любы чалавек любой нацыянальнасьці, дадае лішнія стымулы і перспектывы амерыканскай культуры”.

Брава, Спадар Аўраменка! Дзякуй Вам за шчырасць, паслядоўнасць і патрыятызм!

Многія працы парадавалі тым, што іх аўтары не толькі маюць сваё яркае светабачанне, але ўласны стыль у выкладанні думак, свой почырк. І галоўнае – сваю надзею. Як піша чатырнаццацігадовы Аляксандр Леўнікаў, які заняў другое месца, працалюбства, актыўнасць, адкрытасць, незалежнасць, упэўненасць, пачуццё асабістай свабоды, нязломныя вера і надзея – вось што радуе ў амерыканцаў і што варта пераймаць нам, беларусам.

Дарагі Аляксандр, дай Божа Вам захаваць аптымізм і чысціню Вашай душы на доўгія гады!

Трэцяе месца падзялілі Аляксандр Урбановіч , які здолеў убачыць у амерыканскай культуры культуру глабальную, і Вольга Кастрамінава, чыё эсэ з малюнкамі “Квартал у Чыкага: іншы сусвет культурнай супольнасці” прывабіла акцэнтацыяй увагі чытача на пытанні культурна-побытавага ландшафту навакольнай прасторы, захаванні культурнай разнастайнасці .

Пра змяненні ў сваім светапоглядзе пасля ўсяго аднаго канкрэтнага выпадку, які здарыўся з аўтарам у Злучаных Штатах, – прыкладзе сапраўднай чалавечай дабрыні, – расказаў у сваім эсэ "Прабачце за дождж" Аляксандр Сянюць, – з захапленнем да дзіўнай, нязвыклай, казачнай, прыцягальнай Амерыкі і яе культуры!

Прыемна ўзрушыла экспертаў і вершаванае эсэ “Некалькі культур Амерыкі” Віктара Ліцьвінава, які невялікімі штрыхамі, выключна арыгінальна і трапна акрэсліў амерыканскую культуру асяроддзя, вынаходніцтва, супольнага пражывання, якасці, язды на аўтамабілі, фермерскага земляробства, тэатру, жыцця, мастацтва ветру, гукаў, здароўя, суду, пітва, кіно, цяпла, хуткасці часу, прэзідэнцтва, пошты, нацыянальнага сцяга, энергіі, Божага Нараджэння, літаратуры.

Аляксандру Сянюцю і Віктару Ліцьвінаву Журы вырашыла прысудзіць Спецыяльныя прызы. Заахвочвальныя прызы – Алесі Ўнукоўскай за эсэ “Уплыў амерыканскай літаратуры на развіццё асобы чалавека” і за гатоўнасць перадаваць сваю любоў да амерыканскай літаратуры іншым людзям, і ў першую чаргу свайму маленькаму сыну; Леаніду Шуру за эсэ – скарочаны варыянт кнігі, напісанай па выніках паездкі ў ЗША ў межах праграмы “Развіццё прадпрымальніцтва”, асабліва ж за разуменне ролі дабрачыннасці, за ўменне бачыць добрае, за жаданне палепшыць сябе і свет; нашым маладым аўтарам Аляксандры Гуліцкай і Эрвіну Нетылеву, чыё імкненне зразумець амерыканскую культуру вартае таго, каб з ім можна было азнаёміцца чытачам нашай калектыўнай кнігі, якая выйдзе ў свет у пачатку чэрвеня 2012 г.

Сярод малюнкаў найцікавейшым аказаўся эстамп Уладзіміра Грамовіча “Усе Роўныя. Розныя”, дзе, дэманструючы сваё чыста прафесійнае майстэрства мастака, аўтар заклікае берагчы нацыянальна-культурную адметнасць і ўласную сутнасць. Сярод фатаздымкаў –“Першы крок да перамогі” (помнік Тадэвушу Касцюшку) у аўтарстве Яўгена Казанцава і “Каля помніка змагарам за свабоду і незалежнасць Беларусі” у аўтарстве Марыны Яўсейчык.

У працах удзельнікаў конкурсу сустракаюцца памылкі, але мы пакуль не маем права іх выпраўляць, зробім гэта падчас падрыхтоўкі да друку нашага калектыўнага зборніка, прысвечанага беларуска-амерыканскаму культурнаму дыялогу.

Дарагія сябры! Вялікі дзякуй Вам усім за неабыякавасць і творчасць!

Наша супрацоўніцтва працягнецца!

З вялікай павагай і зычэннямі дабра,

Старшыня Журы

Любоў Уладыкоўская

(+375-296-73-26-21).
Вы тут:Главная Вынікі конкурсу "Амерыканская культура: якая яна?" Зварот да ўдзельнікаў.