Марына Яўсейчык. Фотаздымкі "Сустрэча беларусаў Паўночнай Амерыкі"

Марына Яўсейчык 

 


 Гісторыя стварэння  фотаздымкаў.     

У 2010 годзе  ў  ЗША прайшла 29-я Сустрэча беларусаў Паўночнай Амерыкі, на якую была запрошана.Беларуска-Амерыканскі грамадскі цэнтр у Саўт-Рыверы, штат Нью-Джэрсі (США), гасцінна прыняў удзельнікаў 29-й Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі, якая доўжылася два дні – 4 і 5 верасня. Гэтая традыцыйная сустрэча ладзіцца раз на два гады ў ЗША альбо Канадзе. У мінулым годзе яе арганізатарамі з'яўляліся Беларуска-Амерыканскае Задзіночанне (БАЗА) і Беларуска-Амерыканскі грамадскі цэнтр у Саўт Рыверы. Беларусы сабраліся разам дзеля кансалідацыі сваёй грамады, абмеркавання надзённых праблемаў жыцця беларускай эміграцыі. Гэтыя Сустрэчы праводзяцца з верасня 1952 года.  Мерапрыемства 2010 года аб'яднала каля ста пяцідзесяці беларусаў.  На  фармальнай частцы прысутнічала амаль дзвесце  чалавек! У Саўт-Рывер з'ехаліся беларусы з розных штатаў ЗША: Каліфорніі, Мічыгана, Агайо, Пенсільваніі, Дэлавера, Мінесоты, Нью-Джэрсі, Нью-Ёрка, Вашынгтона – сталіцы ЗША, а таксама з канадскіх правінцый Квебек (Атава), Антарыо (Таронта), Брытанская Калумбія (Ванкувер).

У памяшканні грамадскага цэнтра былі разгорнуты гістарычна-інфармацыйныя стэнды, прысвечаныя 100-годдзю з дня нараджэння паэткі Ларысы Геніюш і 100-годдзю выдання Вацлавам Ластоўскім “Кароткай гісторыі Беларусі”. Тут жа была была арганізавана выстава мастацкіх твораў Івонкі Сурвіллы, Ірыны Варабей, фотаздымкаў Алекса Сільвановіча, Славіка Вініцкага ды іншых. Таксама госці мелі магчымасць пазнаёміцца з інфармацыйнай выставай Цэнтра Беларускіх Даследаванняў у Канзасе.  На двары прайшоў кірмаш, на якім можна было набыць кнігі, музычныя дыскі, сувеніры, партрэты, выкананыя маладой мастачкаю Ксеніяй Капытка. Гаспадары частавалі гасцей смажаным салам і кіяхамі. Добры настрой гасцям стварала  сям'я Дзямешчыкаў. Менавіта пад іх музыку і спевы праходзілі ўсе забаўкі. Увогуле, у першы дзень была неафіцыйная сяброўская сустрэча. Беларусы гуртам спявалі песні, ладзілі пікнікі, а  ўвечары балявалі  і танчылі да паўночы.

На наступны дзень адбылося афіцыйнае адкрыццё мерапрыемства. Першым мелі слова Старшыня Грамадскага Цэнтра Бобі Цупрык, які прачытаў прывітанні ад двух кангрэсменаў штата Нью-Джэрсі: Фрэнка Палонэ і Раша Холта, а таксама ад сенатара штата Нью-Джэрсі – Фрэнка Лоўтэнберга. Спадар Вячка Станкеівч зачытаў вітальнае слова ад губернатара Нью-Джэрсі – Крыса Крысці.

Фотаздымак 1: Мастачка Ксенія Капытка са сваімі работамі на кірмашы ў парку Беларуска-Амерыканскага грамадскага цэнтра ў Саўт-Рывэры пад час 29 Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі.

Фотаздымак 2: Маша Цяліца, Данілка і Паўлінка Падлескі каля помніка змагарам за свабоду і незалежнасць Беларусі (Беларуска-Амерыканскі грамадскі цэнтр у Саўт-Рывэры).

 Фотаздымак 3: Вячка Станкевіч, старшыня Галоўнай управы Беларуска-амэрыканскага задзіночаньня, гасцінна сустракае гасцей 29-й Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі. Вячка Станкевіч выехаў з Беларусі разам з бацькамі падчас II Сусветнай вайны. З 1949 году – у ЗША. Атрымаў ступень магістра па спецыяльнасьці “электрамэханіка”. Працаваў інжынэрам у карпарацыях “ITT” і “Western Union”, з 1988 – на Радыё Свабода. Да 1998 году быў дырэктарам Беларускай службы радыё. Выдавец квартальніка “Belarusian Review”, сталы аўтар газэты “Беларус”. Сябра Прэзыдыюму Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

Вы тут:Главная Конкурс Марына Яўсейчык. Фотаздымкі "Сустрэча беларусаў Паўночнай Амерыкі"