Уступ да кнігі Любові Уладыкоўскай "Адкрыццё маёй Амерыкі, або Навошта беларусам ЗША?"

Вельмішаноўнаму Сп. Майклу Скэнлану,
Часоваму Паверанаму ў справах ЗША ў Рэспубліцы Беларусь,
прысвячаецца

Адзінае, перад чым мы павінны адчуваць страх, -- гэта сам страх. Франклін Д. Рузвельт, 32-гі прэзідэнт ЗША

ПРАДМОВА

У мяне тры Радзімы.

Мая дарагая Бацькаўшчына -- Беларусь, Айчына, якая дала мне жыццё. Радзіма для душы. Польшча, якая мацуе маю чалавечую годнасць, каталіцкую веру, гістарычную памяць і эстэтычны густ. Радзіма для сэрца.

I яшчэ ёсць краіна, якую атаясамліваюць з найважнейшай каштоўнасцю -- Свабодай. Яна любіць і выхоўвае людзей моцных і ўпэўненых. Яна дае прытулак бедным і зняможаным. Яна падарыла мне надзею і перспектыву вольнага чалавечага духу, творчасці, веру ў перамогу справядлівасці, радасць і аптымізм. Радзіма для духу.

Я бясконца люблю гэтую краіну за высокія праявы гуманнасці і сапраўднай чалавечнасці, за настойлівы і мэтанакіраваны рух наперад, за адданасць Богу і гонар за Чалавека.

На маёй Бацькаўшчыне, у Беларусі, недаравальна мала ведаюць пра Злучаныя Штаты. Для многіх Аме-рыкі як бы і не існуе. Не толькі таму, што няма ўласнага досведу яе наведвання, мала ведаў, слабыя персанальныя і прафесійныя кантакты з амерыканскімі калегамі. Няма, відаць, Амерыканскай Мары -- нязломнай веры, што ўсё магчыма.

Амаль поўная адсутнасць у беларускіх крамах навуковай і пазнаваўчай літаратуры пра Амерыку, гутаркі з калегамі і знаёмымі, чый характар тэарэтычных ведаў пра гэтую магутную і геаграфічна далёкую краіну не зусім адпавядае рэаліям, урэшце, наша грамадская ініцыятыва па пытанні беларуска-амерыканскага культурнага дыялогу засведчылі пра пільную неабходнасць хаця б у асноўных рысах раскрыць пытанні гістарычнага станаўлення і сутнасці "амерыканскага феномену", хаця першапачаткова гэтая кніга задумва-лася толькі як выкладанне некаторых суб'ектыўных разваг на амерыканскую тэму. Надзвычай важна не толькі зразумець, як беларусы ўспрымаюць Амерыку, але і асэнсаваць шматлікія аспекты амерыканскага вопыту, якія могуць быць паўней і эфектыўней засвоеныя і выкарыстаныя ў Беларусі.

Сёння беларусам трэба ўсяляк падтрымліваць і мацаваць сваю славутую талерантнасць, якая з'яўляецца асновай міжкультурнага дыялогу, без чаго ў сучасным глабальным свеце цяжка ўявіць любое развіццё і хоць якую-кольвечы ступень канкурэнтаздольнасці. Важна зразумець, што мы, беларусы, мусім быць адкрытымі і ўспрымальнымі да ўсяго станоўчага і каструктыўнага, што ёсць у свеце. Заўсёды карысна будаваць масты, наладжваць дыялог, засвойваць і творча развіваць прагрэсіўныя ідэі і адкрыцці.

Для разумения адмысловага амерыканскага характару належыць паглядзець на Амерыку комплексна, шырока, у агульнанацыянальным плане. Безумоўна, у такім разе губляюцца многія дэталі і шмат што выглядае схематычным, але затое відаць цэласная карціна. Ды і ставіцца тут сціплая задача: толькі ў першым набліжэнні азнаёміць беларускага чытача з Амерыкай і паспрабаваць суаднесці яе з беларускім феноменам. Я палічыла неабходным даволі падрабязна спыніцца на тых момантах станаўлення амерыканскай нацыі, якія могуць быць ацэненыя як канцэптуальныя для амерыканцаў, а таксама важныя і карысныя для нас, для ўзмацнення беларускай суб'ектнасці -- сацыяльна-палітычнай, эканамічнай, культурнай і духоўнай. Не ўсюды ўдалося даць свае каментары і правесці паралелі: я наўмысна пакінула большую частку працы чытачам.

Краіна, якая за кароткі прамежак часу стала сусветным лідэрам, не можа не выклікаць цікавасці. Злучаныя Штаты Амерыкі задаюць тэмп і вектар развіцця ўсяму сучаснаму свету -- і не толькі эканомікай ці фінансамі, але этыкай, палітычным мысленнем, тэхналагічнымі прарывамі, сацыяльнымі праграмамі і культурай. Моц "нацыі багатыроў і вольных грамадзян" -- не ў эканамічным ці ваенным дыктаце, а ў канкурэнтным грамадстве, дзе талент мае магчымасць рэалізавацца і прыносіць перамогу ўсёй нацыі.

Гаворачы пра ЗША, я часта ўжываю тэрмін "Амерыка" -- гэтак робяць і самі амерыканцы.

На свеце ёсць маладая і жыццяздольная, магутная і перспектыўная, унікальная і ўніверсальная краіна -- Злучаныя Штаты Амерыкі.

Давайце ж разам яе адкрываць! Яна такая неабдымная і розная, што ў кожнага можа быць свая.

Бо ўсе мы нараджаемся свабоднымі.

Любоў Уладыкоўская

Вы тут:Главная Уступ да кнігі Любові Уладыкоўскай "Адкрыццё маёй Амерыкі, або Навошта беларусам ЗША?"