Заходні край Еўропы: Партугалія

На мінулым тыдні мы наведалі Партугалію. Муж выступаў з дакладам на Міжнароднай канферэнцыі па біяінфарматыцы і біямедыцынскіх тэхналогіях (Лісабон, 14-16 мая), а мае мэты датычылі міжкультурнай камунікацыі і дыялогу. Надзвычай цікава было прааналізаваць, якім чынам нацыянальныя традыцыі паўплывалі на тэмы прэзентацый і навуковыя падыходы, тым больш, што на канферэнцыі ўдзельнічалі прадстаўнікі такіх розных краін: Партугаліі, Кітая, ЗША, Даніі, Германіі, Фінляндыі, Польшчы, Індыі, Ірана, Іарданіі, Румыніі, Беларусі, Перу, Японіі, Грэцыі, Францыі, Малайзіі і Егіпта. Глабалізацыя і ўніверсальны характар навукі ў асноўным сціраюць культурныя і ментальныя адрозненні, але, на шчасце, даюць новыя магчымасці, як, напрыклад, каштоўнасць разнастайнасці. Я маю на ўвазе разнастайнасць у культурным аспекце, а не ва ўзроўні жыцця ці агульных каштоўнасцях, як правы чалавека і інш.

Партугалія спадабалася. Мы былі прыемна здзіўленыя адносна нізкімі коштамі і якасцю прадуктаў харчавання. Партугальцы гасцінныя, прыязныя і ветлівыя. Яны апранаюцца сціпла і даволі строга: Партугалія -- каталіцкі край, апроч таго, адчуваецца даволі моцны ўплыў іслама. Гэтая невялікая краіна размешчана на заходняй ускраіне Еўропы і вядзе пастаянны дыялог з неабсяжнай Атлантыкай. Акіян дае ўнікальную магчымасць забыцца пра ўсе непрыемнасці і наладзіць кантакт з Абсалютам. Серфінг быў занадта рызыкоўны для нас, таму мы проста назіралі за практыкаваннямі адважных людзей. Думаецца, мужныя характары фарміруюцца менавіта тут!

Гл.: фоты
                           
Любоў Уладыкоўская

Беларуска-амерыканскі погляд на міжкультурны дыялог

Артыкул па пытаннях міжкультурнага дыялогу аўтарства праф. Сьезэн дэ Франс (ЗША) і праф. Любові Уладыкоўскай (Беларусь) апублікаваны ў Кіеве (Украіна). Інтэрнэт-версію глядзіце на с. 20 тут.

Часопіс зарэгістраваны ў EBSCO, DOAJROAD, OpenAcademicjournalIndex, CiteFactor, PolichScholaryBibliography, GoogleScholar, JournalsImpactFactor, BASE, InnoSpace, ScientificIndexingServices, InternationalImpactFactorServices, ResearchBible.

Вучэбны курс па міжкультурным дыялогу – упершыню ў Беларусі

Упершыню ў Беларусі распрацаваны арыгінальны вучэбны курс па пытаннях сучаснага разумення міжкультурнага дыялогу – у ангельскамоўнай і беларускамоўнай версіях (ініцыятар і аўтар – Любоў Уладыкоўская). Курс ахоплівае еўрапейскія і амерыканскія падыходы да тэорыі і практыкі міжкультурнага дыялогу ў іх параўнанні, а таксама беларускі канцэпт міжкультурнага дыялогу.
Курс “Міжкультурны дыялог” прайшоў паспяховую апрабацыю цягам 2016 г. у Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы.

Уладыкоўская, Л.М. Духоўнасць грамадства і глабалізацыя: як трансфармуецца беларуская нацыянальная культура?/Л.М. Уладыкоўская. – Мінск, РІВШ, 2017. – 288 с.

Выйшла ў свет кніга Любові Уладыкоўскай, прысвечаная праблеме духоўнасці, яе ролі ў развіцці беларускай нацыянальнай культуры,  шматстайнаму ўплыву глабальных працэсаў на сацыякультурную трансфармацыю сучаснага беларускага грамадства.
Навуковымі рэцэнзентамі кнігі выступілі Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, прафесар,  кандыдат філасофскіх навук, доктар культуралогіі У.П. Скараходаў і лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, прафесар, доктар культуралогіі І.В. Марозаў.

Падрабязней...

Што новага ў міжкультурным дыялогу?

Даследчыкі з Беларусі, Польшчы, Літвы, Венгрыі, Германіі, Чэхіі, Ізраіля абмеркавалі нацыянальныя і геапалітычныя аспекты міжкультурнага дыялогу падчас Шостага Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі (Коўна, 07-09 кастрычніка) і прыйшлі да наступных высноў:

1. Міжкультурны дыялог – аптымальная альтэрнатыва мультыкультуралізму і культурнай асіміляцыі.
2. Важная частка сучаснага міжкультурнага дыялогу – дыялог міжрэлігійны.
3. Беларускія філосафы Мікалай Крукоўскі і Уладзімір Конан яшчэ ў самым пачатку стагоддзя прадбачылі сучасны еўрапейскі крызіс і заклікалі да захавання ўласных культурных каштоўнасцяў і развіцця беларускіх нацыянальна-культурных традыцый.
4. Міжкультурны дыялог адыгрывае надзвычай важную ролю ў нацыябудаванні і дэмакратызацыі, яго належыць шырэй вывучаць і развіваць у Беларусі.

Падрабязней...

“Міжкультурны дыялог: беларускія акцэнты”

04 ліпеня, у панядзелак, у Чырвоным Касцёле г. Мінска для слухачоў Міжнароднай летняй школы беларусістыкі – прадстаўнікоў Японіі, Індыі, Польшчы, Венгрыі, Латвіі, Германіі, Чэхіі, Аўстраліі, Вялікабрытаніі, Партугаліі, Канады, Аўстрыі, Швейцарыі, Кітая, Расіі, Украіны, Літвы і іншых краін – Любоў Уладыкоўская правядзе майстар-клас “Міжкультурны дыялог: беларускія акцэнты”.
У межах сустрэчы адбудзецца сябрына “Дакрануцца да святыні”, знаёмства з Касцёлам, арганны канцэрт.

Ахвотных запрашаем далучацца.
Пачатак – а 16-ай.

Сустрэча ў Амбасадзе Францыі

27 чэрвеня адбылася сустрэча прадстаўнікоў установы “Міжкультурны дыялог” Л. Уладыкоўскай і А. Астапенкі з Першым дарадцам Амбасады Францыі ў Рэспубліцы Беларусь Эльзай Піньоль і Аташэ па ўніверсітэцкім супрацоўніцтве Ксавье ле Тарывелекам.

Падрабязней...

VI Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі

Запрашаем узяць удзел у працы секцыі "Міжкультурны дыялог" падчас VI Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі (Коўна, 7-9 кастрычніка 2016 г.). На паседжанні секцыі плануецца абмеркаванне наступных пытанняў:
Ці апраўдвае міжкультурны дыялог ускладзеныя на яго надзеі быць альтэрнатыўнай мадэллю асіміляцыі і мультыкультуралізму? Ці можа паспрыяць пераадоленню еўрапейскага крызісу (крызіс еўразоны, тэрарыстычныя атакі, праблема бежанцаў, вайна ва Украіне)? Як суадносіцца міжкультурны дыялог з канфліктам каштоўнасцей, адаптацыяй і інтэграцыяй, з канцэпцыяй салідарнасці, закладзенай у Лісабонскай дамове Еўрапейскага звязу? Ці адпавядае сучаснай ідэалогіі нацыяналізму еўрапейскіх і посткаланіяльных нацый? Ці будуе міжкультурны дыялог нацыянальную і еўрапейскую ідэнтычнасць і якую ролю адыгрывае ў сучасным беларускім нацыябудаванні?

Апошні тэрмін рэгістрацыі -- 20 мая 2016 г.

Візіт у Барселону

Пытанні сучасных нацыяналізмаў і формы супрацоўніцтва ў сферы міжкультурнага дыялогу абмяркоўваліся прадстаўнікамі ўстановы “Міжкультурны дыялог” з каталонскімі партнёрамі ў Барселоне 25 – 30 красавіка 2016 г.

На здымках: краявіды і архітэктура Барселоны.

Прыём з нагоды 67-га Дня Рэспублікі Індыя

01 лютага Амбасада Індыі ў Рэспубліцы Беларусь зладзіла прыём з нагоды 67-га Дня Рэспублікі Індыя. На прыёме прысутнічала Генеральны дырэктар установы “Міжкультурны дыялог” Любоў Уладыкоўская.
Візіт Прэзідэнта Індыі Пранаба Мукерджы ў Рэспубліку Беларусь 3-4 чэрвеня 2015 г. даў дадатковы імпульс развіццю беларуска-індыйскіх стасункаў, у тым ліку ў сацыякультурнай сферы.
Вы тут:Главная