Сустрэча з Намеснікам памочніка Дзяржсакратара па пытаннях Еўропы і Еўразіі Сп. Брыджыт Брынк

04 лістапада ў Амбасадзе Злучаных Штатаў Амерыкі ў Мінску адбылася сустрэча Намесніка памочніка Дзяржсакратара па пытаннях Еўропы і Еўразіі Сп. Брыджыт Брынк з прадстаўнікамі навукі, культуры, адукацыі і спорту Беларусі. У сустрэчы ўзялі ўдзел Часовы Павераны ў справах Злучаных Штатаў Амерыкі ў Беларусі Сп. Скот Роланд, прадстаўнікі Амбасады.

Восем беларускіх удзельнікаў разнастайных Праграм абмену падзяліліся ўласным вопытам прафесійнай дзейнасці.

Любоў Уладыкоўская, якая прадстаўляла Праграму Фулбрайта, звярнула ўвагу на неабходнасць пашырэння аб’ектыўных, пазітыўных ведаў пра ЗША у Беларусі, што патрабуе як асветніцкай працы (найперш публікацый у беларускіх мас-медыя і напісання папулярных кніг пра Амерыку), так і развіцця амерыканістыкі, што варта было б пачаць, напрыклад, з правядзення Форуму амерыканскіх даследчыкаў у Беларусі, падчас якога маглі б быць абмеркаваны надзённыя пытанні амерыканістыкі.

З іншага боку, як заўважыла Любоў Уладыкоўская, неабходна падтрымліваць людзей і арганізацыі, якія карыстаюцца нацыянальнай (беларускай) мовай і вядуць сваю дзейнасць на ёй. Мова па-ранейшаму застаецца далёка не толькі сродкам камунікацыі, але важнейшым сродкам і ўмовай захавання беларускай нацыі, яе суб’ектнасці і суверэннасці, незалежнасці беларускай дзяржавы.