Навука шчасця ад Георгія Лахоўскага

 Любоў Уладыкоўская, Валеры Шалатонін 

Навука шчасця ад Георгія Лахоўскага

 

Сусветна вядомы вучоны і вынаходнік, які нарадзіўся непадалёк ад Мінска, лічыў: каб пражыць доўга, трэба верыць у неўміручасць
 

Георгій Лахоўскі
Георгій Лахоўскі 

Месца нараджэння: Вілейка ці Ілля

Наша Бацькаўшчына ва ўсе часы шчодра дзялілася талентамі і з суседнімі, і з больш далёкімі краінамі. І там яны раскрываліся. Вось мы і хочам вярнуць менавіта Беларусі яшчэ адно такое імя. Бо, наколькі нам вядома, ні ў навуковай літаратуры, ні ў беларускіх мас-медыя не ўзгадваецца, што Георгій Лахоўскі (1870—1942) — наш суайчыннік. А замежныя спецыялісты добра ведаюць, як шмат зрабіў ён, шукаючы сродкі, каб вылечваць анкалагічныя ды іншыя захворванні. У замежных энцыклапедыях, іншых крыніцах гаворыцца пра Георгія Лахоўскага як “рускага” сусветна вядомага вучонага, вынаходніка, механіка, радыёінжынера, лекара, фі­ло­сафа. І тыя ж крыніцы сцвяр­джаюць: ён нарадзіўся недалёка ад Мінска! 

Уклад яго ў навуку, медыцынскую практыку цяжка пераацаніць. А шматчастотныя генератары, распрацаваныя нашым суайчыннікам, і цяпер вырабляюцца ў Галандыі, Швейцарыі, выка­рыстоўваюцца ў навуковых лабараторыях і медустановах многіх краін. І кнігі вучонага нават цяпер карыстаюцца папулярнасцю ў колах замежных спецыялістаў. Так, у 2010-м на англiйскай мове перавыдадзена кніга Георгія Лахоўскага “Тайна жыцця”. Больш за тое: у 1983-м у Парыжы адзін вучоны абараніў дысертацыю па медыцыне, прысвечаную навуковай дзейнасці нашага земляка. Таму мы ўпэўнены: выхад кніг вучонага-вынаходніка на беларускай мове будзе значным укладам у нашу навуковую, культурную, гістарычную і грамадскую скарбніцу. 

Што ўдалося ўстанавіць? Што Георгій Лахоўскі на­радзіўся 17 верасня 1869 года ў Вілейцы (альбо ў мястэчку Iлля, цяпер на Вілейшчыне) Мінскай губерні. Бацька яго быў чалавекам адукаваным, працаваў адвакатам і выкладчыкам усходніх моў. З маленства Георгій выявіў вынаходніцкі талент: у 6 гадоў сканструяваў вадзяны млын. З 12-ці хлопчык вучыцца ў Мінску, а ў 18 гадоў паступае ў Адэскую Школу мастацтваў і рамёстваў: там, на наш погляд, можна пашукаць дадатковыя звесткі пра яго. Як і ў Парыжы, бо ў снежні 1894-га малады чалавек едзе туды, становіцца студэнтам Сарбоны. Вывучаў фізіку і адначасова − анатомію і фізіялогію чалавека на медфакультэце Парыжскага ўніверсітэта. 

Энергіі добрыя і ліхія

У 1905-м Георгій узяў шлюб з парыжанкай, у іх было трое дзяцей: П’ер (1907), Мары (1909), Серж (1913). Праз два гады Лахоўскі атрымаў французкае грамадзянства. Пра тое, наколькі напружанай была ягоная даследчыцкая праца, сведчаць кнігі суайчынніка. Першая выйшла ў 1925-м у Парыжы: “Паходжанне жыцця, выпраменьванне жывых істот”. Спонсар выдання  і аўтар прадмовы — вядомы фізіятэрапеўт Арсен Дарсанваль. У 1929-м выходзіць найбольш вядомая кніга Георгія Лахоўскага “Тайна жыцця”, перакладзеная пазней з французкай на іншыя мовы. 

Вучоны-вынаходнік выкладае арыгінальныя падыходы да фундаментальных праблем жыцця. Ён лічыць, і пазней пацвярджае тое эксперыментальна, што ўсе жывыя клеткі валодаюць вагальнай структурай з пэўнай рэзананснай частатой. Такім чынам, кожная клетка — і крыніца, і адначасова прыёмнік выпраменьванняў. Знешнія нябачныя “добрыя” энергіі, што гарманізуюць клеткі і арганізмы, — гэта, на думку аўтара, выпраменьванні зямныя, атмасферныя і касмічныя. Жывучы ў электрамагнітным полі, якое мае шырокі спектр частот, кожная клетка асімілюе знешнюю энергію той частаты, якая ёй патрэбная, пры тым таксічнае, “ліхое” выпраменьванне бактэрый ці вірусаў падаўляецца. Гэтая ды іншыя ідэі сталі асновай для стварэння вучоным новага метаду  і спецыяльнага генератара (Multiple Wave Oscillator, 1931г.), прызначанага для лячэння ў тым ліку і анкахвароб. 

Па ўсёй бачнасці, вучоны здолеў выкарыстаць прыхаваны досвед розных народаў. Як вядома, амулеты і бранзалеты, жаночыя каралі раней надзяляліся звышна­туральнымі сіламі. Яны ж, вырабленыя ў адпаведнасці з ідэямі Лахоўскага — звычайна медныя і абавязкова незамкнёнага контуру — умацоўваюць імунную сістэму, паляпшаюць сон, павялічваюць здольнасць да канцэнтрацыі ўвагі і энергію чалавека. І нават, сведчаць доследы нашых дзён, абараняюць ад шкоднага ўздзеяння мабільных тэлефонаў. 

Трэба верыць у неўміручасць

Што з ідэй земляка для нас асабліва істотнае? Лахоўскі быў перакананы: каб захаваць здароўе, трэба прытрымлівацца пэўных правілаў. Першае: верыць у магчымасць дажыць да глыбокай старасці. Другое: пазбягаць гневу, злосці, зайздрасці, рэўнасці, раздражнення і, наадварот, развіваць у сабе добрыя пачуцці і добры настрой, што неабходна для падтрымання як маральнай, так і фізічнай раўнавагі. Трэцяе: не варта баяцца смерці, трэба верыць у неўміручасць. Страх смерці скарачае жыццё. Пры невыкананні гэтых умоў і з іншых прычын — нездаровае харчаванне, атручванне, стрэсы, прысутнасць вялікай колькасці бактэрый ці вірусаў… — клеткі пачынаюць хварэць: пэўныя клетачныя структуры блакуюцца, гэта значыць перастаюць успрымаць знешнюю “добрую”, лячэбную энергію на прыдатнай частаце. 

Георгій Лахоўскі, вядома ж, хацеў пацвердзіць свае высновы на практыцы. Ён атрымаў дазвол ад кіраўніцтва некалькіх парыжскіх бальніц, каб удзельнічаць у лячэнні анкахворых — і дабіўся значных поспехаў. Стан хворых паляпшаецца, некаторыя цалкам выздараўліваюць. На пытанне аднаго з сяброў, чаму не бярэ плату за лячэнне, Лахоўскі адказвае: “Усё жыццё і ўсе свае грошы я аддаў на тое, каб змагацца з ракам… Няма нічога лепшага, як бачыць сваіх колішніх пацыентаў здаровымі і моцнымі, чытаць у іх вачах глыбокую ўдзячнасць. Гэта для мяне больш каштоўнае, чым усе багацці і шанаванні гэтага свету”. 

Жыццё і смерць на вагах Вечнасці

Свае погляды на прычыны і метады лячэння анкалогіі Лахоўскі раскрывае ў кнігах “Уклад у этыялогію раку” (1927) і “Утварэнне пухлін і парушэнне раўнавагі клетачных выпраменьванняў” (1932). На пачатку 30-х выходзяць кнігі “Навука шчасця”, “Вечнасць, жыццё і смерць”, “Зямля і мы”, “Матэрыя”. Даследаванні вучонага прэзентуюцца ў Парыжскай Акадэміі Навук, Лонданскім Каралеўскім Таварыстве, Хімічным Таварыстве Берліна, у Акадэміі Навук Партугаліі… А тым часам “энергіі ліха”, кажучы ў плыні поглядаў даследчыка, усё больш згушчаюцца ў свеце: набліжаецца Другая сусветная вайна. Францыю займаюць фашысты, і антырасісцкія погляды Георгія Лахоўскага, выкладзеныя ў кнігах “Расізм”, “Цывілізацыя і расісцкае вар’яцтва”, увайшлі ў вялікую супярэчнасць з ідэалогіяй новай улады. У 1941-м Лахоўскі вымушаны быў эміграваць у ЗША, у Брукліне яго сустракае і дапамагае ўладкавацца на працу доктар Дызраэлі Кобак. Некалькі шпіталяў Нью-Ёрка згадзіліся пратэсціраваць апарат, створаны вучоным, і вынікі выкарыстання яго ўражваюць. Але, магчыма, супрацьстаяць той нябачнай пагрозе, што навісла над ім, нішто ўжо не магло. Усе планы і само развіццё новага метаду лячэння ў Амерыцы абрываюцца трагічнай смерцю вучонага: у Нью-Ёрку яго збівае лімузін, і 31 жніўня 1942 года ў шпіталі Адэльфі ў Брукліне вучоны развітваецца з гэтым светам. Яму было 73 гады, ён пакідае жонку і бліжэйшага саратніка — сына Сержа, які і працягнуў працу разам з доктарам Кобакам. 

Шматчастотны генератар Георгія Лахоўскага зручны ў карыстанні
Шматчастотны генератар Георгія Лахоўскага зручны ў карыстанні 

Генератары здароўя

У студзені 45-га у Нью-Ёрку быў заснаваны Інстытут шматчастотных хваляў імя Георгія Лахоўскага, старшынёй яго становіцца Дызраэлі Кобак, сакратаром — сын вучонага Серж Лахоўскі (1913—2003). Дзякуючы іх намаганням сотні генератараў шматчастотных хваляў выкарыстоўваюцца лекарамі, ветэрынарамі, хірургамі практычна па ўсім свеце. У 2011-м яшчэ раз эксперыментальна пацверджаны многія высновы Георгія Лахоўскага пра здольнасць электрамагнітных палёў пэўных частот стабілізаваць і змяншаць ракавыя пухліны. Гэта зрабіла, у прыватнасці, даследчая група пад кіраўніцтвам Барыса Пашэ з універсітэта Алабамы ў ЗША, які піша, што  “гэта адкрывае новы шлях да кантролю росту пухліны і можа мець шырокае ўжыванне для лячэння раку”. 

Да ідэй Г. Лахоўскага з увагай ставяцца і ў Беларусі. Варта па драбніцах сабраць усё, што магчыма, пра жыццё і дзейнасць земляка. Спадзяемся, да працы падключацца і суайчыннікі з розных краін. З часам, упэўнены, прыйдуць да беларускага чытача цікавыя кнігі вучонага і вынаходніка, а яго імя, памяць будуць належным чынам ушанаваныя. 

 
 

Перадрукавана з “Голас Радзімы. Газета з Беларусі”. №43(3403), 13 лістапада, 2014 г.